Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы спэктакль Купалаўскага — пра страх перад акупацыяй Беларусі Расеяй


Здымкі Мікіты Клютко
Здымкі Мікіты Клютко

Гатычны твор Яна Баршчэўскага ператварыўся на сцэне Купалаўскага тэатру ў нейкае дзівоснае карнавальнае дзейства.

Вострая плястыка, падкрэсьлена несапраўдныя монстры, чарапы і косьці, буфанадная ігра актораў — усё гэта прымушае ўспомніць эстэтыку беларускага тэатру 20-х гадоў.

Напачатку ты зьбянтэжаны і не зусім разумееш, што перад табой адбываецца.

Гэта дакладна не клясычны Баршчэўскі.

Гэта нейкая гратэскная імправізацыя на тэму.

Тут галоўнае ня слова, а рух. Перад намі імклівае плястычна-танцавальнае дзейства, тэма якога казачна нескладаная: Белая сарока (тут яна — мэтафара Расеі) хоча падпарадкаваць сабе наш край, а галоўныя героі (шляхціц Завальня і яго пляменьнік Ян Баршчэўскі) супрацьстаяць гэтаму.

На сцэне зьяўляюцца дэманічныя рыбіны, жудасны шатан Нікітрон, які ўсяляецца ў цела аднаго з герояў, вялізарны гадзілападобны шкілет Цмока, прывіды і нават індыйскія сланы.

Амаль усе пэрсанажы ўзбуджаныя і нэрвовыя.

Жарсьці носяць падкрэсьлена знарочысты характар. Такое адчуваньне, што акторы іграюць дзяцей, якія ўяўляюць сябе дарослымі.

Тэма акупацыі заяўляецца ў спэктаклі адкрыта-дэклярацыйным чынам.

Белая сарока гаворыць па-расейску зь нямецкім акцэнтам, і адразу становіцца ясна, што перад намі карыкатура на імпэратрыцу Кацярыну.

Сьпярша падобная эстэтыка раздражняе, але затым пачынаеш разумець, што ўсё гэта зроблена сьвядома.

Пастаноўшчык Алена Ганум ня проста так надала свайму вялікаму страху перад магчымай расейскай акупацыяй рысы народнага вулічнага тэатру.

Актораў купалаўскага тэатру яна сваёй рэжысэрскай воляй ператварыла ў дзівакавата-інфантыльных калядоўшчыкаў, што разыгрываюць па-дзетсадаўску «страшную» казку пра шатанаў, якія хочуць падпарадкаваць нас сваёй волі.

Такім чынам, на сцэне не рэальныя героі з твору Баршчэўскага, а вулічныя артысты, саматужныя майстры імправізацыі, якім эстэтыка пастановак Галубка ці Міровіча бліжэйшая, чым тонкія інтэрпрэтацыі пазьнейшых клясыкаў.

Драматургія Сяргея Кавалёва адмыслова нескладаная, як быццам створаная не для акадэмічнага тэатру, а для вандроўнай трупы.

Алена Ганум упэўненая — свае страхі лепей паказваць праз карнавал, зухаваты танец, а монстрам надаваць вонкавую лялечнасьць, тады ня так страшна, тады ўзьнікае ілюзія, што, магчыма, зло не такое і ўсёмагутнае, дастаткова толькі захацець, і яно праваліцца ў палонку і больш ніколі ня зьявіцца.

Гэтай сваёй дзіцячай шчырасьцю і непасрэднасьцю спэктакль і кранае.

Гатычны, самотны твор Яна Баршчэўскага ператвораны ў казку са шчасьлівым канцом.

Тых гледачоў, якія будуць незадаволеныя падобным рэжысэрскім вырашэньнем, тым ня менш, думаю, зачаруе дзівосная харэаграфія, якую стварыла Вольга Скварцова.

Плястычнае ператварэньне пана Альбэрта (Раман Падаляка) у монстра — гіпнатызуе. Калі глядзіш эпізод, як Цмок (Павал Паўлюць) спакушае Агапку (Крысьціна Дробыш), то зачароўваесься танцавальным эратызмам гэтай сцэны. Назіраць за плястыкай дэмана Нікітрона (Іларыя Шашко), Чарнакніжніка (выдатная роля Івана Труса), Белай Сарокі (запамінальны Аляксандар Казела) — сапраўднае эстэтычнае задавальненьне.

Часам нават хочацца, каб у спэктаклі было менш дыялёгаў, а больш харэаграфічных нумароў, і ўвогуле ўзьнікае крамольная думка, каб «Шляхціц Завальня» ператварыўся ў... балет. Цудоўныя, трэніраваныя артысты (як тут яшчэ не згадаць па-балетнаму гнуткую Дзіяну Камінскую ў масавых сцэнах) цалкам змогуць перадаць рэжысэрскую задуму бяз словаў, адной толькі плястыкай.

Гэты незвычайны спэктакль — безумоўная ўдача Алены Ганум і ўсяго калектыву.

Адны будуць рады яго плякатна-антыакупацыйнай скіраванасьці.

Іншыя застануцца ў захапленьні ад шыкоўнай харэаграфіі і тонкай сцэнаграфіі (Кацярына Шымановіч, Сяргей Ашуха).

Дзеці стануць хадзіць на яго, бо любяць казкі.

А прыхільнікі псыхалягічнага тэатру знойдуць і сябе чым парадаваць: у галоўных ролях тут занятыя вялікія тэатральныя артысты Генадзь Аўсяньнікаў (Шляхціц Завальня) і Тамара Міронава (Мальгрэта).

Словам, Алене Ганум удалося стварыць унікальны твор, якому суджана доўгае сцэнічнае жыцьцё, спыніць якое зможа хіба толькі... рэальная акупацыя Беларусі Расеяй, чаго, спадзяёмся, ніколі ня будзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG