Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У стылі Лукашэнкі. Зяленскі ў Барыспалі ўчыніў публічны разнос чыноўнікам. ВІДЭА


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сёньня ў горадзе Барыспалі Кіеўскай вобласьці на сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовай улады не стрымаўся ў выбары слоў, калі абмяркоўвалася тэма фінансаваньня новага корпуса Барыспальскай гарадзкой лякарні.

На сустрэчы ўзьнікла спрэчка паміж мясцовымі чыноўнікамі, калі Зяленскі запытаўся, хто вінаваты ў нездавальняльным стане мэдыцынскай установы. Тады ён зьвярнуўся да аднаго зь яе ўдзельнікаў, які адначасова вёў трансьляцыю нарады праз свой тэлефон:

«Ваша прозьвішча? Як вас завуць? Калі вы пачняце вырашаць пытаньні, не займаючыся піярам і рэклямай? Схавайце свой тэлефон, падыдзіце да мікрафона і скажыце, у чым праблема і як яе вырашыць».

Як высьветлілася, гэта быў сакратар Барыспальскай гарадзкой рады Яраслаў Гадунок, якога празь нейкі час Зяленскі наагул выгнаў з нарады.

"Я заўсёды прашу знайсьці мне ў інтэрнэце пра чалавека, які вельмі шмат крычыць... Я тут прачытаў, скажыце мне, так гэта ці не: «Сябра партыі «Бацькаўшчына», сакратар Барыспальскай гарадзкой рады, быў раней асуджаны паводле часткі 3 артыкулу 142 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — «разбой, аб’яднаны з нанясеньнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Яраслаў Мікалаевіч, гэта вы?»

«Выйдзі адсюль, ідзі, разбойнік. Дрэнна чуеш? Па-ангельску: Exit. Ідзіце», — сказаў Зяленскі.

Аднак сакратар Барыспальскай гарадзкой рады не пагадзіўся і ўступіў з прэзыдэнтам у спрэчку, нагадаўшы Ўладзіміру Зяленскаму ягоныя ўласныя словы з інаўгурацыйнай прамовы «Усе мы прэзыдэнты».

Зяленскі на гэта адрэагаваў наступным чынам: «Ды ідзі ўжо, Госпадзе. Ты дакладна не прэзыдэнт. Бо ў прэзыдэнта няма крыміналу. Ідзі гуляй».

Калі Яраслаў Гадунок пакінуў залю, а Зяленскі папрасіў прабачэньня перад прысутнымі:

«Прабачце за эмоцыі. Я проста не люблю бандытаў».

Перад інцыдэнтам Гадунок крытычна выказваўся пра Зяленскага на Facebook і параўноўваў умовы ў мясцовай лякарні з канцэнтрацыйным лягерам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG