Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вешальнік — прафэсія мірная? Купалаўскі тэатар паставіў чорную камэдыю пра сьмяротнае пакараньне. ФОТА


Падчас рэпэтыцыі спэктакля
Падчас рэпэтыцыі спэктакля

Павешаньне ў онлайне, кат на піўным разьліве. 15–16 студзеня на галоўнай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы адбудзецца прэм’ера чорнай камэдыі «Вешальнікі» (Hangmen) па п’есе ірляндзкага драматурга Марціна Макдонаха. Пераклала яе рэдактарка літаратурна-драматычнай часткі Марыя Пушкіна. Рэжысэр-пастаноўшчык спэктакля Віталь Краўчанка падзяліўся са Свабодай задумай гэтай маштабнай дзеі.

Хто такі Віталь Краўчанка

Віталь Краўчанка — адзін з самых маладых беларускіх рэжысэраў, каму даверана паставіць спэктакль на вялікай сцэне галоўнага драматычнага тэатру краіны.

Рэжысэр Віталь Краўчанка
Рэжысэр Віталь Краўчанка
  • Нарадзіўся ў Лоеве на Гомельшчыне, сёлета яму споўніцца 35 гадоў.
  • Выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спэцыяльнасьцях «Актор драматычнага тэатру і кіно» (майстэрня Фамы Варанецкага) і «Рэжысура драмы» (майстэрня Мікалая Пінігіна, цяперашняга мастацкага кіраўніка Купалаўскага).
  • Працаваў у трупах Акадэмічнага тэатру імя Горкага і Беларускага тэатру лялек, а таксама ў радыёэфіры «Сталіцы».
  • Дыплёмным спэктаклем і дэбютам на прафэсійнай сцэне стала пастаноўка ў 2016-м п’есы Аляксея Казанцава «Браты і Ліза» ў Магілёўскім абласным драмтэатры.
  • Паставіў у Гомельскім моладзевым тэатры псыхалягічны трылер «Мэтад» каталёнскага драматурга Жардзі Гальсарана. Летась гэтая пастаноўка атрымала Нацыянальную тэатральную прэмію як найлепшы драматычны спэктакль малой формы.
  • У творчым актыве псыхалягічны трылер «Мэтад Гранхольма» (паводле Жардзі Гальсарана, «Альфа-тэатар»), «Шчасьце ёсьць!» (паводле Алехандра Касоны, Сучасны мастацкі тэатар), «кухонны баявік» «Каралева прыгажосьці» (паводле Марціна Макдонаха, Гомельскі моладзевы тэатар).
Афіша «Вешальнікаў»
Афіша «Вешальнікаў»

«Калі зьявілася прапанова ад Мікалая Мікалаевіча Пінігіна, натуральна, з радасьцю на яе пагадзіўся, — кажа Віталь Краўчанка. — Яшчэ седзячы ў Лоеве і думаючы пра свой далейшы лёс — ці то акторскі, ці то рэжысэрскі — я так ці інакш марыў пра Купалаўскі: тэатар, блізкі мне сваёй гісторыяй, традыцыяй, мовай. І раптам магчымасьць паставіць спэктакль адразу на галоўнай сцэне...»

Тэхнічнае суправаджэньне пастаноўкі
Тэхнічнае суправаджэньне пастаноўкі

Вешальнік з папулярнасьцю топ-зоркі

48-гадовы Марцін Макдонах — адзін з самых запатрабаваных сучасных драматургаў і сцэнарыстаў, але адначасна і ці ня самы складаны для ўвасабленьня на сцэне ды экране. Ён уладальнік узнагародаў, пра якія толькі можа марыць творца, — «Оскар», «Залаты глёбус», узнагарода BAFTA (Брытанскай акадэміі кіно і тэлемастацтва) — нярэдка не па адным разе.

Сюжэт «Вешальнікаў» грунтуецца на рэальных падзеях і пераносіць гледачоў у першую палову 1960-х, калі Вялікая Брытанія дасьпела спачатку да мараторыю на сьмяротнае пакараньне, а потым і да поўнай яго адмены. Зрэшты, пакуль гэтага ня здарылася, у невялікім пабе на поўначы Англіі вешальнік Гары Ўэйд у вольны ад асноўнай працы час налівае піва заўсёднікам свайго бару.

Ён № 2 у сваёй прафэсіі, і гэта яго засмучае — не даюць спакою ляўры боса Альбэрта Пірпойнта, які адправіў на той сьвет утрая больш асуджаных, у тым ліку блізу двух сотняў нацысцкіх злачынцаў.

Калі Пірпойнт заявіў пра адстаўку, Уэйд атрымаў магчымасьць паправіць асабістую статыстыку. І тут улады абвяшчаюць пра скасаваньне вышэйшай меры, задача «дагнаць і перагнаць» аказалася невыканальнай. Адзінае, што ўрэшце іх зблізіла, — гэта сьмерць: абодва памерлі адзін за адным летам 1992 году.

«Не скажу, як было б цяпер, а тагачасная Брытанія сваіх вешальнікаў ведала, — кажа Віталь. — Той жа Пірпойнт быў, безь перабольшваньня, знакамітасьцю. Як і Гары Ален, які паслужыў прататыпам для Гары Ўэйда. Заўсёднікі наведваліся ў паб збольшага таму, што гаспадар — вешальнік. Гэткае спалучэньне сярэднявечча і дня сёньняшняга. 1960-я: бітлы, сэксуальная рэвалюцыя, заяўляюць пра свае правы фэміністкі. І ў гэты ж час цемрашальства: п’юць піва ў пабе вешальніка, рагочуць. Нават ёсьць рэпліка пэрсанажа: „А што, вешальнік сышоў? Ну то і я пайду, што тут рабіць?“».

Ігар Дзянісаў (справа) у ролі Гары Ўэйда
Ігар Дзянісаў (справа) у ролі Гары Ўэйда

У працы над спэктаклем задзейнічаныя два дзясяткі актораў — такой масавай пастаноўкі трупа Купалаўскага ня памятае даўно. Тут і зоркі, і моладзь тэатру: Аляксандар Падабед, Ігар Сігоў, Ігар Дзянісаў, Аляксандар Казела, Сяргей Чуб, Зоя Белахвосьцік, Юльяна Міхневіч, Крысьціна Дробыш, Дыяна Камінская, Алег Гарбуз, Аляксандар Зелянко, Антон Макуха, Ігар Пятроў, Дзьмітры Есяневіч, Мікалай Кучыц, Іван Кушнярук, Міхаіл Сьвіта, Павал Паўлюць, Дзьмітры Тумас, Павал Астравух.

«Нават у бутафорскім цэху нядаўна пачуў, што даўно не было такога аб’ёму працы, такой дэталёвай падрабязнасьці, — працягвае рэжысэр. — Сцэнаграфія насамрэч маштабная, працы вельмі шмат. Беларускія тэатры апошнім часам рэдка працуюць з такой колькасьцю артыстаў, якія амаль увесь час на сцэне. Таму і па сабе, і па артыстах адчуваю: у пэўным сэнсе проста адвыклі ад вялікіх групаў».

Кат і ахвяра
Кат і ахвяра

Шыбеніца і разуменьне вартасьці жыцьця

За дэкарацыі ў «Вешальніках» адказвае мэтар тэатральнай сцэнаграфіі Барыс Герлаван — народны мастак Беларусі, які больш за паўстагодзьдзя працуе ў Купалаўскім. Ці не было творчых разыходжаньняў паміж вопытам майстра і маладосьцю рэжысэра?

«Мы паспрабавалі аб’яднаць нашыя жаданьні, знайсьці залатую сярэдзіну, — кажа Віталь Краўчанка. — Адпачатку я бачыў камэрны паб. Барыс Федасеевіч быў супраць. Знайшлі кампрамісны варыянт паміж рэалістычнасьцю і сымбалізмам. Адышлі ад сцэнаграфічнага павільёна, калі выводзяцца сьцены, замацоўваюцца бэлькі, вешаюцца сьвяцільнікі і ўсё абмежавана закрытай прасторай. У дадзеным выпадку задума вырашана інакш...»

Сцэна павешаньня
Сцэна павешаньня

Адна з тэхнічных навацый, якая прымусіць заплюшчыць вочы асабліва ўразьлівых гледачоў, — гэта працэдура павешаньня. Як абяцае Віталь Краўчанка, уся дзея будзе максымальна блізкая да натуральнай.

«Прынамсі хочацца такога дасягнуць, бо павінна быць эфэктна, — прызнаецца рэжысэр. — Альбо страшна, альбо без таго ўвогуле. Каб усьвядоміць кошт чалавечага жыцьця — і тады, і сёньня — неабходнае ўзрушэньне. Умоўна кажучы, перад тым як кінуць курыць, трэба пахаркаць крывёю. Тое ж і тут: усьведамленьне — праз страх. Мяняюцца час і абставіны, а чалавечая прырода нязломная. Каб да нечага дайсьці, даводзіцца спачатку напужацца і ўжо праз страх прыйсьці да пэўных высноваў. Не павешаньне дзеля відовішча. Мэта — даць узьнікнуць унутранаму страху за жыцьцё іншага чалавека».

Міхаіл Сьвіта ў ролі Джэймса Хэнэсі, апошняй ахвяры павешаньня
Міхаіл Сьвіта ў ролі Джэймса Хэнэсі, апошняй ахвяры павешаньня

Піўны фон узаконенага забойства

Каб максымальна акунуцца ў атмасфэру ангельскага пабу сярэдзіны мінулага стагодзьдзя, Віталь Краўчанка адстаяў галоўны атрыбут такой установы — піва.

«Адмыслова навучаныя людзі з бровара прыедуць і ўсталююць абсталяваньне для разьліву, — кажа пастаноўшчык. — Натуральна, піва безалькагольнае, але безь яго абысьціся немагчыма. Людзі п’юць, а побач адбываецца, па вялікім рахунку, забойства. Паколькі п’еса ірляндзка-ангельская, гумар яшчэ той, чорны. Таму бязь піва аніяк — пад куфаль жартуюць на тэму сьмерці, абмяркоўваюць адмену вышэйшай меры. Ну і сам Макдонах у п’есе настойвае: піва мусіць быць шмат, усё ж дзея адбываецца ў пабе галоўнага героя, вешальніка Гары Ўэйда».

Імітацыя барнай стойкі на рэпэтыцыі
Імітацыя барнай стойкі на рэпэтыцыі

Сёньня цяжка ўявіць, што яшчэ ня так даўно прафэсія вешальніка ў Англіі была гэткай жа пачэснай, як усе іншыя. І, як апісвае Макдонах, успрымалася абсалютна нармальна, калі слугі вышэйшага правасудзьдзя былі яшчэ і бізнэсоўцамі, трымалі пабы. Якраз паміж Альбэртам Пірпойнтам і Гары Ўэйдам у п’есе і адбываецца нефармальнае спаборніцтва: хто перадавік у паказьніках павешаньняў, у каго лепшы бар і г.д.

Аднак судовыя памылкі, якія ўсё часьцей пачалі рабіцца здабыткам галоснасьці, прывялі да грамадзкіх забурэньняў і патрабаваньняў спыніць пакараньні-забойствы. А куды падацца ўзорнаму вешальніку, які дзесяцігодзьдзямі сумленна выконваў сваю працу?

Пакараньне вышэйшай мерай
Пакараньне вышэйшай мерай

«Быў выкрыты шэраг судовых памылак, людзі выйшлі на вуліцы, — кажа Віталь Краўчанка. — Джон Ленан і Ёка Она напісалі песьню і зьнялі фільм „Справа А6“ пра Джэймса Хэнрэці — апошняга павешанага брытанца (у п’есе ён Хэнэсі). Родныя Хэнрэці цягам 40 гадоў дамагаліся пасьмяротнага апраўданьня, хоць падчас эксгумацыі аналіз ДНК і пацьвердзіў ягоную датычнасьць да забойства. Але паколькі матэрыял столькі гадоў праляжаў у непрыдатных для захоўваньня ўмовах, узоры рызыкавалі перамяшацца і ён сапраўды мог быць невінаваты. Як пытаньне гэта вынесена і ў Макдонаха».

У Вялікай Брытаніі грамадзтва ўрэшце перамагло. Мараторый на сьмяротнае пакараньне абвясьцілі ў 1963-м, а яшчэ праз два гады каралеўства ад вышэйшай меры адмовілася заканадаўча. Вешальнікі засталіся бяз працы.

«Вельмі лёгка перакінуць адказнасьць на аднаго чалавека, але ён толькі выконвае прысуд, а адказнасьць за павешаньне, за саму магчымасьць выносіць такія прысуды ляжыць на грамадзтве ў цэлым, раз яно дазваляе караць сьмерцю. Ніхто ня мае права пазбаўляць жыцьця іншага чалавека. Гэта маё меркаваньне, але ў спэктаклі мы яго не навязваем, а востра ставім пытаньне, даўно вырашанае ў Эўропе, і перад нашым грамадзтвам», — адзначыў Віталь Краўчанка на сайце Купалаўскага тэатру.

Дзьве рэальнасьці прафэсійнага ката

Наколькі складана было працаваць над пастаноўкай псыхалягічна? Рэжысэру трэба ня толькі самому пераўвасобіцца і ў вешальніка, і ў ахвяру, але і падзяліцца сваім узрушэньнем з артыстамі.

Пятля як сымбаль безвыходнасьці
Пятля як сымбаль безвыходнасьці

«Псыхалягічна цяжкія першыя пяць хвілін і дзьве апошнія, — кажа рэжысэр. — Астатняе — чорная камэдыя. Паставіць пралёг, безь якога не абысьціся — сцэну павешаньня — бадай, самае складанае. І для таго, хто апускае рычаг, і тым больш для таго, каго зараз пакараюць. Ад дзьвярэй камэры да месца павешаньня некалькі мэтраў, 4–5 крокаў да канца жыцьця. Мы толькі можам фантазаваць, што адчувае чалавек — і гэта адзін з самых ключавых момантаў. Хоць пэрсанаж зьяўляецца ўсяго на некалькі хвілін, роля вельмі значная. Увабраць прапанаваныя абставіны — неўзабаве цябе пазбавяць жыцьця, а ты ведаеш, што не вінаваты — вельмі складана».

Занятак вешальніка — ва ўсе часы адзін з самых супярэчлівых. Заўсёды застаецца таямніцай: зь якім сэрцам пасьля зьдзейсьненага правасудзьдзя ён вяртаецца да звыклага жыцьця, да сям'і?

Масоўка пабу
Масоўка пабу

«Што адчувае чалавек у той момант, калі апускае рычаг і зацягвае пятлю на шыі ахвяры? — задаецца пытаньнем суразмоўца. — Бачым на прыкладзе Гары Ўэйда, які вяртаецца ў паб, расказвае байкі, налівае піва, весяліцца, учыняе ледзь не цыркавыя нумары для наведнікаў. Так, спэктакаль пра вешальнікаў, але ў першую чаргу — пра звычайных людзей. Натуральна, адразу карціць загрузіцца — вешальнік, забойца. А калі адштурхнуцца ад таго, што гэта чалавек, якога дома чакае жонка, дачка — проста праца ў яго такая — усё становіцца ня так адназначна».

Жоўтыя шкарпэткі сьляпой Фэміды

Сюжэт пастаноўкі вытрыманы ў найлепшых традыцыях чорнай камэдыі, дзе ад гумару шыбеніка да гумару ката адзін крок. Такая ж і рэакцыя на «Вешальнікаў»: ад сур’ёзнай да сьмяшлівай. Віталь Краўчанка кажа, што сам назіраў, як рэагавалі на афішу менскія падлеткі — ледзь не трымаючыся за жываты.

Афіша каля Купалаўскага тэатру
Афіша каля Купалаўскага тэатру

«І цалкам адэкватная рэакцыя, — лічыць ён. — Рэагуюць на колер шкарпэтак, на абвіслыя ногі, на павернутыя літары ў назьве. Складаецца карцінка, і яны адразу счытваюць у гэтым гумар. Дарослыя часьцей за ўсё ўспрымаюць інакш: шыбеніца, праблема. Не бяз гэтага, але перадусім гэта чорная камэдыя. У дэкарацыях Барыс Гарлаван зрабіў пасярэдзіне круг. Паб выглядае як арэна, а Гары Ўэйд — як цыркач, што забаўляе мясцовую публіку».

Ці разьлічвае Віталь Краўчанка, што спэктакль стане рэзананснай зьявай у маштабах грамадзтва, ці ўсё ж ён застанецца толькі тэатральнай падзеяй? Той выпадак, калі нешта пралічваць бессэнсоўна, — кажа рэжысэр.

Віталь Краўчанка на рэпэтыцыі
Віталь Краўчанка на рэпэтыцыі

«Любому рэжысэру хочацца, каб ягоны спэктакль стаў падзеяй, — усьміхаецца ён. — Аднак гэта залежыць шмат ад якіх складнікаў, няма ніякай наўпроставай лёгікі, паводле якой складаецца лёс той ці іншай пастаноўкі. Бываюць супэрспэктаклі, якія ўздымаюць глябальную думку, прымушаюць задумацца, а ў рэпэртуары затрымліваюцца на сэзон-другі. І здараецца цалкам наадварот — лёгкія, простыя рэчы, а запатрабаваныя дзясяткамі гадоў. У чым сакрэт — ня скажуць, напэўна, ні самі рэжысэры, ні нават крытыкі».

Пры канцы гутаркі цікаўлюся ў суразмоўцы: ці мае ён у плянах супрацу з сучаснымі беларускімі аўтарамі? У дэбютных пастаноўках стаўка перадусім на замежжа, прычым два апошнія спэктаклі — той самы Марцін Макдонах.

«У мяне, відаць, праблема з сучаснымі беларускімі аўтарамі. Не магу разабраць у сабе гэты фэномэн, магчыма, яшчэ сам не дарос — сьмяецца рэжысэр. — Можа, парадаксальна, але мне ў сучасных беларускіх п’есах бракуе ўласна беларускага. Не магу патлумачыць, хутчэй гэта на мэнтальным адчуваньні. Можа, ад таго, што ў бальшыні сваёй тыя п’есы напісаныя па-расейску...»

Брытанскі кантэкст глябальнай праблемы
Брытанскі кантэкст глябальнай праблемы

Прэм’ера спэктакля «Вешальнікі» на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы — 15 і 16 студзеня. Пачатак а 19-й гадзіне. Усе квіткі на першыя паказы раскупленыя, бліжэйшыя пасьля гэтага спэктаклі заплянаваныя толькі ў лютым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG