Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр паліцыянт, які не ўратаваў Освальда


2015 год, Джэймс Лівэль ля легендарнага фота, на якім схоплены момант стрэлу ў Освальда.

Джэймс Лівэл (James R. Leavelle) дажыў да 99 гадоў. Гэта ён на апошнім у жыцьці фатаздымку Освальда — Джэк Рубі ўжо стрэліў, Освальда перакруціла ад болю, а высокі, у белым пінжаку і капелюшы, паліцыянт усё яшчэ стараецца ўратаваць знакамітага арыштанта.

Лівэл вёў яго праз паліцэйскі пастарунак, прыкаваўшы правую руку Освальда да сваёй левай кайданкамі і трымаючы за рэмень. Калі ён пабачыў рэвальвэр у руках Рубі, ірвануў рэмень, каб схаваць Освальда за сабой, але было позна.

Калі б Лівэл пасьпеў — Освальд даваў бы паказаньні на сьледзтве і ў судзе. А так замест публічнага суду ў справе забойства Джона Кенэдзі сьледзтва вяла прэзыдэнцкая камісія Ўорэна, і дагэтуль цягнуцца спрэчкі пра яе выснову, што Освальд быў забойцам і дзейнічаў самастойна. Праўда, каб Освальд і прызнаўся, на спрэчкі гэта не паўплывала б — публіку пэўнага кшталту цікавяць ня факты, а інтэрпрэтацыі.

Легендарны фотаздымак зрабіў Боб Джэксан, карэспандэнт мясцовай газэты Dallas Times Herald — ён быў адзначаны Пулітцэраўскай прэміяй. Гэтае фота зрабіла знакамітым і Лівэла — яго бясконца запрашалі выступаць з успамінамі, ён давай інтэрвію, атрымліваў па паўтысячы лістоў штогод з просьбамі пра аўтограф. Яго капялюш і белы гарнітур, у якім ён быў у той лістападаўскі дзень 1963 году, выстаўленыя ў музэі ў Даласе.

Паведамленьне пра сьмерць Лівэла сёньня зьмясьцілі многія амэрыканскія газэты.

Лівэл узгадваў дзіўны абмен рэплікамі з Освальдам за хвіліну да забойства.

— Лі, — сказаў паліцэйскі, — калі нехта ў цябе стрэліць, спадзяюся, гэта будзе такі самы добры стралок, як ты.

На што Освальд адказаў:

— Ты мэлядраматычны.

Адгадаў жанр на дзесяцігодзьдзі наперад.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG