Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Француская дасьледніца: Эўропа не безабаронная перад расейскім уплывам


Сэсіль Вэсье, аўтарка кнігі пра расейскія сеткі ў Францыі

У Парыжы падыходзіць да канца судовы працэс супраць дасьледніцы з Рэнскага ўнівэрсытэту Сэсіль Вэсье, якая напісала кнігу пра расейскія сеткі ў Францыі. Некаторыя з названых ёю асобаў, якія сьвядома або несьвядома прасоўваюць інтарэсы Крамля ў Францыі, вырашылі падаць у суд на прафэсарку, бо не жадаюць, каб іх успрымалі як сяброў маскоўскага рэжыму.

Апошняе пасяджэньне, на якім суд мусіць даць адказ аб тым, ці не было паклёпу ў словах дасьледніцы, мае адбыцца найбліжэйшымі днямі. Кніга «Сеткі Крамля ў Францыі» выйшла ў 2016 годзе і была, паводле аўтаркі, рэакцыяй на захоп Крыму і вайну на Данбасе. Падчас нядаўняй трохбаковай сустрэчы ў Францыі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, навуковай грамадзкасьці і журналістаў-дасьледнікаў з Украіны, Расеі і краін Эўразьвязу Радыё Свабода мела магчымасьць распытаць Сэсіль Вэсье, чым яе дасьледаваньне выклікала такую бурлівую рэакцыю ў Францыі.

— Я заўважыла актывізацыю мілітарысцкай рыторыкі ў самой Расеі ў той час, калі Расея пачала вайну на тэрыторыі Ўкраіны. Маё дасьледаваньне пачалося з таго, што я заўважыла рэзкі рост колькасьці прапаганды, прасоўваньне ідэі неабходнасьці вайны супраць украінцаў і і адкрытую хлусьню, якая зьявілася ў расейскіх СМІ. Мяне асабіста шакавала гісторыя пра «ўкрыжаванага хлопчыка», якую распаўсюджвалі расейскія СМІ, якія потым спрабавалі даказваць, што гэтай гісторыі яны не паведамлялі.

Але яшчэ да гэтага я заўважыла мэтанакіраваную працу на тое, каб аднавіць або стварыць крамлёўскія сеткі ў Францыі. Чаму я кажу «аднавіць» — таму што такія сеткі існавалі яшчэ ў часы Савецкага Саюзу, і пра гэта было напісана некалькі кніг. А тут гэтыя сеткі адрадзіліся і абрасьлі новымі ўдзельнікамі. Я пачала заўважаць, што пэўныя людзі пасылаюць інфармацыю ў падтрымку Крамля. І гэтыя людзі відавочна працуюць на тое, каб бараніць не расейскія інтарэсы, а інтарэсы Крамля.

Сэсіль Вэсье. «Сеткі Крамля ў Францыі», 2016
Сэсіль Вэсье. «Сеткі Крамля ў Францыі», 2016

І да таго, як вайна пачалася, было проста за гэтым сачыць, таму што было незразумела яшчэ, для чаго ўсё гэта робіцца. А калі вайна пачалася, стала больш зразумела, для чаго былі патрэбныя ўсе гэтыя намаганьні амбасады, якая арганізоўвала розныя падзеі, каб даказваць, нібыта не Расея пачала гэтую вайну. То бок, калі пачалася вайна, ужо стала ясна, для чаго, але цікава было прасачыць, як гэта робіцца, прасачыць за дзейнасьцю людзей, якія падтрымлівалі і разьвівалі наратыў Крамля.

— Якія катэгорыі людзей вы вылучылі? Гэта хутчэй агенты або, карыстаючыся ленінскай тэрміналёгіяй, «карысныя ідыёты»?

— Так, большая частка людзей, якія разьвіваюць гэты наратыў, сапраўды ў гэта вераць, гэта значыць як раз гэта катэгорыя «карысных ідыётаў». У савецкія часы КГБ, чыю дзейнасьць я вывучала, выкарыстоўваў агентаў уплыву, якія нават не ўсьведамлялі, што яны зьяўляюцца агентамі ўплыву Крамля. Іх запрашалі ў Маскву, добра забаўлялі і кармілі, рабілі падарункі, і яны вярталіся дадому і ўсім расказвалі найлепшыя гісторыі пра СССР. Але былі і прафэсійныя людзі, якія гэтыя наратывы падтрымлівалі і сьвядома прасоўвалі. Цяпер яны выйшлі на іншы ўзровень у параўнаньні з савецкімі часамі, таму што Масква можа ствараць свае СМІ. Яны іх ствараюць усюды, і ў тым ліку і ў Францыі.

— Нядаўняе дасьледаваньне ў Чэхіі паказала, што ўплывовыя ня столькі непасрэдна расейскія СМІ, якія працуюць на мясцовым рынку, як мясцовыя сайты з прыхаванымі ўласьнікамі. Бо яны зьмешваюць праўду з выдумкай і распаўсюджваюць гэтую інфармацыю сярод розных груп, незадаволеных уладай і СМІ, сярод аматараў тэорый змоваў і выкарыстоўваюць ужо іх энэргію для распаўсюджваньня сваіх «фэйкаў» у сацыяльных сетках. Падобны мэханізм працуе і ў Францыі, можна казаць пра тое, што яны ўплывовыя?

— Ступень іх уплыву цяжка вызначыць. Таму што яны ўлоўліваюць тую хвалю незадаволенасьці, якая цяпер існуе ў грамадзтве, і на ёй ужо «вядуць перадачы». У адрозьненьне ад савецкіх часоў, яны не спрабуюць даказаць, што ў Расеі ўсё выдатна і гэта — прыклад для сьвету. Яны спрабуюць гаварыць з французамі пра іх праблемы — міграцыя, злачыннасьць, ксэнафобія — гэта іх любімыя тэмы.

Калі наступіў крызіс з «жоўтымі камізэлькамі», для расейскіх СМІ гэта быў зорны час. Расейскі тэлеканал RT, былы Russia Today, надаваў больш увагі гэтым вулічным пратэстам, чым усе астатнія францускія мэдыі разам узятыя. Яны адкрылі плятформу для гэтых антысыстэмных пратэстоўцаў, якія ўжо на працягу больш за паўгода дэстабілізуюць сацыяльную сытуацыю ў Францыі.

Віктар Альфонса Лента, удзельнік руху «жоўтых камізэлек», які раней ваяваў на Данбасе супраць Украіны
Віктар Альфонса Лента, удзельнік руху «жоўтых камізэлек», які раней ваяваў на Данбасе супраць Украіны

Такім чынам гэты канал зрабіўся папулярным сярод групы людзей, якія спачуваюць розным лёзунгам, што вылучае гэты рух, але якія ня маюць уяўленьня пра тое, што адбываецца ў Расеі. Ім абыякава, што там адбываецца, ім абыякава, што Расея робіць ва Ўкраіне, але ім вельмі падабаецца, што нарэшце нейкія СМІ на іх зьвяртаюць увагу і станоўча распавядаюць пра іх пратэст. Трэба разумець, што і іншыя францускія СМІ распавядаюць пра пратэсты, але толькі RT падае іх у выключна пазытыўным ключы, а дзеяньні ўраду — у выключна нэгатыўным. У выніку, калі вы гледзіце навіны RT, у вас будзе складвацца ўражаньне, што ў Францыі наогул жыць небясьпечна, што тут усё дрэнна, што праблема са страйкамі велізарная, што зь мігрантамі — страшныя праблемы, і гэтак далей.

— А шмат францускіх палітыкаў прасоўваюць гэтую ідэю на нацыянальным узроўні і ўзмацняюць яе сваім уплывам, як, зноў жа, адбываецца ў Чэхіі, калі, як кажуць дасьледнікі, мэсыджы крамлёўскай прапаганды пазьней паўтарае прэзыдэнт краіны Мілаш Зэман?

— Ёсць прыкметы таго, што ўплыў на францускіх палітыкаў існуе. Гэта — асобная гісторыя ад мэдыяў, хоць часта зьвязаная. Напрыклад, гісторыя пра тое, што Першы чэска-расейскі банк крэдытаваў перад выбарамі францускую ультраправую партыю «Нацыянальны фронт» на чале з Марын Лё Пэн. У канцы 2014 году стала вядома, што банк выдаў францускай партыі мадам Лё Пэн крэдыт на 9000000 эўраў, а потым быццам збанкрутаваў, і высьветлілася, што там нейкія афіцэры, ледзь не палкоўнікі ФСБ працавалі, гэта ўжо пэўны знак.

Каляж. Пуцін і прарасейскія палітыкі з Эўропы. Штрахе з Аўстрыі, Лё Пэн з Францыі, Сальвіні з Італіі
Каляж. Пуцін і прарасейскія палітыкі з Эўропы. Штрахе з Аўстрыі, Лё Пэн з Францыі, Сальвіні з Італіі

Калаж. Пуцін і прарасейскія палітыкі з Эўропы. Штрахе з Аўстрыі, Лё Пэн з Францыі, Сальвіні з Італіі

Калі казаць пра іншых палітыкаў у Эўропе, то былі паведамленьні пра тое, што Крэмль прапаноўваў грошы сваім саюзьнікам — італьянскай партыі «Ліга». Пра гэта было расьсьледаваньне італьянскіх журналістаў. І такіх гісторый з Эўропы мы чуем усё больш. Узгадайце толькі гісторыю пра нямецкіх дэпутатаў, якія знаходзяцца пад уплывам Расеі і будуць засядаць у Эўрапейскім парлямэнце ў выніку нядаўніх выбараў.

Гэта значыць, гэтыя палітыкі ня толькі глядзяць пракрамлёўскую тэлевізію і пасьля гэтага кажуць, што ва Ўкраіне грамадзянская вайна, а Расея ня мае да гэтага ніякага дачыненьня. Не, таму што гэтае перакананьне аплачваецца яшчэ і грашыма, і палітычнай падтрымкай. То бок, гэта ўжо робіцца для многіх эўрапейскіх краін пытаньнем нацыянальнай бясьпекі і пытаньнем бясьпекі ўсяго эўрапейскага праекту. Таму важна ведаць, хто працуе на сваю краіну, а хто працуе ў інтарэсах іншых дзяржаваў, у тым ліку ў інтарэсах Расеі.

Ня толькі палітыкі, між іншым, складаюць мэтавую аўдыторыю крамлёўскага ўплыву. Я даведалася нядаўна цікавую гісторыю пра аднаго выдаўца, якому прапаноўвалі выдаць кнігу ў падтрымку Крамля і прапаноўвалі за гэта вялікія грошы.

— Давер паміж грамадзянамі, сацыяльныя сувязі грунтуюцца ў Эўропе на тым, што людзі супольна давяраюць прававой сыстэме, вераць у тое, што яны жывуць у прававой дзяржаве і закон іх абараняе. Ці гэтую веру не ўдалося пахіснуць? І закон можа абараніць чалавека ад новых мэтадаў крамлёўскага ўплыву?

— У савецкія часы мы больш-менш арыентаваліся, як дзейнічала старая сыстэма ўзьдзеяньня. Пра гэта былі дасьледаваньні, пісаліся кнігі. Але цяпер зьявіліся новыя мэтады ўзьдзеяньня, ня толькі расейскага, між іншым, перад дзеяньнем якіх мы аказаліся безабароннымі. Таму што ёсьць пытаньні пра тое, як супрацьстаяць гэтаму ўплыву яшчэ да таго, як чалавека абвінавачваюць у здрадзе радзіме. Як паставіць рамкі, за якія нельга выходзіць.

Вядома, законы аб таемным фінансаваньні ёсьць. Паводле закону, у Францыі трэба паведамляць, адкуль зьяўляюцца грошы на партыйную дзейнасьць. Але гэтыя законы, як выявілася, маюць шчыліны, якія пасьпяхова выкарыстоўваюцца. Таму гэтыя законы трэба перагледзець і паставіць дадатковыя засьцерагальнікі. Тое самае датычыць і прапаганды, і пашырэньня «фэйкавай» інфармацыі.

Мы ўжо зразумелі, пра што тут ідзе гаворка. На працягу апошніх гадоў мы вызначылі праблему, мы дасьледавалі яе, мы ведаем факты, мы выявілі сувязь паміж імі. А цяпер трэба адаптаваць наша заканадаўства, каб паставіць заслон для замежнага ўплыву. Хачу яшчэ раз падкрэсьліць, што, акрамя Расеі, гэтым шляхам ідзе і Кітай, таму заканадаўства патрэбнае ўвогуле супраць уплыву замежных дзяржаваў, якія спрабуюць вызначаць нашу палітыку.

Марыя Шчур, Радіо Свобода

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG