Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пляваць на бясьпеку — абы правучыць жанчыну


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аднойчы мая знаёмая пасварылася з мужам і вырашыла пайсьці «праветрыцца», але перад сыходам папрасіла яго пакарміць дзіця сумесьсю. Бацька рабіць гэтага відавочна не ўмеў, інструкцыю вырашыў праігнараваць і ў выніку ледзь ня даў малому кіпень, а калі яго спыніў сябра, пачаў крычаць, што ня ведае, як абыходзіцца з дзіцём, бо гэта «бабская справа».

Сьцісла

  • Калі бацька ня можа мінімальна паклапаціцца пра дзіця, бо лічыць гэта жаночай справай, гэта небясьпечна.
  • Калі ў мужчыны здараецца прыступ агрэсіі, бо яго на дарозе не прапусьціла жанчына, гэта таксама небясьпечна.
  • І кіроўца, які ўчыніў ДТЗ, будзе расказваць, што ва ўсім вінавата жанчына, што яна яго справакавала і ўвогуле не ўмее кіраваць машынай.

Ёсьць такое меркаваньне, што гендэрныя стэрэатыпы не наносяць рэальнай, аб’ектыўнай шкоды. Нібыта спрэчкі на гэтай глебе — тэарэтычныя разважаньні, сутыкненьне двух сьветапоглядаў, але аніякай небясьпекі гендэрная перадузятасьць не нясе, так і ставіцца да яе сур’ёзна ня варта. Толькі рэальнасьць падказвае, што гэта зусім ня так — наступствы бываюць вельмі нават сур’ёзныя.

Калі бацька ня можа мінімальна паклапаціцца пра дзіця, бо лічыць гэта жаночай справай, гэта небясьпечна: не было б тады дасьведчанага сябра побач з маім разьюшаным знаёмым, дзіця атрымала б апёк. Калі ў мужчыны здараецца прыступ агрэсіі, бо яго на дарозе не прапусьціла жанчына, гэта таксама небясьпечна. Вось, напрыклад, пад Добрушам такі мужчына-кіроўца ўчыніў масавае ДТЗ, бо вырашыў правучыць жанчыну.

Гэта ўсё дужа нагадвае мне выраз «назло маці вушы адмарожу». Гендэрныя стэрэатыпы часта разыходзяцца з рэальнасьцю, а людзі, якія імі кіруюцца, дадаюць у сваё жыцьцё і жыцьці навакольных дадатковыя рызыкі, але ж не спыняюцца, бо па нейкай прычыне адстойваць стэрэатыпы ім важней, чым паклапаціцца пра сябе і/ці навакольных. І было б паўбяды, калі б яны гэтым шкодзілі толькі сабе! Зрэшты, са сваімі ўласнымі жыцьцямі мы ўсе маем права рабіць, што захочам. Але яны ж рызыкуюць іншымі людзьмі.

Кіравацца стэрэатыпамі могуць і мужчыны, і жанчыны, але праз сутнасьць саміх стэрэатыпаў наступствы такіх дзеяньняў дужа адрозьніваюцца. Дзяўчынак з дзяцінства вучаць быць клапатлівымі і мяккімі, а хлопчыкаў заклікаюць быць сьмелымі і дзёрзкімі, іх вучаць дабівацца свайго. Часам гэтае навучаньне прыводзіць да таго, што з хлопчыкаў вырастаюць мужчыны, гатовыя дабівацца свайго любой цаной і зусім не гатовыя думаць пра навакольных. Асабліва калі адной з гэтых навакольных стала жанчына, якая парушыла ненапісанае правіла і «палезла ў мужчынскую сфэру».

Ну і што, што на дарозе шмат іншых машын, у кожнай зь якіх знаходзяцца людзі? Яму не спадабаліся паводзіны жанчыны, і ён мусіць тэрмінова адпомсьціць. На шчасьце, пад Добрушам ніхто не загінуў, але ж пашкоджаныя аказаліся чатыры машыны, адна зь якіх увогуле згарэла.

І той кіроўца, які ўчыніў ДТЗ, я ўпэўнена, будзе расказваць усім знаёмым, што ва ўсім вінавата жанчына, што яна яго справакавала і ўвогуле не ўмее кіраваць машынай. Бо сэксізм — гэта такая зручная сьцяна, за якой можна схавацца ад рэальнасьці. А на ўсе прэтэнзіі ў свой адрас адказваць, што гэта надуманая праблема, якая ніяк не зьвязаная з рэальнасьцю.

А чатыры пашкоджаныя машыны — гэта, напэўна, масавы псыхоз. Іх таксама проста прыдумалі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG