Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да свайго стагодзьдзя Купалаўскі тэатар паставіць спэктакль пра Менск часоў БНР


Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў Менску
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў Менску

Мікалай Пінігін, галоўны рэжысэр Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы падзяліўся з журналістамі сваімі творчымі плянамі і марамі.

Чаму ў беларускіх чыноўнікаў у прыярытэце спорт, а не тэатар? Чаму Пінігін больш ня будзе набіраць студэнтаў на рэжысуру? Як «Яблычак» Сяргея Пясецкага ператварыўся ў «Блатных фраераў»? Пра гэта расказвае мастацкі кіраўнік менскага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.

Пяць прэм’ер у 98-м сэзоне

Купалаўскі тэатар завяршыў тэатральны сэзон перадпрэм’ерным паказам неўміручага Шэксьпіра — наватарскім спэктаклем «Сон у купальскую ноч» з гледачамі на сцэне, гіраскутэрамі, квадракоптэрам, галяграфічнымі эфэктамі, айфонам з праграмай MSQRD.

У Купалаўскім тэатры паставілі Шэксьпіра: з квадракоптэрам, гіраскутэрам і айфонам. Фотарэпартаж

Сцэна са спэктаклю «Сон ў купалаўскую ноч»
Сцэна са спэктаклю «Сон ў купалаўскую ноч»

У мінулым 98-м сэзоне Купалаўскі парадаваў гледачоў яшчэ чатырма прэм’ерамі: гогалеўскім «Рэвізорам», «Талерантнасьцю» (у арыгінале «Бог разьні») паводле драмы Ясьміны Рэзы — у пастаноўках Мікалая Пінігіна на Вялікай сцэне, а таксама «Зямлёй Эльзы» па п’есе Яраславы Куліновіч, якую паставіла Алена Ганум, і спэктаклем «Радыё Прудок», дэбютам рэжысэра Рамана Падалякі паводле кнігі Андрэя Горвата — на Камэрнай сцэне.

У Купалаўскі неўзабаве прыйдуць «Блатныя фраеры» і феня

У студзені 2019-га Мікалай Пінігін пачне ставіць спэктакль паводле рамана «Яблычак» Сяргея Пясецкага, польска-беларускага пісьменьніка, жыцьцё якога поўнілася экстрэмальнымі прыгодамі і незвычайнымі авантурамі, у тым ліку шпіянажам і кантрабанднай дзейнасьцю.

У 1926 годзе Пясецкаму за бандыцкі налёт прысудзілі сьмяротнае пакараньне, але потым замянілі прысуд на 15 гадоў турмы. За кратамі ў Пясецкага праявіўся літаратурны талент.

«Некалі мне Ўладзімер Някляеў расказаў, што Пясецкі ў турме за 45 дзён напісаў раман, і гэта Някляева вельмі ўразіла. Дык вось пастаўлю спэктакль паводле «Менскай трылёгіі», першы раман яе называецца «Яблычак».

Але я перарабіў назву, і спэктакль будзе называцца «Блатныя фраеры».

«Блатная „феня“ — гэта ідыш: фраеры, скокеры...»

Падзеі ў рамане разгортваюцца ў часы абвяшчэньня БНР, вясною 1918 году, калі Першая ўсясьветная вайна ператварыла Менск у прыфрантавы горад, куды з усіх канцоў Эўропы і былой Расейскай імпэрыі сьцягнуліся зладзеі, прастытуткі і махляры. Каштоўнасьць кнігі менавіта ў тым, што яна напісаная сьведкам і ўдзельнікам тых падзей, знаўцам зладзейскіх парадкаў і звычаяў.

Мікалай Пінігін
Мікалай Пінігін

«Хто ня ведае, уся блатная феня — гэта ідыш: фраеры, скокеры, дый само слова феня — проста па-іншаму гучыць, зь нямецкай фанэтыкай. Дарэчы, феня ў перакладзе азначае "спосаб" — спосаб, каб цябе не зразумелі», — тлумачыць Мікалай Пінігін.

«Мая мара — пагуляць па Менску 1918 году, якога няма»

Галоўны рэжысэр Купалаўскага прызнаўся, што шмат гадоў марыў зрабіць такую вандроўку — пашпацыраваць на Менску, якога ўжо няма — зь мячэтам, лютэранскай кірхай, касьцёламі, сынагогамі, з Захар’еўскай вуліцай...

Нарэшце я знайшоў матэрыял і буду ажыцьцяўляць сваю мару — зраблю спэктакль пра Менск, якога няма.

«Нарэшце я знайшоў матэрыял і буду ажыцьцяўляць сваю мару — зраблю спэктакль пра Менск, якога няма. Бо ў 1918-м гэта быў ня Менск Малінавак і Серабранак, а цалкам эўрапейскі горад. Потым была сур’ёзная вайна. А пасьля вайны хадзіла партыйная камісія і вызначала працэнт разбурэньня будынкаў: калі была партыйная ўстанова — аднавіць, а касьцёл ці іншы культавы будынак — разбурыць. Так што і вайна, і пасьляваенныя часы разбурылі, зьнішчылі эўрапейскі горад, і я хачу гэта паказаць», — падзяліўся сваімі плянамі Мікалай Пінігін.

«Студэнтаў больш набіраць ня буду»

Наступны тэатральны сэзон будзе сэзонам вучняў мастацкага кіраўніка Купалаўскага Мікалая Пінігіна.

«Пару гадоў таму я выпусьціў рэжысэрскі курс. Два мае былыя студэнты працуюць у Купалаўскім тэатры, а трэці пасьпяхова ставіць спэктаклі ў розных тэатрах Беларусі. Мы пачынаем працаваць над спэктаклем „Вешальнікі“ па п’есе Марціна МакДонаха. Прэм’ера адбудзецца ў сьнежні, мастак Барыс Герлаван. Гэта прапанова Віталя Краўчанкі, які паставіў цудоўны спэктакль „Мэтад Гронхольма“ ў Гомлі і „Альфа-тэатры“ — была грандыёзная праца, і я яму ні ў чым не дапамагаў. Я запрасіў Краўчанку ў Купалаўскі», — распавёў Пінігін.

Другі ягоны былы студэнт, Дзьмітры Цішко, будзе ставіць п’есу Паўла Пражко «Ўраджай» на Камэрнай сцэне.

Яшчэ адна вучаніца Пінігіна, Алена Ганум, паставіць «Беларусь у фантастычных апавяданьнях» Яна Баршчэўскага. Прэм’ера чакаецца ў сьнежні, цяпер ствараецца сцэнічная вэрсія цудоўнага твору.

Але больш студэнтаў на спэцыяльнасьць «рэжысура» ў Беларускую акадэмію мастацтваў Пінігін зарокся набіраць.

«Некалі я набраў на рэжысуру 10 чалавек, разагнаў 9 зь іх. Застаўся 1 чалавек. А потым я бегаў па ўсім Менску і шукаў сабе студэнтаў. Таму набіраць больш ня буду. Я ж ня проста вучу, але і нясу адказнасьць за сваіх вучняў — і за Краўчанку, і за Ганум. Я назіраю за імі. Трэба іх выгадаваць».

Купалаўскаму ў 2020-ым будзе 100 гадоў. Але тэатар ніколі не „падыхаў“, калі хтосьці паміраў ці сыходзіў. Гэты браняпоезд будзе ехаць, рухацца далей.

Мікалай Пінігін прыгадаў вядомую фразу слыннага Георгія Таўстаногава: «Я памру, і тэатар здохне». Але ён такую пазыцыю тэатральнага клясыка клясыка і пэдагога не падзяляе.

«Купалаўскаму неўзабаве будзе 100 гадоў — у 2020-м. Але тэатар ніколі не „падыхаў“, калі хтосьці паміраў ці сыходзіў. Гэты браняпоезд будзе ехаць, рухацца далей. Спадзяюся, усё атрымаецца», — перакананы Мікалай Пінігін.

«Няма мэсэджу, каб укладаць у тэатар, культуру. У краіне іншыя прыярытэты»

На пытаньне, ці ўдзельнічае бізнэс, спонсары, мэцэнаты ў фінансаваньні новых пастановак звыш сьціплага дзяржаўнага фінансаваньня, ці ёсьць ініцыятыва ад ураду, кіраўніка дзяржавы, Мікалай Пінігін адказаў спачатку вельмі коратка: «Мэсэджу няма». Потым разьвіў сваю думку.

«Усе вышэйшыя чыноўнікі Беларусі працуюць у спартовых фэдэрацыях, усе да адзінага занятыя спортам. У краіне іншыя прыярытэты. Так што мэсэджу няма, каб укладаць у тэатар, у культуру. Адны ня хочуць, ад іх і не патрабуюць, а хтосьці баіцца», — скрушна дадаў Пінігін.

Праўда, на пастаноўку «Радыё Прудок» быў невялікі дадатковы грант Міністэрства культуры, будзе яшчэ грант на пастаноўку «Ўраджаю». «Радыё Прудок» фінансавала часткова кампанія «Вэлком», аплаціла яна і гастролі на радзіме Горвата ў Калінкавіцкім раёне.

Сцэна са спэктаклю «Радзіва „Прудок“»
Сцэна са спэктаклю «Радзіва „Прудок“»

«Гэта сапраўды космас!» — «Радзіва «Прудок» паглядзелі землякі і героі Горвата

Гастролі тэатру ў Кітай з чэхаўскай «Чайкай» аплацілі кітайцы, арганізацыя «Шаўковы шлях». А Купалаўскі даўно ня быў на гастролях нават у абласных гарадах Беларусі — няма сродкаў.

«Калі выбіраць паміж гастролямі і новымі пастаноўкамі, я, безумоўна, выбіраю новыя пастаноўкі», — прызнаўся Мікалай Пінігін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG