Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтарвыбаркам не дапускае думкі, што назіральнікі БДІПЧ абмінуць беларускія выбары


Назіральнікі ад АБСЭ на выбарчым участку, архіўнае фота

«Па-іншаму мы сытуацыю і не ўяўляем. Яны заўсёды да нас прыяжджаюць», — заявіла Свабодзе 27 жніўня пасьля сустрэчы з ацэначанай місіяй БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Алена Дзьмухайла.

Яна расказала, што ў складзе ацэначнай місіі, якая прыбыла ў Менск, тры экспэрты: два з БДІПЧ і адзін з Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

«Гэта ацэначная альбо, як яе яшчэ называюць, тэхнічная місія. Пасьля шэрагу сустрэчаў у Менску яны будуць дакладаць кіраўніцтву Бюро сытуацыю ў Беларусі. А ўжо яно прыме канчатковае рашэньне», — патлумачыла Дзьмухайла.

Візыт экспэрты БДІПЧ пачалі з размовы ў ЦВК. Затым наведалі Палату прадстаўнікоў. Таксама ў праграме — сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў, зь незалежнымі назіральнікамі ды іншымі беларускімі экспэртамі.

Колькі будзе назіральнікаў?

Назіральнікі БДІПЧ, якія сочаць за выбарчай кампаніяй, дзеляцца на дзьве групы. Доўгатэрміновыя (ад 20 да 30 чалавек) звычайна прыяжджаюць у краіну за паўтара месяца да пачатку выбараў. Кароткатэрміновыя — на апошнія тры дні, у тым ліку асноўны дзень галасаваньня.

На папярэдніх выбарах у Палату прадстаўнікоў, паводле Алены Дзьмухайлы, ад БДІПЧ быў 341 экспэрт. Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей тры дні таму заявіў, што Беларусь згодная прыняць колькі заўгодна назіральнікаў БДІПЧ. «Мы не зьбіраемся абмяжоўваць іх колькасьць», — запэўніў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства.

Што адзначаў БДІПЧ на ранейшых выбарах

Яшчэ ніводнага разу БДІПЧ не прызнаў прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары ў Беларусі (на мясцовыя выбары экспэрты ня езьдзяць) цалкам адпаведнымі дэмакратычным стандартам.

Так, у справаздачы аб папярэдніх (верасень 2016 году) выбарах у Палату прадстаўнікоў назіральнікі Бюро адзначалі, што шэраг даўніх сыстэмных недахопаў не разьвязаны. Заканадаўства абмяжоўвае палітычныя правы і асноўныя свабоды і носіць празьмерна абмежавальны характар.

На выбарах назіралася агульнае павелічэньне колькасьці кандыдатаў, у тым ліку ад апазыцыі, але ў цэлым выбарчая кампанія была мала прыкметная, адзначае БДІПЧ.

Склад выбарчых камісіяў ня быў плюралістычны, што падрывае ўпэўненасьць у іх незалежнасьці, падкрэсьліваецца ў дакумэнце. У склад камісіяў уключылі толькі нязначную колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі. Працэсы галасаваньня, падліку галасоў і зьвядзеньня вынікаў «былі азмрочаныя значнай колькасьцю парушэньняў і бракам празрыстасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG