Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Купалаўскім тэатры паказалі «Вешальнікаў». Фота


15 студзеня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбудзецца прэм’ера чорнай камэдыі «Вешальнікі» (Hangmen) паводле п’есы ірляндзкага драматурга Марціна Макдонаха.

Напярэдадні па традыцыі ў тэатры прайшоў перадпаказ спэктаклю, на які былі запрошаныя вядомыя артысты, тэатральныя крытыкі, журналісты, прадстаўнікі Міністэрства культуры, грамадзкасьць, праваабаронцы.

Рэжысэр cпэктакля — 35-гадовы Віталь Краўчанка, сцэнаграфія Барыса Герлавана, пераклад п’есы на беларускую Марыі Пушкінай.

Праблема сьмяротнага пакараньня вельмі актуальная для Беларусі, якая застаецца адзінай у Эўропе краінай, у якой дагэтуль выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. Апошні такі прысуд быў вынесены на мінулым тыдні.

Сюжэт «Вешальнікаў» грунтуецца на рэальных падзеях. 1965 год, невялікі паб на поўначы Ангельшчыны, дзе мясцовая знакамітасьць — вешальнік Гары Ўэлд — штовечар налівае заўсёднікам піва. Ідзе ў адстаўку галоўны брытанскі кат Альбэрт Пірпойнт (імя сапраўднае), які выканаў звыш 600 сьмяротных прысудаў, і ў Гары Ўэлда (сапраўднае імя рэальнага ката — Гары Ален) зьяўляецца шанец стаць першым у прафэсіі. Але ў Брытаніі адмяняюць сьмяротнае пакараньне.

Да «нумара другога» прыходзіць рэпартэр, якому Гары Ўэлд прызнаецца, што выканаў амаль утрая менш сьмяротных прысудаў, чым Альбэрт Піртойнт, усяго толькі 233. Раніцай фатаздымак Уэлда і ягонае інтэрвію — на першай паласе газэты.

«Усім вядома, што Пірпойнт павесіў дахалеры немцаў. А я не. Таму ля яго лічбаў мусіць быць зорачка нейкая. Пірпойнт ня грэбаваў жанчын вешаць, а я грэбаваў», — разважае былы кат.

А тут раптоўна пачынаюць усплываць памылкі правасудзьдзя, злавесны наведнік паба недвухсэнсоўна намякае, што ведае больш пра апошнюю ахвяру Ўэлда — Джэймса Хенэсі; зьнікае непаўналетняя дачка вешальніка...

На сцэне Гары Ўэлд двойчы прыводзіць у дзеяньне мэханізм шыбеніцы — відовішча не для слабанэрвовых. Заснаваны на рэальных падзеях сюжэт увасабляецца ў найлепшых традыцыях чорнай камэдыі, дзе ад гумару шыбеніка да гумару вешальніка — адзін крок.

У спэктаклі задзейнічаныя два дзясяткі артыстаў Купалаўскага: Аляксандар Падабед, Ігар Дзянісаў, Ігар Сігоў, Аляксандар Казела,Сяргей Чуб, Зоя Белахвосьцік, Юльляна Міхневіч, Крысьціна Дробыш, Дзіяна Камінская, Алег Гарбуз, Аляксандар Зелянко, Антон Макуха, Ігар Пятроў, Дзьмітры Есяневіч, Мікалай Кучыц, Іван Кушнярук, Міхаіл Сьвіта, Павал Паўлюць, Дзьмітры Тумас, Павал Астравух.

На перадпаказе ролю галоўнага героя Гары Ўэлда выконваў Ігар Дзянісаў, ягонай жонкі Эліс — Зоя Белахвосьцік, дачкі Шырлі — Крысьціна Дробыш, галоўнага ката Альбэрта Пірпойнта — Аляксандар Падабед, ахвяры Джэймса Хенэсі — Міхаіл Сьвіта, незнаёмца Пітэра Муні — Іван Кушнярук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG