Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шуневіч пра двайное забойства ў Бабруйску: «Асноўныя моманты злачынства ў паводзінах ахвяраў»


Ігар Шуневіч, архіўнае фота

«Прычынай здарэньня быў чалавечы фактар», — такімі словамі кіраўнік МУС пракамэнтаваў забойства дзьвюх жанчынаў адразу пасьля таго, як сказаў, што ня можа камэнтаваць яго.

Міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч расказаў БелТА, што на 24 ліпеня ў крымінальнай справе аб двайным забойстве ў Бабруйску вядзецца папярэдняе расьсьледаваньне.

Ён заявіў, што ня можа камэнтаваць абставіны злачынства, бо ацэнку мусіць даць сьледзтва, а пасьля пракамэнтаваў злачынства так:

«Па сваёй сутнасьці гэта бытавое злачынства, на жаль, зь цяжкімі наступствамі. Прычынай здарэньня быў чалавечы фактар. Ёсьць такая навука віктымалёгія – аб паводзінах ахвяры. Вось у гэтай частцы якраз і асноўныя моманты злачынства».

Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС. Ці праўда гэта?

Шуневіч дадаў, што мае «пытаньні» і да міліцыянтаў — маўляў, будзе праводзіцца службовае расьсьледаваньне адносна кантролю асобаў, якія раней учынялі злачынствы (па падазрэньні ў забойстве затрыманы шмат разоў судзімы 36-гадовы жыхар Бабруйска).

«Таксама ня буду даваць сёньня ацэнку апэратыўнасьці рэагаваньня. На першы погляд, мы зрабілі ўсё правільна: выбылі адпаведна часавым нормам, досыць актыўна ажыцьцяўлялі пошук месца здарэньня, — разважаў Шуневіч. — Але вы ведаеце, у сілу чаго не змаглі трапіць туды своечасова. Разам з тым, мяркую, нам варта яшчэ раз задумацца, перагледзець прафэсіяналізм выбываючых сьледча-аператыўных групаў і магчымасьць больш эфэктыўна прадухіляць падобныя правапарушэньні».

Меркаваны забойца дзьвюх жанчын у Бабруйску першае забойства ўчыніў яшчэ падлеткам, кажуць суседзі

20 ліпеня ў Бабруйску былі забітыя дзьве жанчыны 26 і 27 гадоў. Адна зь іх перад гібельлю пасьпела патэлефанаваць у міліцыю.

Паводле міліцыі і Сьледчага камітэту, у ноч на 20 ліпеня дзьве бабруйчанкі бавілі час у адной з забаўляльных установаў гораду, дзе, як мяркуецца, і пазнаёміліся з 36-гадовым мужчынам. Пасьля яны разам паехалі на таксі да яго на кватэру. А 7-й раніцы адна з жанчын патэлефанавала ў міліцыю, крычала, прасіла дапамогі. Сказала, што яны зь сяброўкай зачыніліся ў ванным пакоі, а мужчына ім пагражае. Яна назвала вуліцу — Лынькова — і нумар кватэры. Але нумар дома не назвала, а нумар кватэры потым аказаўся няправільны.

У гэты час у міліцыю прыйшоў яшчэ адзін званок — жыхары 37-га дому пачулі крыкі з вокнаў дому насупраць. Тады міліцыя прыехала на месца, ускрыла замкнёную кватэру і знайшла там у ванным пакоі целы дзьвюх жанчын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG