Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі былы сьледчы запатрабаваў распачаць крымінальную справу супраць Сталіна


1924 год. Іосіф Сталін. Архіўнае фота.

Былы сьледчы Генпракуратуры запатрабаваў распачаць крымінальную справу супраць кіраўніка СССР у 20-50-я гады XX стагодзьдзя Іосіфа Сталіна. Ён патрабуе прызнаць яго вінаватым у арганізацыі масавых забойстваў і генацыду.

Справа ня можа быць распачатая з прычыны сьмерці падазраванага, аднак дзяржава перад адмовай абавязаная даць прававую ацэнку яго дзеяньням, настойвае пазоўнік.

Аб пазове былога сьледчага Ігара Сцяпанава паведамляе ў чацьвер расейская газэта «Коммерсант». Сцяпанаў, чые сваякі, былі рэпрэсаваныя за савецкім часам, патрабуе прызнаць Сталіна арганізатарам расстрэлаў на падставе загаду НКУС № 00447 ад 30 ліпеня 1937 году «Аб апэрацыі па рэпрэсаваньні былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элемэнтаў».

У падпісаным Сталіным дакумэнце прапануецца расстраляць 82,7 тысячы чалавек і яшчэ 193,4 тысяч выслаць у лягеры. Такім чынам, указаў у заяве Ігар Сцяпанаў, Сталіна варта лічыць «арганізатарам масавых забойстваў, гэта значыць генацыду праваслаўных сьвятароў і іншых грамадзянаў».

Сьледчы камітэт, куды Сцяпанаў накіраваў заяву, перанакіраваў зварот у галоўнае сьледчае ўпраўленьне па Маскве. Генпракуратура пераслала заяву ў Іванаўскую вобласьць, дзе не знайшлі падставаў для працэсуальнай праверкі. Сьцяпанаў абскардзіў адмову пракуратуры ў Канстытуцыйным судзе.

Паводле зьвестак цэнтру «Мэмарыял», зварот Сьцяпанава з патрабаваньнем завесьці справу на Сталіна, верагодна, першы падобны выпадак у Расеі. У гэтай краіне дзеяньні Сталіна афіцыйна не асуджаныя.

Іосіф Сталін кіраваў Савецкім Саюзам з пачатку дваццатых гадоў да сваёй сьмерці ў 1953 годзе. Паводле ацэнак праваабарончага таварыства «Мэмарыял», каля 30 гадоў займаецца зборам архіўных дадзеных і ўспамінаў, ад рэпрэсій у сталінскі час непасрэдна пацярпелі ня менш за 12,5 мільёнаў жыхароў СССР.

Паводле апублікаванага ў красавіку апытаньня сацыялягічнага «Левада-цэнтру», ролю Сталіна ў гісторыі станоўча ацэньваюць 70 адсоткаў расейцаў. Амаль палова рэспандэнтаў, паводле апытаньня, гатовыя апраўдаць рэпрэсіі. Гэта рэкордны паказчык за ўсе гады адпаведных дасьледаваньняў.

У сьнежні 2018 году суд у Маскве адхіліў пазоў Ігара Сьцяпанава да дырэктара расейскай Фэдэральнай службы бясьпекі Аляксандра Бортнікава, які назваўся масавыя расстрэлы падчас Вялікага тэрору ў СССР «перагібамі на месцах».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG