Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі — Болтану: Украіна вітае ўступленьне ЗША ў нармандзкі фармат


Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з дарадцам па нацыянальнай бясьпецы ЗША Джонам Болтанам/

Украіна вітае ўступленьне ЗША ў нармандзкі фармат, заявіў украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з дарадцам па нацыянальнай бясьпецы ЗША Джонам Болтанам у Кіеве.

Згодна з заявай на сайце канцылярыі прэзыдэнта Ўкраіны, Зяленскі выказаў надзею, што ЗША будуць больш уцягнутыя ў перамоўны працэс па Данбасе.

У сваім інтэрвію Радыё Свабода сам Болтан ня выключыў удзелу ЗША і Вялікабрытаніі ў «нармандзкім фармаце».

У апошнія тыдні вядуцца размовы пра тое, што пасьля доўгага перапынку ў хуткім часе можа адбыцца новы саміт у «нармандзкім» фармаце з удзелам кіраўнікоў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікае правесьці такі саміт. Ён таксама прапанаваў пашырыць колькасьць удзельнікаў за кошт лідэраў Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў, але гэтая прапанова яшчэ не была падтрыманая.

26 жніўня прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што наступныя перамовы ў нармандзкім фармаце пройдуць у верасьні, але не прызначыў даты.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, са свайго боку, ужо заявіў, што можа сустракацца з украінскім лідэрам толькі ў выпадку наўпроставых перамоваў Кіева зь кіраўнікамі ўзброеных сэпаратысцкіх груповак «ДНР» і «ЛНР», якія прызнаныя тэрарыстычнымі ва Ўкраіне. Пакуль афіцыйны Кіеў адхіліў такую магчымасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG