Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Buzzfeed: урадавая партыя Італіі спрабавала атрымаць $65 млн у Крамля


Віцэ-прэм’ер Італіі Матэа Сальвініі
Віцэ-прэм’ер Італіі Матэа Сальвініі

Палітыкі крайне правай партыі «Ліга Поўначы» віцэ-прэм’ера Італіі Матэа Сальвініі вялі перамовы аб фінансаваньні з прадстаўнікамі Крамля. Пра гэта паведамляе выданьне Buzzfeed, у распараджэньні якога знаходзіцца аўдыёзапіс сустрэчы італьянцаў з расейцамі ў Маскве. Перамовы нібыта тычыліся афармленьня паставак нафты такім чынам, каб партыя атрымала каля 65 мільёнаў даляраў.

Паводле выданьня, падчас візыту віцэ-прэм’ера Сальвініі ў Маскву ў кастрычніку 2018 году разам зь ім прыехаў ягоны памочнік Джанлюка Саваіні, які арганізаваў сустрэчу з неназванымі высокапастаўленымі чыноўнікамі Крамля. На вячэру ў маскоўскім гатэлі «Мэтраполь» таксама прыйшлі яшчэ двое паплечнікаў Саваіні па «Лізе Поўначы».

Запісы размоў паказваюць, што італьянцы спрабавалі дамовіцца аб пастаўках расейскай нафты на 1,5 мільярда даляраў цягам аднаго году. 4 працэнты ад агульнага кошту кантракту нібыта павінна была атрымаць непасрэдна «Ліга Поўначы» пры пасярэдніцтве расейскага філіялу італьянскага банку Intesa. Паводле Саваіні, у гэтым банку ў Маскве партыя мела «чалавека па прозвішчы Машэці». Італьянец быў у мінулым членам «Лігі Поўначы».

Усяго, па падліках выданьня, партыя віцэ-прэм’ера Сальвініі разьлічвала атрымаць каля 65 мільёнаў даляраў пры дапамозе гэтых апэрацый. Падчас размовы італьянцы некалькі разоў падкрэсьлівалі, што пастаўкі трэба рэалізаваць як мага хутчэй у сувязі з «будучымі выбарамі». Відавочна, гаворка ідзе аб выбарах у Эўрапарлямэнт, якія прайшлі ў канцы мая гэтага года.

Кантракты аб пастаўках павінны былі заключыць кампаніі «Роснефть» і «Лукойл» з аднаго боку і італьянская дзяржаўная нафтавая кампанія Eni — з другога. Прадстаўнікі апошняй заявілі выданьню Buzzfeed, што дзяржкампанія не датычная да фінансаваньня палітычных партый, а самі пастаўкі ніколі не мелі месца.

Buzzfeed сьцьвярджае, што пра апэрацыі ведалі высокія чыноўнікі як з расейскага, так і з італьянскага боку. Гутарка, да аўдыёзапісу якой атрымалі доступ журналісты, нібыта прайшла на наступны дзень пасьля сустрэчы Сальвіні з намесьнікам прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыем Козакам. Козак пры гэтым адмаўляе, што такія перамовы мелі месца. Сальвіні інфармацыю пра сустрэчу не абверг.

Партыя «Ліга Поўначы» падтрымлівае ў Італіі прарасейскія погляды, а сам Сальвіні раней заяўляў, што санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да Расеі «бессэнсоўныя па эканамічных, сацыяльных і культурных прычынах». Запісы размоў чальцоў партыі ў Маскве ў «Лізе Поўначы» адмовіліся камэнтаваць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG