Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія заявіла, што ня толькі ня хоча, а і ня можа купляць энэргію зь БелАЭС


На будоўлі Астравецкай АЭС, архіўнае фота

Свабода атрымала адказ на пытаньні аб магчымай пакупцы электраэнэргіі зь Беларускай АЭС ад Міністэрства эканомікі Латвіі, якое займаецца і пытаньнямі энэргетыкі.

Тыдзень таму прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Латвія вырашыла супрацоўнічаць з Беларускай АЭС, купляючы ў яе энэргію.

Урад Латвіі пазьней адказаў, што не зьбіраецца купляць энэргію зь БелАЭС, а прадстаўнік Асацыяцыі электраэнэргетыкі Латвіі растлумачыў Свабодзе, што значыла рашэньне латвійскіх уладаў наконт адкрыцьця межаў краіны зь Беларусьсю і Расеяй для гандлю энэргіяй.

20 жніўня Свабода атрымала афіцыйны адказ на свае пытаньні ад Міністэрства эканомікі Латвіі, якое займаецца і пытаньнямі энэргетыкі.

Намесьніца дырэктара дэпартамэнту энэргетычнага рынку і інфраструктуры Ліга Разэнтале растлумачыла, што купля энэргіі ў Латвіі наўпрост зь БелАЭС цяпер тэхнічна немагчымая.

«Латвія ня мае электрычнага злучэньня зь Беларусьсю, таму мы ня можам купляць электрычнасьць наўпрост зь БелАЭС, — напісала Разэнтале. — Мы маем злучэньне з Расеяй і зьбіраемся выкарыстоўваць яго для гандлю».

Рашэньне купляць электрычнасьць з Расеі (і не зь Беларусі), тлумачыць яна, не палітычнае, а эканамічнае і тэхнічнае. Літоўскі закон, які забараніў імпарт электрычнасьці зь Беларусі, таксама фактычна забараніў яго з Расеі, бо цяпер расейская элетрычнасьць трапляе ў краіны Балтыі празь Беларусь.

«Гэта ня толькі істотна зьнізіць аб’ём паставак электраэнэргіі, але, на думку латвійскага апэратара сыстэмы перадачы, можа павялічыць тарыф на электраэнэргію для спажыўца на 5-10%, што для Латвіі непрымальна», — заяўляе прадстаўніца міністэрства.

У Латвіі электрычнасьць прадаецца на вольным рынку праз сыстэму Nord Pool — любая кампанія ці гаспадарка можа сама выбраць, у каго з дапушчаных на рынак пастаўнікаў купляць энэргію і які з прапанаваных тарыфаў выбраць. Дзяржаўная кампанія Latvenergo — толькі адзін з прадаўцоў на гэтым рынку. У папярэднія гады Латвія экспартавала і імпартавала электраэнэргію прыкладна ў роўных аб'ёмах, а асноўныя абʼёмы імпарту былі са Швэцыі (у значна меншай ступені — з Польшчы і Расеі).

Істотных зьменаў у аб’ёмах паставак расейскай энэргіі і ў гандлі з трэцімі краінамі не чакаецца, але цяпер апэратар сыстэмы перадачы энэргіі ў Латвіі пралічвае мэтодыку гандлю і разьмеркаваньня магутнасьцей для гандлю з Расеяй, і гэтую мэтодыку павінен яшчэ зацьвердзіць нацыянальны рэгулятар.

Улады ж ня маюць зьвестак пра канфідэнцыйныя дамовы між пастаўнікамі і вытворцамі — толькі пра аб’ёмы, якія прапануюць пастаўнікі, адзначае Разэнтале. Гэта значыць, калі нехта ў Расеі закупіць энэргію зь БелАЭС і стане прадаваць яе з Расеі ў Латвію, латвійцы пра гэта ня змогуць даведацца «аўтаматычна».

Адносна бясьпекі БелАЭС Разэнтале адзначыла:

«Як ужо падкрэсьлівалі ўсе краіны Балтыі, важна, каб Беларусь выконвала ўсе міжнародныя патрабаваньні па ядзернай бясьпецы і экалягічныя канвэнцыі, у тым ліку Канвенцыю Эспа, для праекту АЭС».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG