Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек у такіх умовах губляецца». Абвінавачаны ў хабарніцтве заявіў у судзе, што агаварыў сябе пад ціскам міліцыянтаў


У Савецкім раённым судзе Менску пачаўся працэс над былым генэральным дырэктарам пінскага прадпрыемства «Палесьсе», якога вінавацяць у спробе даць 500 даляраў хабару супрацоўніку аддзелу прымусовага выкананьня.

Валеру Радзевічу хутка 60. На «Палесьсі» ён не працуе больш за 10 гадоў, але пра тыя часы нагадвае рашэньне суду, паводле якога з 2017 году ў яго штомесяц вылічваюць 30% заробку. Сёлета аддзел прымусовага выкананьня Савецкага раёну Менску пастанавіў утрымліваць ужо 50%. Пасьля гэтай навіны Валер Радзевіч пайшоў на прыём, каб папрасіць зьменшыць вылічэньні зноў да 30%. З сабой у яго быў канвэрт з далярамі.

Ноўтбук для ўнука ці хабар?

У падсуднага інваліднасьць на падставе анкалёгіі, хворая маці ды яшчэ і прымусовыя ўтрыманьні з заробку. Яму пагражае 5 гадоў зьняволеньня.

«У мяне 5 унукаў, асабліва дапамагаю малому, які скончыў 9 клясаў. А ў яго падыходзіў дзень народзінаў. Мы з дачкой склаліся па 250 даляраў, грошы я трымаў у канвэрце. Хацелі набыць ноўтбук у падарунак. Як прыйшоў да судовай выканаўцы, дастаў з торбы канвэрты з дакумэнтамі, відаць, і гэты канвэрт дастаў. І забыў яго на стале. Выпадковае разявацтва, але ня хабар», — казаў у судзе Радзевіч.

Падзеі, у якіх разьбіраецца суд, адбываліся 22 красавіка ў кабінэце супрацоўніцы аддзелу прымусовага выкананьня Савецкага раёну Вольгі Гардзеевай. Раней яна ўжо давала Радзевічу такую зьніжку. Але гэтым разам катэгарычна сказала, што будзе вылічвацца палова заробку.

«Як гэтак? І на праезд ды лекі не застанецца. Я разгубіўся. Сабраў свае паперы ды хутка сышоў, а канвэрт з грашыма, відаць, на стале забыў», — настойвае Валер Радзевіч.

Праз тры гадзіны супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Савецкага РУУС ужо везьлі яго ў райаддзел міліцыі.

«Фактычна гэта было затрыманьне, — расказвае Валер Радзевіч. — Мне пагражалі, што пратрымаюць яшчэ 3 дні і ўсё роўна я прызнаюся, што даваў хабар. Маральна і псыхалягічна ціснулі. Не далі пазваніць сваякам і адвакату. А ў мяне маці-інвалід, за якой трэба даглядаць. У выніку я ўсё падпісаў. Адкаталі пальцы і праз тры гадзіны адпусьцілі», — кажа Валер Радзевіч.

Паводле матэрыялаў справы, ужо праз 4 дні на допыце ў Сьледчым камітэце абвінавачаны цалкам адмовіўся ад свайго прызнаньня ў спробе даць хабар судоваму выканаўцу.

«Агаварыў сябе, каб мяне адпусьцілі. Нэрваваўся. Чалавек у такіх умовах губляецца, і гэта са мной адбылося», — патлумачыў сёньня свой учынак Валер Радзевіч.

Міліцыянты ж сьцьвярджаюць, што ціску на Радзевіча не аказвалі.

«Яму зачыталі артыкул Крымінальнага кодэксу аб спробе даць хабар і тое, што мінімальнае пакараньне за гэта — штраф. Пасьля гэтага ён прызнаў віну», — засьведчыў міліцыянт.

Як стала вядома пра спробу хабару

Вольга Гардзеева цяпер не працуе судовым выканаўцам, але кажа, што добра памятае падзеі таго дня. Ключавым доказам супраць Радзевіча могуць стаць яе паказаньні пра тое, што той сказаў ёй, калі выходзіў з кабінэта: «Вось тут я вам пакіну, а вы падумайце».

«Калі Радзевіч выходзіў, я глядзела ў кампутар, а на стол, за якім ён сядзеў, глянула праз сэкунд 10. Бо павінен быў прыйсьці новы наведнік. Тады і ўбачыла канвэрт. Думала, забыў якую даведку, паглядзела, а там даляры. Выйшла, зачыніла кабінэт і пайшла да начальніцы. Адтуль пазванілі ў міліцыю», — згадала Вольга Гардзеева. Гэтыя паказаньні ў судзе пацьвердзіла яе былая начальніца.

Роля «ленінскага суботніка»

Паводле службовай інструкцыі судовыя выканаўцы мусяць весьці прыём грамадзян пад відэакамэрамі. Але ў кабінэце Вольгі Гардзеевай у той дзень камэра не працавала. Чаму?

«Напярэдадні, 20 красавіка, у нас быў суботнік, агульная прыборка. Відаць, зачапілі дрот відэакамэры, — патлумачыла Вольга Гардзеева. — У панядзелак перад прыёмам я гэта заўважыла, але вырашыла паведаміць пра паломку ўжо падчас перапынку на абед, бо людзі чакалі на прыёме. Гэтак атрымалася», — сказала суду Вольга Гардзеева.

Валер Радзевіч на гэта заўважае, што калі б відэакамэра працавала, разьбірацца, ці быў хабар, суду было б значна лягчэй. Паводле яго, суду ўвогуле магло б і ня быць. А паказаньні сьведкі пра тое, што ён нібыта прапанаваў ёй «падумаць», пакінуўшы канвэрт з хабарам, падсудны называе «прыдумкай» і тлумачыць, чаму яна гэтак кажа.

«Яна проста спалохалася, калі ўбачыла ў канвэрце грошы. Я сам былы кіраўнік і таму разумею яе пачуцьці. А раптам цябе зараз абвінавацяць у атрыманьні хабару? Што рабіць? Пабегла да начальства і нагаварыла. Калі б я гэтак сказаў, што пакідаю нешта і каб падумала, яна б адразу паглядзела на стол. А яна ж толькі потым спахапілася», — мяркуе Валер Радзевіч.

Падсудны цяпер не пад вартай. Ён працягвае працаваць галоўным інжынэрам на адным зь менскіх прадпрыемстваў. Праўда, калі пачалося сьледзтва, яму заблякавалі зарплатную картку.

«Дазвольце разблякаваць картку. У мяне няма сродкаў для жыцьця. Увесь час мушу пазычаць грошы, як мне далей жыць?» — зьвярнуўся ён да судзьдзі.

Суд над былым гендырэктарам «Палесься» працягнецца 30 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG