Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія мэдыкі стануць спонсарамі правядзеньня Дня гораду


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіраўніцтва Гомельскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі прапанавала мэдыкам стаць спонсарамі Дня гораду 14 верасьня. Адпаведны дакумэнт трапіў у распараджэньне тэлеграм-канала блогера Nexta.

«Штогод з нас зьбіраюць грошы на Дзень гораду. Гэта такія ж абавязковыя зборы, як і на Чырвоны Крыж, падпіску. Летась здавалі па 4 рублі», — пацьвердзіў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці адзін з супрацоўнікаў «хуткай дапамогі».

Гомельская цэнтральная гарадзкая паліклініка накіравала ліст галоўным урачам і загадчыкам філіялаў. Там гаворыцца, што «па даручэньні гарвыканкаму» каардынатар па зборы спонсарскай дапамогі да Дня гораду сярод мэдустаноў — цэнтральная паліклініка.

«Паліклініка даручае вам аказаць падтрымку ў прыцягненьні спонсарскай дапамогі ў выглядзе пералічэньня сродкаў на разьліковы рахунак Гомельскага гарадзкога цэнтру культуры да 26 жніўня», — пазначана ў дакумэнце. Ён падпісаны выканаўцай абавязкаў галоўнага лекара Сьвятланай Філіпковай.

У дакумэнце пералічваюцца філіялы паліклінікі і сумы, якія яны «вінныя» на правядзеньне Дня гораду. Усе філіялы абцяжараныя падтрымкай Дня гораду на суму 90 рублёў, акрамя паліклінікі № 1 — тая мусіць «прыцягнуць» 180 рублёў. Стаматалягічная паліклініка мусіць пералічыць 540 рублёў, дзіцячая — 630.

Супрацоўнікі гомельскіх шпіталяў, між тым, не зьбіраюць грошы на Дзень гораду. Пра гэта Свабодзе паведамілі супрацоўнікі Гомельскага абласнога клінічнага шпіталя і гарадзкога спэцыялізаванага клінічнага шпіталя.

У адміністрацыі цэнтральнай паліклінікі спраўдзіць інфармацыю пра зборы на Дзень гораду не ўдалося. На працягу працоўнага дня 16 жніўня выканаўца абавязкаў галоўнага лекара Сьвятлана Філіпкова была недасяжная для камэнтароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG