Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крывавы салют»: чаму Лукашэнка не пракамэнтаваў трагедыю


Месца трагедыі
Месца трагедыі

Улады добра разумеюць палітычны кантэкст трагедыі падчас салюту, іх рэакцыя прадыктаваная менавіта гэтай акалічнасьцю.

Сьцісла

  • Улады пачынаюць разумець, што ва ўмовах дамінаваньня інтэрнэту спроба замоўчваць непрыемную падзею абыдзецца сабе даражэй.
  • Аднак прырода палітычнага рэжыму накладае свой адбітак на ўсё, што робяць улады, як бы тыя ні імкнуліся мяняцца.
  • Лукашэнка маўчыць, чакаючы, пакуль схлыне нэгатыўная рэакцыя, стане больш зразумелым адмоўны эфэкт падзеі.
  • Падыход уладаў цалкам вынікае з афіцыйнага ідэалягічнага канцэпту прыярытэту інтарэсаў дзяржавы перад правамі чалавека.

Са сьвятам 3 ліпеня ўладзе неяк не шанцуе. Яму спадарожнічаюць трагічныя здарэньні. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. І вось зноў, гэтым разам — трагедыя з гібельлю жанчыны.

Калі трагічнае здарэньне адбываецца падчас галоўнага дзяржаўнага сьвята — Дня Незалежнасьці, то гэта аб’ектыўна становіцца падзеяй палітычнай. Тым больш што ўжо шмат гадоў у грамадзтве, найперш у незалежных мэдыях і сацыяльных сетках, ідуць гарачыя дыскусіі і наконт таго, што пунктам адліку беларускай незалежнасьці выбрана даволі дзіўная дата, і наконт мэтазгоднасьці праводзіць вайсковы парад у цэнтры сталіцы. Сам салют, у выніку якога загінула жанчына і пацярпелі каля 10 чалавек, можна лічыць складовай часткай параду. І той, і другі ладзіла Міністэрства абароны.

Улады добра разумеюць палітычны кантэкст трагедыі, іх рэакцыя прадыктаваная менавіта гэтай акалічнасьцю. Важна адзначыць некалькі чыньнікаў.

Найперш, дзяржаўныя мэдыі паведамілі пра інцыдэнт амаль адразу, няхай і ў своеасаблівым ракурсе. Такое бывае ня часта. Звычайна пра нейкія нявыгадныя ўладам скандалы дзяржаўныя мэдыі або ўвогуле не паведамляюць, або даюць інфармацыю зь вялікім спазьненьнем.

Таксама варта адзначыць хуткую рэакцыю і незвычайную адкрытасьць Міністэрства абароны і Сьледчага камітэту. Гэта таксама трохі нязвыкла. Мы памятаем, як два гады таму вайсковае ведамства спачатку ўсяляк адмаўляла дзедаўшчыну ў войску, хавала суіцыды. А Сьледчы камітэт звычайна тыднямі і нават месяцамі хавае інфармацыю пра арышты, крымінальныя справы адносна вядомых асоб.

А вось цяпер ня так. Улады вучацца жыць у эпоху інфармацыйнага грамадзтва, пачынаюць разумець, што ва ўмовах дамінаваньня інтэрнэту замоўчваць непрыемную падзею будзе сабе даражэй, бо яе пачнуць камэнтаваць незалежныя мэдыі, палітычныя апанэнты — са сваёй інтэрпрэтацыяй.

Аднак прырода палітычнага рэжыму накладае свой адбітак на ўсё, што робяць улады, як бы тыя ні імкнуліся мяняцца.

Найперш, падзею, якую абмяркоўвае прынамсі ўвесь Менск, пакуль ніяк не пракамэнтаваў Лукашэнка. Ён выказаў спачуваньні з нагоды паводкі ў Расеі, а сям’і ахвяры салюту ў Менску публічна не спачуваў. Такое цяжка сабе ўявіць у дэмакратычнай краіне. Але апошнім часам гэта звыклая схема паводзін кіраўніка Беларусі ў непрыемнай сытуацыі. Ён доўга маўчаў пасьля «крыжалому» ў Курапатах, пасьля «цыганскага пагрому» ў Магілёве, чакаючы, пакуль схлыне негатыўная рэакцыя, стане больш зразумелым адмоўны эфэкт падзеі.

Шмат у каго выклікаў абурэньне той факт, што назаўтра пасьля трагічнага здарэньня дзяржаўныя мэдыі першай і галоўнай навіной падавалі ўрачыстае адзначэньне сьвята, парад, салют. І толькі потым, на другім пляне, паведамлялася пра жанчыну, якая загінула.

Але такі падыход цалкам вынікае з афіцыйнага ідэалягічнага канцэпту прыярытэту інтарэсаў дзяржавы перад правамі чалавека. Парад — гэта дэманстрацыя дзяржаўнай велічы, на тле якой лёс, жыцьцё асобнага чалавека адступае на другі плян. На падобнай афіцыйнай ідэалягеме грунтуецца культ Вялікай Айчыннай вайны. Маўляў, ня будзем казаць пра ахвяры, трагедыю, галоўнае — гэта гераізм народу. Хто думае ня так, той, паводле Лукашэнкі, належыць да «дэструктыўных сілаў», якія імкнуцца перапісаць гісторыю. Таму «мы за цаной не пастаім», «лес сякуць — трэскі ляцяць».

Яшчэ адзін адметны факт. 4 ліпеня, менш як праз суткі пасьля трагедыі, у самым пачатку расьсьледаваньня Сьледчы камітэт затрымаў двух падазраваных у выбуху. Гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў, верагодна, грамадзяне Расеі. І лёгіка тут зразумелая. Яе калісьці сфармуляваў адзін з сумна знакамітых сталінскіх «жалезных наркомаў» Лазар Кагановіч: «У кожнай аварыі ёсьць імя, прозьвішча і пасада». Паводле той жа лёгікі быў арыштаваны гаспадар акумулятарнага заводу ў Берасьці Віктар Лемяшэўскі, як толькі праца прадпрыемства была прыпыненая і праваахоўным органам даручылі разабрацца. А гэтыя органы ў Беларусі разьбіраюцца вельмі хутка і проста, па схеме Кагановіча.

І яшчэ. На тле такой драматычнай падзеі было б лягічна, хоць бы да заканчэньня расьсьледаваньня, спыніць усе салюты ў краіне, пакуль ня стане поўнасьцю зразумелая прычына выбуху салютных установак. Але не. Ужо абвешчана, што 6–7 ліпеня падчас традыцыйнага купальскага фэсту на радзіме Аляксандра Лукашэнкі ў вёсцы Александрыя, як і заплянавана, адбудзецца сьвяточны фаервэрк.

Бо народ прагне сьвята. Але варта ўдакладніць: народ ці ўлада?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG