Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік, якога Зяленскі выгнаў з нарады, абяцае падаць у суд


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Сакратар Барыспальскай гарадзкой рады Яраслаў Гадунок, якога прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 10 ліпеня выгнаў з нарады, назваўшы «разбойнікам», кажа, што падасьць на Зяленскага ў суд.

​У інтэрвію выданьню strana.ua Гадунок назваў паводзіны прэзыдэнта Ўкраіны хамскімі.

​«Гэта праўда, я заклікаў галасаваць за Зяленскага. Ёсьць фота з маімі дзецьмі, дзе я агітую за яго. За гэта мяне нават выгналі з Радыкальнай партыі, ад якой я чатыры разы абіраўся, за тое, што я сказаў Алегу Ляшку, што трэба не крытыкаваць, а падтрымаць Зяленскага. Тады мне патэлефанавалі з "Бацькаўшчыны" і прапанавалі падтрымаць на выбарах у Раду, я пагадзіўся. Вось, я тады за Зяленскага агітаваў, а сёньня патрапіў».

«Мяне аблілі брудам з ног да галавы! Вядома, я зараз у суд пайду. У мяне шок. Я за гэтага дэбіла "цягнуў мазу" [заступацца за некага на крымінальным жаргоне]... Я проста быў супраць Парашэнкі, таму я вымушана галасаваў за Зяленскага. А вы паглядзіце, як ён сябе паводзіў! Хіба прэзыдэнт можа так сябе паводзіць? Ён казаў, што кожны з нас прэзыдэнт — дык дайце мне слова! Я гатовы адказаць за любую капейку, за любы крымінал — праверце мяне. Але ня мае маральнага права прэзыдэнт паводзіць сябе так. Я яму гэтага не дарую».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 10 ліпеня ў горадзе Барыспалі Кіеўскай вобласьці на сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовай улады не стрымаўся ў выбары слоў, калі абмяркоўвалася тэма фінансаваньня новага корпуса Барыспальскай гарадзкой лякарні.

На сустрэчы ўзьнікла спрэчка паміж мясцовымі чыноўнікамі, калі Зяленскі запытаўся, хто вінаваты ў нездавальняльным стане мэдыцынскай установы. Тады ён зьвярнуўся да аднаго зь яе ўдзельнікаў, які адначасова вёў трансьляцыю нарады праз свой тэлефон:

«Ваша прозьвішча? Як вас завуць? Калі вы пачняце вырашаць пытаньні, не займаючыся піярам і рэклямай? Схавайце свой тэлефон, падыдзіце да мікрафона і скажыце, у чым праблема і як яе вырашыць».

Як высьветлілася, гэта быў сакратар Барыспальскай гарадзкой рады Яраслаў Гадунок, якога празь нейкі час Зяленскі наагул выгнаў з нарады.

"Я заўсёды прашу знайсьці мне ў інтэрнэце пра чалавека, які вельмі шмат крычыць... Я тут прачытаў, скажыце мне, так гэта ці не: «Сябра партыі «Бацькаўшчына», сакратар Барыспальскай гарадзкой рады, быў раней асуджаны паводле часткі 3 артыкулу 142 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — «разбой, аб’яднаны з нанясеньнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Яраслаў Мікалаевіч, гэта вы?»

«Выйдзі адсюль, ідзі, разбойнік. Дрэнна чуеш? Па-ангельску: Exit. Ідзіце», — сказаў Зяленскі.

Аднак сакратар Барыспальскай гарадзкой рады не пагадзіўся і ўступіў з прэзыдэнтам у спрэчку, нагадаўшы Ўладзіміру Зяленскаму ягоныя ўласныя словы з інаўгурацыйнай прамовы «Усе мы прэзыдэнты».

Зяленскі на гэта адрэагаваў наступным чынам: «Ды ідзі ўжо, Госпадзе. Ты дакладна не прэзыдэнт. Бо ў прэзыдэнта няма крыміналу. Ідзі гуляй».

Калі Яраслаў Гадунок пакінуў залю, а Зяленскі папрасіў прабачэньня перад прысутнымі:

«Прабачце за эмоцыі. Я проста не люблю бандытаў».

Перад інцыдэнтам Гадунок крытычна выказваўся пра Зяленскага на Facebook і параўноўваў умовы ў мясцовай лякарні з канцэнтрацыйным лягерам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG