Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчаты-абслуга. Як школа спрыяе сэгрэгацыі


Да беларускай адукацыйнай сыстэмы ёсьць шмат пытаньняў, і адно зь іх — навошта яна стварае сэгрэгацыю паводле полавай прыкметы. Яшчэ ў дзіцячым садочку ёсьць падзел на дзявочыя і хлапчуковыя цацкі, і калі нейкая выхавацелька не падтрымлівае стэрэатыпаў і не заклікае дзяўчатак гуляцца з лялькамі, а хлопчыкаў з машынкамі, дык гэта хутчэй выключэньне, а ня правіла.

У школе гэтая сэгрэгацыя набывае больш устойлівы і фармальны характар. Калі цацкі ў дзіцячым садочку звычайна стаяць больш-менш усе разам, і заўжды можна сказаць «дзяўчынцы ніхто не забароніць узяць робата», дык у школе падзел і забароны выходзяць з шэрай зоны, і ігнараваць іх ужо не атрымліваецца.

Пакуль у падручніках па астраноміі Плютон то становіцца плянэтай, то зноўку перастае ёй быць, на працоўным навучаньні ўсё стабільна: дзяўчаты вучацца шыць, вязаць і гатаваць, а хлопцы — працаваць з дрэвам, мэталам і станкамі.

Так званае працоўнае навучаньне — сьвятая сьвятых школьнай гендэрнай сэрэгацыі. Дзяўчат вучаць «абслуговай працы», а хлопцаў «тэхнічнай». І пакуль у падручніках па астраноміі Плютон то становіцца плянэтай, то зноўку перастае ёй быць, на працоўным навучаньні ўсё стабільна: дзяўчаты вучацца шыць, вязаць і гатаваць, а хлопцы — працаваць з дрэвам, мэталам і станкамі. Школьная сыстэма не намякае, яна крычыць з усёй моцы: дзяўчыну трэба падрыхтаваць да таго, каб яна магла абслугоўваць сям’ю кожны дзень, а хлопца — каб мог забіць цьвік раз на пяць гадоў.

Я пакіну па-за ўвагай наколькі эфэктыўнае такое навучаньне. Куды больш цікавым аказваецца пасыл, які нясуць гэтыя заняткі. Ідэалягічны падтэкст, у адпаведнасьці з якім дзяўчаты гатуюць ежу і вяжуць сурвэткі, а хлопцы выразаюць нешта з дрэва, састарэў на дзесяцігодзьдзі, але школу ён цалкам задавальняе. І грамадзтва ў цэлым таксама, здаецца, ня супраць такога падыходу.

Падумаеш, на адзін непатрэбны ўрок больш ці менш. Нібыта сыстэму школьнай адукацыі выратуе рэвалюцыя ў працоўным навучаньні! Безумоўна, не выратуе. Але калі зьменіцца падыход да гэтай дысцыпліны, у нас будзе на адзін элемэнт штучнай сэгрэгацыі менш.

Грамадзтва губляе грошы, а людзі губляюць мары.

Гэтая сэгрэгацыя зусім не такая бяскрыўдная, як спрабуюць давесьці аматаркі і аматары так званых традыцыйных каштоўнасьцяў. Не, грамадзтву не жывецца лягчэй ад таго, што яно функцыянальна падзелена на мужчын з мужчынскімі абавязкамі і жанчын з жаночымі. Грамадзтва ад гэтага губляе грошы (таленавітыя дзеці не ідуць у «няправільныя» прафэсіі праз гендэрныя стэрэатыпы), а людзі губляюць мары.

Заплюшчваць вочы на грамадзкія страты неяк прасьцей, бо яны нібыта нічыйныя. Але балюча бачыць як канкрэтнай дзяўчынцы забараняюць займацца тым, што ёй падабаецца. Забараняюць проста таму, што яна дзяўчынка.

Затое потым дарослыя з радасьцю апэлююць да статыстыкі, што дзяўчаты не ідуць у так званыя мужчынскія прафэсіі, бо нібыта «па прыродзе» ня хочуць гэтага рабіць. І расказваюць што мужчыны ня могуць прасаваць кашулі, бо ў іх інакш працуе мозг.

А гады манатонных паўтораў «ты ж дзяўчынка» і «ты ж хлопчык» — гэта ўсё нібыта ня мае ніякага значэньня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG