Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтам alma mater Лукашэнкі можна стаць, здаўшы ЦТ на 7 балаў. Топ самых-самых спэцыяльнасьцяў у ВНУ


Belarus - Reception of documents in BSUIR, applicants of the BSUIR, 12Jul2019

Выпускнікі мараць стаць дыпляматамі, праграмістамі, стаматолягамі, перакладчыкамі, і зусім мала хто ў будучыні хоча працаваць на зямлі — інжынэрамі-мэліяратарамі, заатэхнікамі, аграномамі.

Сёлета ў сельскагаспадарчых ВНУ недабор і таму прахадны бал меншы за 100. А на некаторыя спэцыяльнасьці БДУ, мэдыцынскага і лінгвістычнага ўнівэрсытэтаў прахадны бал пераваліў за 370.

Абсалютны рэкорд дзесяцігодзьдзя адзначаны сёлета на міжнародным праве ў БДУ — 385 балаў.

У Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію бяруць зь сямю баламі

Нягледзячы на тое, што тэрмін прыёму дакумэнтаў на бюджэт скончыўся 17 ліпеня, у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі ўжо абвясьцілі дадатковы набор. Мінімальны парогавы бал — 7 са 100 па профільных прадметах — хіміі, біялёгіі, матэматыцы, фізыцы. Прычым, як паведамілі ў прыёмнай камісіі акадэміі, гэта распараджэньне Міністэрства адукацыі.

Лекцыя ў Горацкай акадэміі, архіўнае фота
Лекцыя ў Горацкай акадэміі, архіўнае фота

А магілёўскі абласны прафсаюз работнікаў аграрна-прамысловага комплексу, каб дапамагчы альма-матэр кіраўніка дзяржавы, разаслаў ва ўстановы адукацыі (каледжы, ліцэі, школы) лісты з патрабаваньнем «правесьці тлумачальную працу сярод выпускнікоў аб накіраваньні іх на вучобу ў Горацкую сельгасакадэмію — па 2-3 чалавекі з раёну», піша тэлеграм-канал Nexta.

На спэцыяльнасьць «мэліярацыя і водная гаспадарка» падалі ўсяго 2 заявы пры пляне прыёму 20 чалавек. Стаць адмыслоўцамі ў птушкагадоўлі пры пляне прыёму ў 23 чалавекі знайшлося 12 ахвотных; сельскімі будаўнікамі хочуць стаць 12 абітурыентаў пры пляне 25.

Летась самыя нізкія прахадныя балы былі ў будучых заатэхнікаў (105) і аграномаў (86).

Які прахадны бал будзе сёлета ў Гарацкай сельскагаспадарчай акадэміі, даведаемся не раней за пачатак жніўня.

У Горадзенскім сельскагаспадарчым унівэрсытэце дыяпазон прахадных балаў — ад 104 да 282

На 405 бюджэтных месцаў у Горадзенскім сельскагаспадарчым унівэрсытэце пададзена 549 заяваў, конкурс склаў 1,4 чалавека на месца. Значную колькасьць студэнтаў залічылі па мэтавым наборы, паведамляе афіцыйны сайт ВНУ.

Найменшыя прахадныя балы былі на спэцыяльнасьці «аграхімія і глебазнаўства» — 107, «заатэхнія» — 104. На «тэхналёгію мяса і мясных прадуктаў» прахадны бал быў 258. Найбольшы прахадны бал быў на інжынэрна-тэхналягічны факультэт, спэцыяльнасьць «тэхналёгія малака і малочных прадуктаў» — 282.

11 абітурыентаў, якія паступалі ў ГСГУ, мелі больш за 300 балаў. Максымальны бал абітурыента быў 322.

У БарДУ недабор

У Баранавіцкім дзяржаўным ўнівэрсытэце на інжынэрны факультэт, спэцыяльнасьць «тэхналёгія машынабудаваньня» дакумэнты падалі 16 чалавек пры пляне набору 18. Залічаць, хутчэй за ўсё, усіх, нават са 131 балам. Летась прахадны бал тут быў 150.

На спэцыяльнасьці «агранамія» і «тэхнічнае забесьпячэньне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасьці» (скарочаная форма навучаньня, на базе сярэдняй спэцыяльнай адукацыі) дакумэнты падалі 20 абітурыентаў пры пряне прыёму 20 чалавек. Значыць, возьмуць усіх, нават абітурыета са 121 балам. Летась прахадны бал на аграномію быў 137.

Самы высокі прахадны бал пакуль у БДУ — 385

На спэцыяльнасьць «міжнароднае права» факультэту міжнародных адносін Белдзяржунівэрсытэту прахадны бал склаў 385 (у 2018 годзе — 382). Пакуль гэта рэкорд.

На спэцыяльнасьць «міжнародныя адносіны» — 379 (у 2018 годзе — 383, а 10 гадоў таму, у 2009, — 343).

На эканамічны факультэт прахадныя балы ў спэцыяльнасьцях «міжнародны мэнэджмэнт» і «інавацыйны мэнэджмэнт» склалі па 371 (у 2018 годзе 373).

На факультэце прыкладной матэматыкі на спэцыяльнасьць «прыкладная інфарматыка» (кірунак «праграмнае забесьпячэньне кампутарных сыстэм» прахадны бал склаў сёлета 364 (у 2018-м — 371); на спэцыяльнасьць «інфарматыка) — 353 (у 2018 годзе — 364).

На юрыдычны факультэт на спэцыяльнасьць «правазнаўства» можна было паступіць з 354 баламі (у 2018 годзе — з 355).

Каб паступіць на «ўсходнюю (кітайскую) філялёгію» філфаку БДУ, трэба было набраць 365 балаў (летась на 1 бал меней).

Лінгвістычны ўнівэрсытэт: рэкордныя 373 балы на перакладчыка з ангельскай

У Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце самы высокі прахадны бал зафіксаваны на перакладчыцкім факультэце (ангельская мова) — 373 (летась быў вышэй — 381 бал).

На спэцыяльнасьць «пераклад з кітайскай мовы» прахадны бал склаў 363.

МДМУ: рэкордныя 370 балаў на стаматоляга

Самы высокі прахадны бал у Менскім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце быў на стаматоляга — 370 (летась 375 балаў). На фармацэўтычны факультэт трэба было набраць 364 балы і больш (летась такі ж самы), на лячэбны — 358 (у 2018 годзе — 351).

БДУІР захоўвае інтрыгу. Да 26 ліпеня

Афіцыйнае залічэньне ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі адбудзецца 26 ліпеня, прахадныя балы пакуль невядомыя.

18 абітурыентаў падалі дакумэнты з 381–390 баламі, 58 — паміж 371 і 380, 86 — паміж 361 і 370, 150 — паміж 351 і 360, 222 — паміж 341 і 350.

Летась, каб паступіць на бюджэт на «эканоміку электроннага бізнэсу», трэба было набраць 383 балы з 400, на «электронны маркетынг» — 377.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG