Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падцягнуцца за старэйшым братам». Што Лукашэнка сказаў пасьля сустрэчы з Пуціным


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу, 18 ліпеня

У Санкт-Пецярбургу 18 ліпеня прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна, пасьля якой абодва выступілі на пленарным паседжаньні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі.

Канкрэтныя вынікі перамоваў не называліся: Лукашэнка толькі сказаў, што прапанаваў Пуціну «зьняць усе праблемныя пытаньні ў адносінах Беларусі і Расеі» да 20-годзьдзя саюзнай дамовы — да сьнежня 2019 году.

Міністар эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты адзначыў, што бакі ўзгаднілі пазыцыі «на 80%», але «рэшта носіць прынцыповы характар». Што не ўзгаднілі, ён не пералічыў — згадвалася толькі «дарожная мапа паглыбленьня інтэграцыі» і цэны на газ.

Паводле БелТА, Лукашэнка на форуме таксама казаў:

Пра аднадумца

  • «Калі мой выступ у нечым паўторыць тэзісы прэзыдэнта Расеі, гэта не плягіят. Гэта сьведчыць пра тое, што мы часам аднолькава думаем».

Пра «старэйшага брата»

  • «Самы вялікі ўклад у аднаўленьне цалкам разбуранага Менску ўнесьлі піцерцы, асабліва архітэктары, навукоўцы. Менавіта ленінградцы адыгралі вялікую ролю ў адраджэньні цяперашняй навукі ў Беларусі».
  • «Тут згадалі атамную станцыю, казалі пра асваеньне касьмічнай прасторы. Гэта наша такая прагматычная мэта — падцягнуцца за старэйшым братам (тое, што ён добра ўмее) і навучыць саміх беларусаў гэтым кампэтэнцыям».

Пра вайну

  • «Калі нас на Захадзе крытыкуюць — раней больш, цяпер трошкі менш, але гэта не таму, што ў іх сумленьня больш зьявілася, — я ім кажу: вы яшчэ з намі не разьлічыліся за тую апошнюю вайну, якая спароджаная была вамі на нашай тэрыторыі. А мы яшчэ ад той цяжкай вайны за гэтыя сем дзесяцігодзьдзяў не аднавіліся. Таму вы акуратней з правамі чалавека, дэмакратыяй і іншай крытыкай, якую мы чуем, часам неабгрунтавана, у наш адрас».
  • «Наступны год нас аб'яднае ў сьвяткаваньні сьвятой і блізкай кожнаму савецкаму чалавеку даты — 75-годзьдзя Вялікай Перамогі».

Пра будучыню

  • «У якасьці самых пэрспэктыўных для далейшага супрацоўніцтва мы разглядаем такія высокаінтэлектуальныя напрамкі, як нанаматэрыялы, радыёэлектроніка, а таксама найбольш запатрабаваныя кірункі мэдычнай навукі, чым моцная Беларусь яшчэ з савецкіх часоў».

Пра моладзь

  • «Жыцьцяздольнасьць нашага інтэграцыйнага праекту будзе залежаць ад ступені ўцягваньня моладзі ў будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. І тая сьвятая справа, якую вы сёньня ажыцьцяўляеце тут, на піцерскай зямлі, заслугоўвае вялікай павагі, падтрымкі і заахвочваньня».
  • «Неабходна падтрымліваць ініцыятывы моладзевых абʼяднаньняў па арганізацыі фэстываляў, конкурсаў, выставаў, іншых мерапрыемстваў ня толькі ў сталіцах, але і ў рэгіёнах».

Пра спорт

  • «Магчыма, нам варта падумаць аб правядзеньні падобных спаборніцтваў у межах адзінай заяўкі Беларусі і Расеі зь фінансаваньнем за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы» [мелася на ўвазе: падобных да Эўрапейскіх гульняў у Беларусі і футбольнага Чэмпіянату сьвету ў Расеі].

Яшчэ адну цытату дзяржаўныя СМІ не перадавалі, але відэа гэтага выказваньня апублікавалі расейскія журналісты.

Яшчэ раз пра вайну

  • «Мушу вам сказаць як гісторык, няхай не пакрыўдзяцца на мяне іншыя народы, але я лічу, што беларусы і ленінградцы пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны больш за любыя народы. Мы больш за каго-небудзь разам зь ленінградцамі знаходзіліся пад акупацыяй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG