Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Бабруйску вынес сьмяротны вырак забойцу дзьвюх дзяўчат

абноўлена

Аляксандар Асіповіч у судзе
Аляксандар Асіповіч у судзе

Магілёўскі абласны суд пакараў жыхара Бабруйску Аляксандра Асіповіча за двайное забойства. Разглядала рэзанансную справу судовая калегія пад старшынствам Міхаіла Мельнікава.

На сьмяротным пакараньні настойвала дзяржаўнае абвінавачваньне. На думку пракурора Вольгі Івановай, Асіповіч ня здольны выправіцца ў месцах пазбаўленьня волі, ён неаднойчы замахваўся на здароўе і жыцьцё грамадзян.

Абвінавачаны заявіў, што абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе. Ён сказаў, што будзе спадзявацца на самога сябе і папрасіў выбачэньня перад сваякамі і краінай.

Маці адной з забітых Ніна Клімава па сканчэньні суду заявіла журналістам, што ня верыць у раскаяньне Асіповіча. Выракам жанчына задаволеная. На пытаньне, ці стане ёй лягчэй, калі абвінавачанага расстраляюць, яна адказала, што была ня супраць і пажыцьцёвага зьняволеньня: «Для яго гэта будзе бадай што горш, — сказала жанчына і дадала: — Я хацела, каб ён памёр. Пра гэта я казала і на судзе».

Дзяржаўны абвінаваўца на пытаньне, ці ўстанавіла сьледзтва матыў дзеяньняў Асіповіча, адказала: «Мы вымушаны пагадзіцца з той прычынай, якую агучыў ён: пацярпелыя зьбіраліся яго абрабаваць».

На абвяшчэньне выраку прыйшла маці Асіповіча. Пасьля суду яна хутка сышла, атрымаўшы дазвол на спатканьне са зьняволеным сынам.

Двайное забойства з асаблівай жорсткасьцю

У ноч на 20 ліпеня дзьве бабруйчанкі бавілі час у адной з забаўляльных установаў гораду, дзе пазнаёміліся з 36-гадовым Аляксандрам Асіповічам. Пасьля яны разам паехалі на таксі да яго на кватэру. А 7-й раніцы адна з жанчын патэлефанавала ў міліцыю, крычала, прасіла дапамогі. Сказала, што яны зь сяброўкай зачыніліся ў ванным пакоі, а мужчына ім пагражае. Назваць дакладны адрас не змагла. Пазьней жанчын знайшлі забітымі.

Як устанавіла сьледзтва, гаспадар кватэры нанёс жанчынам шматлікія ўдары рукамі, нажом і малатком. Паводле экспэртаў, злачынец усьведамляў характар сваіх дзеяньняў. Яму выставілі абвінавачаньне ў забойстве дзьвюх і больш асобаў, учыненым з асаблівай жорсткасьцю (п. 1, частка 2, артыкул 139 Крымінальнага кодэксу). Артыкул прадугледжвае сьмяротнае пакараньне.

Сьцісла пра асуджанага

  • Аляксандар Асіповіч 1982 году нараджэньня. Разьведзены. Дзяцей ня мае.
  • Чатыры разы быў асуджаны. У месцах пазбаўленьня волі прабыў 11 з паловай гадоў. Судзілі яго за хуліганства, прычыненьні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, рабаваньне.
  • Да ўчыненьня апошняга злачынства працаваў у прыватнай фірме па зборцы акон.

Сваю віну ў забойстве дзьвюх жанчын Асіповіч прызнаў. Суду казаў, што, пабачыўшы ўчыненае, хацеў павесіцца. Заяўляў, што «70 адсоткаў» таго, што адбылося зь ім раніцай 20 ліпеня, ня памятае. Пасьля забойства прыбраў кватэру. Акрываўленыя рэчы сваіх ахвяр выкінуў у бак для сьмецьця. Сьледзтва зрабіла выснову, што абвінавачаны разьдзеў забітых жанчын, каб целы расчляніць і такім чынам пазбавіцца ад іх. Асіповіч з гэтым не пагадзіўся.

У апошнім слове Аляксандар Асіповіч прасіў суд не пазбаўляць яго жыцьця, а даць магчымасьць працаваць і выплочваць нанесеную ім шкоду. Ва ўчыненьнем ён раскайваецца. Сваё апошняе слова падсудны прамаўляў, плачучы.

Пазыцыя дзяржаўнага абвінаваўцы

Дзяржаўная абвінаваўца Вольга Іванова заявіла, што Асіповіч у момант забойства ўсьведамляў, што адбываецца, а потым паспрабаваў схаваць сьляды злачынства. Аднак пасьля ён сам зьявіўся ў міліцыю з павіннай, што ў гэтым выпадку ня можа быць зьмякчальнай акалічнасьцю. Пракурор лічыць, што Асіповіч ня здольны да выпраўленьня ў месцах пазбаўленьня волі.

Яна падкрэсьліла, што Аляксандар Асіповіч забіваў у стане алькагольнага ап’яненьня і неаднаразова замахваўся раней на жыцьцё і здароўе грамадзян. Вольга Іванова таксама адзначыла, што забітыя Асіповічам жанчыны пры жыцьці не вызначаліся ўзорнымі паводзінамі. Яна дапусьціла, што яны паехалі на кватэру да абвінавачванага, каб учыніць супрацьпраўныя дзеяньні, але пацьверджаньня гэтаму няма, толькі словы самога Асіповіча.

Заява міністра Шуневіча

24 ліпеня міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч сказаў, што ня можа камэнтаваць абставінаў гэтага злачынства, бо ацэнку мусіць даць сьледзтва, аднак заявіў пра яго прычыны:

«Па сваёй сутнасьці гэта бытавое злачынства. На жаль, зь цяжкімі наступствамі. Прычынай здарэньня быў чалавечы фактар. Ёсьць такая навука віктымалёгія — аб паводзінах ахвяры. Вось у гэтай частцы якраз і асноўныя моманты злачынства».

Шуневіч дадаў, што мае «пытаньні» і да міліцыянтаў — маўляў, будзе праводзіцца службовае расьсьледаваньне адносна кантролю за асобамі, якія раней учынялі злачынствы.

«Таксама ня буду даваць сёньня ацэнку апэратыўнасьці рэагаваньня. На першы погляд, мы зрабілі ўсё правільна: выбылі адпаведна часавым нормам, досыць актыўна ажыцьцяўлялі пошук месца здарэньня, — разважаў Шуневіч. — Але вы ведаеце, у сілу чаго не змаглі трапіць туды своечасова. Разам з тым, мяркую, нам варта яшчэ раз задумацца, перагледзець прафэсіяналізм выбываючых сьледча-апэратыўных групаў і магчымасьць больш эфэктыўна прадухіляць падобныя правапарушэньні».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG