Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчыцу са Шчучына, якая мацюкаліся на вучня, сапраўды звольнілі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У Шчучынскім райвыканкаме выданьню Tut.by пацьвердзілі, што сацыяльны пэдагог зь мясцовага сельскагаспадарчага ліцэю звольненая.

Чуткі пра звальненьне яе, а таксама дырэктара ліцэю, зьявіліся пасьля публікацыі аўдыёзапісу, на якім мужчына і жанчына лаюцца матам на адрас вучня. Менавіта гэты запіс называюць прычынай звальненьня жанчыны.

Лёс дырэктара ліцэю Дзьмітрыя Маркевіча невядомы, па працоўным нумары ён не адказвае. На сайце ліцэю ён па-ранейшаму значыцца на пасадзе.Паводле неафіцыйных зьвестак, мужчынскі голас на запісе — ягоны.

Першакурсьнік ліцэю, на якога мацюкаліся, напісаў жартаўлівую пэтыцыю, у якой гаварылася, што пры невыкананьні патрабаваньняў будзе «штурм будынку». Запіс з разборкамі ад адміністрацыі трапіў у інтэрнэт.

«Ты ў сацыяльнай сетцы, дзе процьма падлеткаў, напісаў пра штурм ліцэю. Ты ж мог сваіх аднагрупнікаў падбіць. Ты, морда, ахамела...» — гэта адно з самых бяскрыўдных выказваньняў, якое гучыць на запісе. Праз слова з вучнем гавораць мацюкамі.

Свабодзе ўдалося зьвязацца з аўтарам пэтыцыі, але ён адмовіўся камэнтаваць інцыдэнт. Іншыя студэнты распавялі, што пэтыцыя была цалкам жартоўная, ніхто нават ня мог уявіць, што яе ўспрымуць так сур’ёзна. Выдалілі яе так хутка, што мала хто нават пасьпеў пабачыць.

Распавядаюць, што ў ёй, сярод іншага, прапаноўвалі дазволіць свабодную форму адзеньня і скараціць урокі. Як мы зразумелі з размоваў са студэнтамі, манера камунікацыі выкладчыцы нікога надта не зьдзівіла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG