Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскім рабочым зь БелАЭС, якія патрабавалі заробкаў, пачалі выплачваць грошы


Рабочыя з Расеі на будоўлі Астравецкай АЭС, якім ня выплацілі заробак. 15 жніўня 2019 году

Па словах аднаго зь іх, цалкам разьлічыцца зь людзьмі працадаўца абяцае да 22 жніўня.

15 жніўня каля 50 мантажнікаў з Расеі, нанятых кампаніяй «Сезам» на будаўніцтва Астравецкай АЭС, расказалі Свабодзе, што ня могуць атрымаць заробкі за некалькі месяцаў працы. Называлі сумы доўгу памерам 1–2 тысячы даляраў. Па словах рабочых, у большасьці зь іх на момант звароту ў СМІ не заставалася грошай ні на праезд дадому ў Расею, ні на харчаваньне і аплату жыльля.

Пасьля выхаду публікацыі і звароту да прадстаўнікоў кампаній, якія наймалі расейцаў для працы ў Беларусі, рабочым пачалі набываць квіткі ў Расею. Як сказаў Свабодзе адзін з расейскіх мантажнікаў, Аляксандар Лычаў, з 19 жніўня рабочым пачалі выплачваць заробкі.

«Нам паабяцалі ў панядзелак разьлічыцца (19 жніўня. — РС), — сказаў Лычаў. — Галоўны інжынэр паабяцаў за ліпень разьлічыцца. І зараз за ліпень разьлічваюцца. Але не з усімі, а з тымі, хто застаўся там (у Беларусі. — РС). А іншым, хто вярнуўся дадому, пакуль нічога не пералічылі. Я таксама вярнуўся ў Расею. То бок выплачваюць, але ня ўсё. Бывае, што павінны 70 тысяч выплаціць, а выплацілі 60. Абяцаюць у сераду-чацьвер разьлічыцца цалкам. Пакуль чакаем».

Свабода накіравала афіцыйны запыт з просьбай патлумачыць сытуацыю ў Дырэкцыю будаўніцтва Астравецкай АЭС. Адказу пакуль няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG