Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: Разам з намесьнікам сакратара Савету бясьпекі Ўцюрыным затрымалі каля дзесяці чалавек


Разам з Андрэем Уцюрыным, які раней займаў пасаду намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі, было затрымана каля дзесяці чалавек, паведаміў журналістам старшыня КДБ Валеры Вакульчык 3 верасьня ў Менску перад пачаткам міжнароднай канфэрэнцыі аб барацьбе з тэрарызмам​, піша БелаПАН.

«Неўзабаве суд. Я думаю, увосень, дзесьці кастрычнік-лістапад. Але адразу, каб вы падумалі, ён (Уцюрын. — РС) не адзін там. Там недзе каля дзесяці чалавек. Гэтая ўся эпапея спраў завяршылася зь ягоным затрыманьнем. Дакладней, пасьля яго яшчэ затрымлівалі», — сказаў кіраўнік КДБ.

Інфармацыя пра затрыманне дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі, былога начальніка Службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі Андрэя Ўцюрына, зьявілася ў СМІ і телеграм-каналах 29 красавіка.

Пра тое, што кіраўнік Беларусі звольніў палкоўніка Андрэя Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі «за правіны, якія дыскрэдытуюць званьне вайскоўца», стала вядома ўвечары 30 красавіка. А адпаведны указ датаваны 24 красавіка.

Расейскія мэдыя сьцьвярджалі са спасылкай на абазнаныя крыніцы, што Ўцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія «зьлівы» інфармацыі расейскім спэцслужбам. У КДБ Беларусі не камэнтавалі гэтай інфармацыі.

4 траўня КДБ Беларусі паведаміў, што Уцюрын затрыманы пры атрыманьні хабару ў 148,6 тысячы даляраў ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры за садзейнічаньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Беларусі. Яму прад’яўлена абвінавачаньне ў атрыманьні хабару (ч.3 арт.430 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Пазьней Лукашэнка заявіў, што Ўцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет бясьпекі.

Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расеі, а ў 2002 — Акадэмію МУС Беларусі. Ад 1995 — у службе аховы Лукашэнкі, ад 2007 — ейны кіраўнік. Займаў гэтую пасаду цягам 7 гадоў — найдаўжэй за ўсіх іншых кіраўнікоў. Узнагароджаны ордэнамі «За бездакорную службу» і «За службу Радзіме». У 2010 годзе казаў, што на загад Аляксандра Лукашэнкі займаўся дастаўкай у Менск уцеклага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбэка Бакіева. Палкоўнік Андрэй Уцюрын быў прызначаны намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі ў 2014 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG