Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 13 тысяч беларусаў ня сталі вяртаць выплачаны падатак на дармаедзтва


Архіўнае фота. Акцыя супраць дэкрэту «аб дармаедах», 15 сакавіка 2017 году
Архіўнае фота. Акцыя супраць дэкрэту «аб дармаедах», 15 сакавіка 2017 году

Па зварот выплачанага збору на фiнансаваньне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год (так званага «падатку на дармаедаў») дагэтуль не зьвярнуліся 13,2 тысячы беларусаў, паведамляе Finance.tut.by.​

Агульная сума сплочанага імі падатку — каля 3,59 мільёна беларускіх рублёў.

Паводле прэзыдэнцкага дэкрэту № 1 «Аб спрыяньні занятасьці насельніцтва», тым, хто заплаціў «дармаедзкі» збор, павінны вярнуць грошы.

Падаткавікі разгледзелі 49,5 тысячы заяваў ад беларусаў, якія пажадалі вярнуць выплачаны збор памерам 20 базавых велічыняў. У 2017 годзе такіх было 20,5 тысячы чалавек, у 2018-м — 27,5 тысячы, а ў першым паўгодзьдзі 2019-га — 1,5 тысячы, паведамілі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Агулам беларусам вярнулі выплачаныя падаткі на суму 15,01 мільёна рублёў.

Каб вярнуць выплачаны падатак, трэба напісаць заяву ў падатковую на месцы жыхарства і падаць дакумэнт, які сьведчыць асобу. Грошы падаткавікі вяртаюць цягам месяца з дня падачы заявы на рахунак у беларускім банку або наяўнымі ў касах Беларусбанку.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG