Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх дзяцей сталі часьцей незаконна вывозіць за мяжу пры разводзе


© Shutterstock

Беларусам хочуць надаць права непасрэдна зьвяртацца ў замежныя краіны, чаго пакуль няма ў беларускім заканадаўстве.

На сёньня, калі нехта зь беларусаў палічыць, што ягонае дзіця неправамерна перавезенае ў замежную краіну (што здараецца пры разводзе беларусаў зь іншаземцамі), адзіны спосаб вярнуць сына ці дачку — зьвярнуцца ў Міністэрства юстыцыі Беларусі.

Цяпер працэдуру хочуць адкарэктаваць. Такую магчымасьць разглядалі 5 жніўня ў заканадаўчай камісіі Палаты прадстаўнікоў, якая рыхтуе на восеньскую сэсію законапраект «Аб зьмяненьні законаў па пытаньнях грамадзянскіх аспэктаў міжнароднага выкраданьня дзяцей».

Рабочая група прапануе дапоўніць праект нормай «аб прадстаўленьні права зьвяртацца з заявай аб вяртаньні неправамерна перамешчанага ў замежную дзяржаву дзіцяці ў кампэтэнтны орган дзяржавы, у якую дзіця перамешчана, ня толькі празь Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, але і непасрэдна ў гэты орган».

Міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі тлумачыць, чаму гэтая праблема абмяркоўваецца менавіта цяпер:

«Раней яна не была актуальнай для нашай краіны. Але пачынаючы з 2012 году колькасьць зваротаў да нас стала расьці. Напрыклад, у 2018 годзе такіх выпадкаў стала ў чатыры разы болей [у параўнаньні з 2012-м. — РС]. Падобныя прэцэдэнты найчасьцей зьвязаныя з такімі краінамі, як Турэччына, Нямеччына, Італія, Канада, Нідэрлянды».

Міністар таксама падкрэсьліў, што суды разглядаюць такія справы, адштурхоўваючыся ад Канвэнцыі аб грамадзянскіх аспэктах міжнароднага выкраданьня дзяцей. Беларусь далучылася да яе яшчэ ў 1997 годзе.

«Прымаецца пад увагу час, які дзіця правяло на тэрыторыі іншай дзяржавы. Калі яно, напрыклад, некалькі гадоў пражыло ў Беларусі, хадзіла тут у дзіцячы сад, школу, то ў яго склалася пэўнае кола зносін, яно размаўляе на мове, якую лічыць роднай. Трапіць у іншае асяродзьдзе — гэта, безумоўна, стрэс для дзяцей. І суды, разглядаючы такія спрэчкі, павінны зыходзіць з інтарэсаў дзіцяці» — кажа Алег Сліжэўскі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась беларусы заключылі каля 4500 шлюбаў зь іншаземцамі, у тым ліку 3600 — з грамадзянамі СНД.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG