Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск наняў лабіста, каб купляць нафту ў ЗША


Здабыча нафты ў Каліфорніі

Пра гэта паведамляе вашынгтонскі карэспандэнт нашага радыё.

Паводле зьвестак Радыё Свабода дзяржаўная беларуская нафтавая кампанія (БНК) наняла амэрыканскага лабіста Дэвіда Генкарэлі, каб дамагчыся поўнага скасаваньня амэрыканскіх санкцыяў, што адкрыла б магчымасьць для Беларусі купляць нафту ў ЗША.

Генкарэлі будзе дапамагаць БНК атрымаць адмысловую ліцэнзію ад міністэрства фінансаў ЗША на «закупку сырой нафты з пастаўкай на нафтаперапрацоўчыя заводы ў Рэспубліцы Беларусь».

Дэвід Генкарэлі працуе лабістам амаль тры дзесяцігодзьдзі.

Беларускія ўлады заяўляюць пра намер скараціць долю Расеі ў зьнешнім гандлі прыблізна з паловы да адной траціны. Адзін са спосабаў дасягненьня гэтай мэты — імпарт амэрыканскай нафты.

«Гаворка ідзе пра вывучэньне "чырвоных лініяў" у адносінах з Расеяй», заявіў карэспандэнту Радыё Свабода Джэф Манкаф, намесьнік дырэктара і старэйшы супрацоўнік праграмы «Расея і Эўразія» Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў.

«Я думаю, што ў любым выпадку беларускі бок хацеў бы мець такую магчымасьць, гэта было б формай узьдзеяньня на расейцаў: Вы хочаце скараціць нам субсыдыю — мы будзем купляць нафту ў амэрыканцаў» — сказаў Манкаф.

За мінулае дзесяцігодзьдзе здабыча нафты ў ЗША вырасла больш чым удвая і склала рэкордныя 12,3 млн барэляў у дзень у жніўні сёлета. Рост вытворчасьці нафты дазволіў Вашынгтону скасаваць у 2016 годзе забарону на экспарт сырой нафты.

Амэрыканская нафта была экспартавана ва Ўкраіну ўпершыню сёлета ў ліпені. На магчымасьць экспарту нафты ў Беларусь уплываюць санкцыі, якія дзейнічаюць адносна яе.

Эканамічныя санкцыі адносна канцэрну «Белнафтахім» былі ўведзеныя ў 2007 годзе. У 2015 годзе дзеяньне санкцыяў было прыпыненае, рашэньне аб працягу прыпыненьня пазьней прымалася кожныя паўгоду. Цяперашні тэрмін прыпыненьня сканчаецца 25 кастрычніка сёлета.

Генкарэлі будзе дамагацца поўнага скасаваньня санкцыяў адносна «Белнафтахіму» і прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у канцэрн.

Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтую інфармацыю эканамістку, экспэртку ў пытаньнях энэргетыкі Тацьцяну Манёнак і палітоляга, сустаршыню ініцыятывы «Менскі дыялёг» Дзяніса Мельянцова.

Тацьцяна Манёнак
Тацьцяна Манёнак

Манёнак: Тое, што Беларуская нафтавая кампанія( БНК) шукае альтэрнатыўныя крыніцы і шляхі пастаўкі нафты — гэта не сакрэт. Яшчэ ў красавіку было абвешчана, што да канца году БНК зьбіраецца прыцягнуць у Беларусь па 200 тысячаў тонаў у месяц зь нерасейскіх крыніцаў. Да канца году засталося няшмат. Пакуль альтэрнатыўнай нафты не было пастаўлена ніводнай тоны.

Магчыма, адыграла сваю ролю сытуацыя з бруднай расейскай нафтай, НПЗ панесьлі вялікія фінансавыя страты. Лукашэнка неаднаразова ставіў задачу пошуку альтэрнатыўных крыніцаў нафты.

Пасьля 2024 году Беларусь будзе атрымліваць з Расеі нафту па рынкавай цане ў сувязі з завяршэньнем падатковага манэўру ў РФ. Пакуль Беларусь атрымлівае нафту з РФ па цане, якая складае 80% ад усясьветнай. І пакуль Беларусь мае такую прэфэрэнцыю ад Расеі, пошук альтэрнатывы ня вельмі актуальны.

Вельмі складана ўявіць, што гэтая альтэрнатыва будзе больш таннай. Сабекошт амэрыканскай сланцавай нафты адносна невысокі, але ў гэтым выпадку вельмі шмат каштуе лягістыка, дастаўка.

Пастаўкі, калі яны будуць арганізаваныя, пойдуць праз порты краінаў Балтыі, а адтуль чыгункай хутчэй за ўсё на Наваполацкі НПЗ.

Можна і на Мазырскі з дастаўкай у Адэсу і адтуль на нафтаправоду Адэса-Броды. Тэхнічна такая магчымасьць ёсьць, яна ўжо пратэставаная. Але для Ўкраіны гэта будзе выгадна толькі ў тым выпадку, калі Беларусь гарантуе, што пастаўкі праз гэты нафтаправод будуць ня менш як 4-5 мільёны тонаў.

Я скептычна стаўлюся да такой пэрспэктывы. Пакуль выглядае, што для Беларусі такая альтэрнатыва — гэта козыр у гандлі з Расеяй наконт кампэнсацыі падатковага манэўру і больш прывабных умоваў пастаўкі нафты на беларускія НПЗ пасьля 2024 году. Расейцы зацікаўленыя ў пастаўках нафты ў Беларусь. Гэта недалёка везьці, акрамя таго, расейскія кампаніі валодаюць прыкладна 20-30% беларускіх заправак. Яны не сыйдуць з беларускага рынку.

Дракахруст: Наколькі слушнае меркаваньне амэрыканскага палітоляга Джэфа Манкафа, што Менск можа выкарыстоўваць пастаўкі нафты з ЗША ня столькі як рэальную альтэрнатыву, колькі як інструмэнт узьдзеяньня на Расею?

Манёнак: Ёсьць пэўная рацыя ў такіх развагах, Расея вельмі раўніва ставіцца да любой альтэрнатывы для Беларусі. Гэта можа стаць пэўным аргумэнтам у перамовах Менску і Масквы. Але ў Расеі выдатна разумеюць, што Беларусі наўрад ці хто паставіць нафту больш танную, чым расейская.

Міхаіл Бабіч, калі быў амбасадарам РФ у Беларусі, казаў, што Расеі было б нават выгадна, калі б Беларусь знайшла альтэрнатыву расейскай нафце, бо гэта зьнізіла б памер расейскай субсыдыі і нагрузку на бюджэт РФ.

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Мельянцоў: Дывэрсыфікацыя і ў эканоміцы, і ў палітыцы — гэта апошні беларускі трэнд. Тут няма нічога дзіўнага. Але пытаньне, ці могуць гэтыя пастаўкі быць рэальнай альтэрнатывы. Няма праблемаў набываць энэрганосьбіты на ўсясьветным рынку, але заўсёды ёсьць пытаньне цаны. І Расея заўсёды дасьць лепшую цану.

Спробы дывэрсыфікаваць пастаўкі рабіліся і раней, спрабавалі купляць і вэнэсуэльскую, і азэрбайджанскую нафту. І тады не агучвалася, колькі ж гэтая альтэрнатыўная нафта каштавала з улікам дастаўкі. Тое самае будзе і з амэрыканскай.

Дракахруст: Ці ня выклічуць пастаўкі нафты з ЗША ў Беларусь асаблівае раздражненьне ў Маскве? Усё ж і Вэнэсуэла, і Азэрбайджан — гэта палітычна блізкія Расеі дзяржавы. Пастаўкі зь іх у Беларусь таксама асабліва ня радавалі расейцаў. Але тут ідзе размова пра пастаўкі ад геапалітычнага праціўніка, ледзь не ворага Расеі.

Мельянцоў: Расейскі бок будуць раздражняць ня толькі пастаўкі нафты з ЗША, але любыя кантакты Беларусі з Захадам. Яны нэрвова рэагуюць нават на культурныя ці дасьледныя мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў ЗША. Але тут жа ідзе гаворка пра звычайныя камэрцыйныя пастаўкі, размова ж не ідзе пра эксклюзіўныя пастаўкі ў Беларусь вайсковай тэхнікі ці пра амэрыканскія базы.

Пэўныя расейскія СМІ на гэтым паспэкулююць, але пазыцыя МЗС РФ будзе стрыманай.

Дракахруст: Пастаўкі з Амэрыкі як спосаб ціску, узьдзеяньня на Расею — наколькі гэта эфэктыўна? Расейцы ж умеюць лічыць, для іх не сакрэт, колькі будзе каштаваць Беларусі амэрыканская нафта. У іх ёсьць прымаўка «За морем телушка — полушка, да рубль перевоз». Дык магчыма гэты ціск ніяк на расейцаў не паўзьдзейнічае?

Мельянцоў: Я прыкладна пра гэта і кажу. Сурʼёзнай эканамічнай альтэрнатывай гэта ня будзе. Але Беларусі, як сувэрэннай дзяржаве варта дэманстраваць, што мы не паддадзімся на эканамічны ціск. І калі на шалі вагаў будзе пакладзены сувэрэнітэт Беларусі і цана на нафту, то палітычны чыньнік пераважыць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG