Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб пакупнікі вярталі скарыстаную тару, патрэбна 100 мільёнаў эўра


У Беларусі вяртаецца на перапрацоўку толькі 38% прададзенай тары. У Нямеччыне гэты паказьнік дасягае 98,5%, у Літве — 93%. Такія лічбы прывялі 31 студзеня ўдзельнікі «круглага стала» ў Палаце прадстаўнікоў, прысьвечанага ўвядзеньню сыстэмы збору спажывецкай тары і ўпаковак у Беларусі.

Такое адставаньне супрацоўнік дзяржаўнай установы «Апэратар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Анатоль Шагун патлумачыў адсутнасьцю ў Беларусі дэпазытна-закладнай сыстэмы. А яна, паводле адмыслоўца, неабходная, бо інакш сытуацыю кардынальна не зьмяніць. Таму ўжо рыхтуецца адпаведны праект прэзыдэнцкага ўказу.

Прапануецца да кошту напою дадаваць суму закладу. Прычым яна будзе асобна выдзелена на бутэльцы, каб пакупнік разумеў, што ён можа вярнуць гэтыя грошы. Пасьля выкарыстаньня пакупнік можа ўкінуць пустую тару ў спэцыяльны аўтамат з трыма адтулінамі: для шкляных бутэлек, алюмініевых бляшанак і плястыку (ПЭТ-бутэлькі).

На чым трымаецца літоўскі прыклад?

Саўліс Галадаўскас, старшыня праўленьня дэпазытнай сыстэмы Літвы, распавёў пра тое, як прыжывалася дэпазытна-закладная сыстэма ў ягонай краіне. Ён лічыць, што на посьпех навацыі найперш паўплывала яе зручнасьць для пакупнікоў. Тараматы, як называюць аўтаматы для прыёму скарыстанага посуду, счытваюць штрых-код і адразу вяртаюць грошы. Кошт здадзенай адзінкі — 10 эўрацэнтаў. Прымаюцца ёмістасьці ад 100 грамаў да трох літраў.

Спадар Галадаўскас падкрэсьліў, што ў Літве спачатку дэбатавалі — прыжывецца дэпазытна-закладная сыстэма ці не:

«Усё вырашыла палітычная воля. Менш як за год дэпутаты Сэйму падрыхтавалі адпаведны закон. І справа пайшла. За тры першыя гады людзі здалі 1,5 мільярда штук упаковак. Агульная вага тары склала 56 тысяч тон».

Сыстэма падабаецца ня ўсім

Дыскусія паказала, што ў новай сыстэмы, акрамя прыхільнікаў, ёсьць і нядобразычліўцы. Асабліва ў сыстэме гандлю. Маўляў, шмат у якіх крамах няма дадатковых плошчаў, каб ставіць аўтаматы і кантэйнэры, куды пасьля выкідаецца тара. На гэта Саўліс Галадаўскас адказаў: «Мы такія прыгожыя сучасныя кантэйнэры зрабілі, што яны выглядаюць лепей за некаторыя крамы. І таму іх вельмі ахвотна набываюць».

Прагучала пярэчаньне, што для мадэрнізацыі касавых апаратаў у беларускіх крамах, каб прапісваць у чэках суму закладу, трэба як найменей год. Літоўскі госьць сказаў на гэта:

«У Вільні дагэтуль на сьвятлафорах не высьвечваецца час, які даецца для перасячэньня вуліцы. А ў Менску, я бачыў на ўласныя вочы, такі адлік амаль на кожным пераходзе. І пасьля гэтага вам ня сорамна казаць, што трэба ажно год на касавыя апараты?!»

Патрэбна 100 мільёнаў эўра

Паводле Анатоля Шагуна, ужо падпісаны пратакол аб намерах зь першым патэнцыйным інвэстарам дэпазытна-закладнай сыстэмы. Знайшлі ўжо і другога.

Папярэднія разьлікі паказваюць, што для стварэньня сыстэмы неабходна 100 мільёнаў эўра. 60 мільёнаў пойдуць на набыцьцё тэхнікі (тараматы, прыёмныя пункты), сыстэму пераліку тары. 40 мільёнаў — абаротныя сродкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG