Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра Купалаўскі тэатар, які адкрывае 100-ы сэзон


Будынак тэатру, 1910 год
Будынак тэатру, 1910 год

Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы неўзабаве адкрые юбілейны 100-ы сэзон. Афіцыйным днём народзінаў Купалаўскага лічыцца 14 верасьня 1920 году. Ягоная сцэна памятае Мэерхольда і Камісаржэўскую.

Тут праходзіў Першы Ўсебеларускі зьезд. Купалаўскі — адзіны беларускі тэатар, які наведаў Аляксандар Лукашэнка, прычым двойчы. Знакамітая прыбіральня каля тэатру стала гарадзкой легендай.

Свабода сабрала 10 фактаў пра Купалаўскі тэатар.

1. На менскай сцэне ставіў «Балаганчык» Блока Ўсевалад Мэерхольд, грала Вера Камісаржэўская

У 1887 годзе з ініцыятывы тагачаснага менскага губэрнатара князя Трубяцкога гарадзкая Дума прыняла рашэньне пабудаваць на месцы пагарэлага новы тэатар. Архітэктарамі праекту сталі Караль Казлоўскі і Канстанцін Увядзенскі. Будынак урачыста заклалі 26 чэрвеня 1888 году.

Менская сцэна ў той час прымала найлепшыя пецярбурскія і маскоўскія трупы: тут гралі В. Камісаржэўская, М. Савіна, вучаніца М. Шчэпкіна Г. Фядотава, В. Далматаў, К. Варламаў, М. Пэтыпа.

Знакаміты рэжысэр Усевалад Мэерхольд у 1908 годзе паставіў на сцэне губэранскага тэатру «Балаганчык» Аляксандра Блока.

2. Цяперашнія касы — гэта легендарная прыбіральня, дакладная копія палаца сквапнага багацея

Побач з будынкам тэатру ў 1914 годзе зьявілася першая грамадзкая прыбіральня на тэрыторыі Беларусі. Паводле гарадзкой легенды, прыбіральня была копіяй палацу, гаспадар якога, заможны чалавек з Ігуменскага павету, не заплаціў архітэктару за працу (іншая вэрсія — той атрымаў сымбалічную суму). Так творца адпомсьціў сквапнаму багацею.

Так выглядае будынак цяпер
Так выглядае будынак цяпер

Пасьля рэканструкцыі Купалаўскага тэатру з 2013 году ў гэтым будынку разьмяшчаецца тэатральная каса.

3. У 1917 годзе ў будынку тэатру адбыўся Першы Ўсебеларускі зьезд

1 траўня 1917 года артысты «Першага беларускага таварыства драмы і камэдыі», створанага акторам і рэжысэрам Флярыянам Ждановічам, упершыню паказалі на сцэне губэранскага тэатру «Паўлінку» Янкі Купалы і «Ў зімовы вечар» Элізы Ажэшкі.

З 18 па 31 сьнежня 1917 году ў будынку тэатру адбыўся Першы Ўсебеларускі зьезд, які абвесьціў права беларускага народу на незалежнасьць і самавызначэньне, а таксама на прыняцьце дэмакратычнай формы ўраду.

4. Афіцыйны дзень народзінаў тэатру — 14 верасьня 1920 году

Афіцыйнай датай заснаваньня Беларускага дзяржаўнага тэатру лічыцца 14 верасьня 1920 году. У праграме адкрыцьця першага тэатральнага сэзону — інсцэнізацыя аповесьці Э. Ажэшкі «Рысь» у выкананьні беларускай трупы, п’еса Шолам-Алейхема «Людзі» (габрэйская трупа), «Вясельле» А. Чэхава (расейская трупа). Да 1927 году ў склад тэатру ўваходзілі хор, балетная трупа і сымфанічны аркестар. Усе яны вялі паралельна самастойную канцэртную дзейнасць.

5. Імя Янкі Купалы тэатру надалі ў эвакуацыі ў 1944 годзе

У 1921 годзе ўрад БССР надаў маладому тэатру званьне акадэмічнага, каб узьняць прэстыж беларускай культуры. З 1926 году ён стаў называцца БДТ-1 (беларускія дзяржаўныя тэатры таксама былі адкрытыя ў Віцебску — БДТ-2, у Гомлі — БДТ-3).

Калі пачалася вайна, калектыў быў на гастролях у Адэсе. Адтуль трупе давялося, не вяртаючыся ў Менск, ехаць у Томск.

Будынак у 1943 годзе — тады там разьмяшчалася стаўка Беларускай цэнтральнай рады
Будынак у 1943 годзе — тады там разьмяшчалася стаўка Беларускай цэнтральнай рады

Менавіта там у 1944 годзе рэжысэр Леў Літвінаў паставіў славутую «Паўлінку» Янкі Купалы, якая стала візытоўкай тэатру. У тым жа годзе тэатру надаецца імя вялікага беларускага паэта і драматурга Янкі Купалы, а ў 1955 годзе — званьне акадэмічнага.

6. Цягам 36 гадоў мастацкім кіраўніком тэатра быў Валеры Раеўскі

Галоўнымі рэжысэрамі і мастацкімі кіраўнікамі тэатру ў розныя гады былі Флярыян Ждановіч, Еўсьцігней Міровіч, Леанід Рахленка, Глеб Глебаў, Канстанцін Саньнікаў, Барыс Платонаў, Барыс Ерын.

Цягам 36 гадоў галоўным рэжысэрам і мастацкім кіраўніком Купалаўскага быў Валеры Раеўскі (з 1973 па 2009 гады). 10 апошніх гадоў мастацкім кіраўніком Купалаўскага працуе Мікалай Пінігін. Дырэктарам тэатру сёлета прызначаны былы міністар культуры і амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка.

7. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі «Тутэйшыя» трапілі ў няласку

Адным з самых знакавых спэктакляў тэатру сталі «Тутэйшыя» паводле п’есы Янкі Купалы (рэжысэр Мікалай Пінігін). У канцы спэктаклю на сцэне ўздымалі бел-чырвона-белы сьцяг. У 1992 годзе спэктакль атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі «Тутэйшыя» трапілі ў няласку. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году паўтара года спэктакль быў фактычна забаронены. 7 ліпеня 2002 году Мікалай Пінігін аднавіў «Тутэйшых». А потым спэктакль ізноў зьнік на пэўны час з рэпэртуару. Да 125-годзьдзя Янкі Купалы 5 ліпеня 2007 году п’еса была паказаная ізноў.

У траўні 2010 году было абвешчана, што «Тутэйшыя» зьнятыя з рэпэртуару. Афіцыйная прычына — састарэлі дэкарацыі.

8. Купалаўскі тэатар двойчы наведаў Аляксандар Лукашэнка. У іншыя тэатры ён не хадзіў

Першы раз у 2002 годзе Аляксандар Лукашэнка прыйшоў на спэктакль «Князь Вітаўт». Дарэчы, з нагоды ягонага візыту ўпершыню сэзон у Купалаўскім адкрывалі не «Паўлінкай», а «Князем Вітаўтам». Разам з Лукашэнкам тэатар наведалі тагачасныя міністры культуры Леанід Гуляка, абароны — Леанід Мальцаў, начальнік службы аховы прэзыдэнта Андрэй Уцюрын.

Галоўную ролю князя Вітаўта выконваў тагачасны актор, а цяпер сябра Савету рэспублікі і кіраўнік праўладнай «Белай Русі» Генадзь Давыдзька. Пасьля заканчэньня спэктаклю Лукашэнка выйшаў на сцэну і падзяліўся ўражаньнямі

Другі раз Лукашэнка разам з малодшым сынам Колем наведаў Купалаўскі ў сакавіку 2013 году — пасьля рэканструкцыі тэатру. Гэтым разам паказвалі «Паўлінку».

9. У 2013 годзе завершылася рэканструкцыя тэатру, яму вярнулі аблічча 1890 году

У 1949 годзе ў тэатры прайшла рэканструкцыя інтэр'ераў паводле праекту Георгія Заборскага, а ў 1958 годзе быў рэканструяваны галоўны фасад паводле праекту архітэктара Абрама Духана: надбудаваныя бакавыя крылы да другога паверха і пераплянаваныя некаторыя памяшканьні.

Апошняя рэканструкцыя доўжылася з 2010 па 2013 гады. Не абышлося і без скандалу. Была заведзеная крымінальная справа аб крадзяжы сродкаў, накіраваных на рэканструкцыю Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Тагачасны міністар культуры Павал Латушка і намесьнік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін атрымалі вымовы.

Цяперашні выгляд Купалаўскага тэатру, ©Shutterstock
Цяперашні выгляд Купалаўскага тэатру, ©Shutterstock

10. У трупе Купалаўскага — адзіны ў Беларусі народны артыст СССР

Генадзь Аўсяньнікаў на Малой сцэне Купалаўскага тэатру у монаспэктаклі «Шляхціц Завальня. Беларусь у фантастычных апавяданьнях»
Генадзь Аўсяньнікаў на Малой сцэне Купалаўскага тэатру у монаспэктаклі «Шляхціц Завальня. Беларусь у фантастычных апавяданьнях»

Цяпер у Купалаўскім працуе 8 народных артыстаў Беларусі (Галіна Арлова, Генадзь Аўсяньнікаў, Зоя Белахвосьцік, Марыя Захарэвіч, Зінаіда Зубкова, Віктар Манаеў, Арнольд Памазан, Галіна Талкачова), 9 заслужаных артыстыў Беларусі.

Менавіта ў трупе Купалаўскага застаўся адзіны ў Беларусі народны артыст СССР Генадзь Аўсяньнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG