Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта на пляцоўках для адыходаў у Менску паставяць дадатковыя шыльды


Cьмецьцеперапрацоўчы завод у Менску
Cьмецьцеперапрацоўчы завод у Менску

Усе кантэйнэрныя пляцоўкі для збору адыходаў у Менску абсталююць шыльдамі з падрабязнай інфармацыяй пра разьдзельны збор сьмецьця.

Пра гэта паведаміла галоўны спэцыяліст «Апэратара другасных матэрыяльных рэсурсаў» Ніна Кульбеда.

На яе думку, разьдзельнаму збору перашкаджаюць дзьве галоўныя рэчы.

  1. Насельніцтва матэрыяльна не стымулюецца на асобны збор адыходаў шкла, паперы і плястыку.
  2. Інфраструктура для паасобнага збору адыходаў разьвітая недастаткова. Шмат дзе яна нязручная для жыхароў, шмат на якіх кантэйнэрных пляцоўках няма поўнага камплекту бакаў.

Пакуль у Менску перапрацоўваюць меней за чвэрць усіх адыходаў

Летась у сталіцы перапрацавалі 23,3% усіх адыходаў. Сёлета зьявяцца новыя лініі для перапрацоўкі 165 тысяч тон. Агулам у Менску штогод зьбіраецца болей за 800 тысяч тон адыходаў.

Намесьніца генэральнага дырэктара «Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадаркі» Валянціна Баркоўская лічыць, што новае абсталяваньне дазволіць цягам году-двух выйсьці на 30% выманьня і паўторнага выкарыстаньня цьвёрдых камунальных адыходаў.

У эўрапейскіх краінах у гэтым кірунку пайшлі значна далей. Так, у Нямеччыне летась перапрацоўвалі 64% усіх адыходаў.

У жніўні 2017 году ўрад Беларусі зацьвердзіў Нацыянальную стратэгію па абыходжаньні зь цьвёрдымі камунальнымі адыходамі да 2035 году. Мяркуецца, што на душу насельніцтва будзе прыпадаць 320–380 кіляграмаў адыходаў, штогадовыя аб’ёмы іх утварэньня ацэньваюцца ў межах ад 3,5 да 4 мільёнаў тон.

Аляксандар Лукашэнка 25 студзеня загадаў сваёй адміністрацыі ўзяць на «жорсткі кантроль» пытаньні перапрацоўкі адыходаў: макулятуры, мэталічных вырабаў і плястыку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG