Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хвалявацца ня трэба»: Мінпрыроды анансавала тэндэр на будоўлю заводу па спальваньні сьмецьця ў Менску


Намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Корбут падтрымаў будаўніцтва ў Менску заводу для спальваньня сьмецьця.

Адказваючы на пытаньне пра стаўленьне да будаўніцтва ў Менску прадпрыемства па спальваньні сьмецьця, Аляксандр Корбут сказаў:

«З экалягічнага пункту гледжаньня мы гэтую ініцыятыву падтрымліваем».

Паводле чыноўніка, цяпер усясьветны ўзровень здабываньня другасных матэрыяльных рэсурсаў з адыходаў складае ня болей за 25%. У Беларусі гэты паказьнік роўны 19%.

«Таму трэба будаваць завод, які будзе адпавядаць усім экалягічным патрабаваньням. Такія заводы ёсьць у Эўразьвязе, і там ніякага паху ад іх няма. Проста трэба выбраць тэхналёгію, якая будзе адпавядаць усясьветным стандартам», — сказаў намесьнік міністра.

Пляцоўка пад будаўніцтва заводу для спальваньня сьмецьця будзе разьмешчаная ў раёне палігону цьвёрдых камунальных адходаў «Трасьцянецкі». Корбут сказаў, што тэндэр для будаўнікоў новага прадпрыемства пройдзе ў бліжэйшыя паўтара-два месяцы.

Першы ў Беларусі такі завод зможа перапрацоўваць 500 тысяч тон сьмецьця ў год і вырабляць цеплавую і электрычную энэргію.

У праект будаўніцтва гэтага заводу інвэстар павінен будзе ўкласьці каля 300 мільёнаў эўра.

Узьвядзеньне заводу для спальваньня сьмецьця крытыкуюць эколягі. Яны адзначаюць, што пры ўтылізацыі 100 тон сьмецьця застаецца каля 25 тон попелу, які ўсё роўна трэба недзе пахаваць. Хвалюе іх і тое, што ў выніку спальваньня сьмецьця ў паветра трапляе шмат небясьпечных рэчываў, якія могуць нанесьці шкоду і чалавеку, і прыродзе.

Дачнікі будуць па-новаму плаціць за вываз сьмецьця

У аснову аплаты пакладуць не аб’ём, а вагу адкідаў. Перайсьці на новую сыстэму зьбіраюцца ўжо ў 2019 годзе. Пра гэта таксама сказаў намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Корбут.

«Цяпер камунальнікаў, якія займаюцца вывазам сьмецьця, не цікавіць, што, напрыклад, адзін кантэйнэр запоўнены напалову, а другі — на траціну. Бо садаводы плацяць за колькасьць вывезеных кантэйнэраў, незалежна ад іх рэальнай запаўняльнасьці. А зь пераходам на аплату за вагу становішча прынцыпова зьменіцца», — патлумачыў чыноўнік.

Аляксандар Корбут дадаў, што пакуль камунальнікі падпісваюць дамовы на вываз сьмецьця з кіраўніцтвам садовых таварыстваў, а ў пэрспэктыве падобныя дакумэнты падпішуць з уладальнікам кожнага лецішча.

Усталяваньне кантэйнэраў у садаводзтвах паказала, што пасьля гэтага сьмецьця пад платамі, у лясах і на схілах рэк стала істотна меней, падкрэсьліў Аляксандар Корбут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG