Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар постапакаліптычнага раману пра Менск: Мне ўдалося разабрацца з «ватнікамі» і «каларадамі»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Гутарка зь Севярынам Квяткоўскім, аўтарам раману «Каларадзкая пушча» («Логвінаў», 2019), першая прэзэнтацыя якога з аўтограф-сэсіяй адбудзецца сёньня, 4 ліпеня, а 18:00 у «Акадэмкнізе», Менск, праспэкт Незалежнасьці, 72.

Улюбёны жанр

— Чаму вы напісалі палітычную сатыру ў постапакаліптычных дэкарацыях? Чаму не напісаўся раман у больш-менш рэальных абставінах Менску і Беларусі, скажам, 2018 году?

— Мне гэты жанр падабаецца — і фэнтэзі, і постапакапаліпсіс. У першую чаргу — фэнтэзі. Таму што гэты жанр дазваляе аўтару больш канструяваць. Мне гэтая форма канструяваньня аповеду цікавая зь дзяцінства і з падлеткавых гадоў. Я люблю чытаць фантастыку.

Я даўно марыў паглядзець на беларусаў канкрэтна і асобна, без кантэксту Ўсход-Захад ці савецкасьць-постсавецкасьць. І фэнтэзі мне дазволіла сюжэтна «адрэзаць» менчукоў і бліжэйшых да Менску жыхароў і пакінуць усіх сам-насам. Вось гэта самае галоўнае.

— Вы сказалі, што вам такая літаратура падабалася з падлеткавага ўзросту. Ці не назвалі б некалькі аўтараў, якія асабліва засталіся вам у памяці?

— У першую чаргу гэта былі амэрыканцы, якія гэты жанр, наколькі я разумею, у свой час заснавалі. Гэта і Робэрт Шэклі, і Артур Кларк. Залежала ад узросту. Калі зусім малы — то Кліфард Саймак. Калі ўжо падрос — то Рой Брэдбэры зь ягонымі «Марсіянскімі хронікамі». З савецкіх аўтараў гэта, безумоўна, былі Аркадзій і Барыс Стругацкія, прычым раньнія Стругацкія.

Адкуль назва раману

— У чым канкрэтна дапамагло вам выкарыстаньне фэнтэзі?

У маім рамане фантастыка, фэнтэзі — гэта ўсяго форма. І я думаю, што ў мяне атрымалася крыху разабрацца з псыхалёгіяй і з матывамі людзей, якіх многія называюць «ватнікамі» або «каларадамі». Зь людзьмі кансэрватыўнымі, якія сумуюць па СССР, якія ня хочуць перамен, якія заўжды за любую ўладу, то бок некрытычна яе асэнсоўваюць.

Назва раману, дарэчы, зьявілася толькі ў 2014 годзе, калі словы «каларад» і «каларадзкі» гучалі ўжо ў зусім іншым кантэксьце, чым проста жарт з жука. Саму назву прыдумаў дызайнэр Артур Вакараў, які ў 2011 годзе выпусьціў цішотку з надпісам «каларадзкая пушча» — ён абыграў лацінскае «color» і расейскае «ад»: colorадская пуща. І там былі зубры з панцырамі жука. Гэта быў такі ўнутрана беларускі жарт. Але калі я стаў пісаць свой раман, я зразумеў, што гэта мусіць быць яго назва.

Нашы беларускія справы сьвету незразумелыя

— Цяпер у мяне пытаньне пра беларускі літаратурны кантэкст вашага раману. Вось наўскідку я бяру кнігі, якія актыўна абмяркоўваліся ці надалей абмяркоўваюцца ў літаратурным асяродзьдзі: «Мова» і «Ноч» Віктара Марціновіча, «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Чаму дзеяньне ў іх таксама адбываецца, скажам так, не ў сучасных рэальных абставінах, а ў футурыстычных дэкарацыях? Ці не зьвязана гэта, напрыклад, са сфэрай ужытку беларускай мовы — у рэальным жыцьці яе амаль няма, а вось у прыдуманым сьвеце яна, так бы мовіць, больш рэальная і больш на сваім месцы? Што скажаце?

Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

— У мяне тэма мовы практычна адсутнічае. Я вельмі спадзяюся, што мая кніга будзе цікавая ня толькі беларускаму чытачу. Я ўпэўнены, што чытачы ў Эўропе (у тым ліку нават у Швайцарыі, якая для нас зьяўляецца сымбалем пасьпяховасьці і стабільнасьці і ў якой людзі даўно адышлі ад такіх праблемаў, якімі цяпер жывем мы тут) знойдуць сваіх жыхароў «каларадзкай пушчы».

Калі б я пачаў пісаць мастацкі твор пра 2019 год, ён бы быў зразумелы толькі беларускаму чытачу. Таму што нават нашы самыя блізкія суседзі — украінцы — яны проста не разумеюць, што тут адбываецца. А што ўжо казаць пра расейцаў або палякаў. Людзі, якім больш за 40 гадоў, яшчэ што-нешта могуць зразумець. А маладзейшым — мы як іншая галяктыка.

Таму я ўзяў нейкія архетыпічныя рэчы, за якімі назіраю ўсё сваё дарослае жыцьцё, і паспрабаваў іх увасобіць у рамане. Раман я пісаў структурна як комікс. Там толькі на пачатку ёсьць уводная частка з кантэкстам — што гэта за новы сьвет утварыўся? якія там новыя жывёлы? якія кліматычныя складанасьці? — а працэнтаў на восемдзесят напісана так, каб можна было па ім намаляваць комікс.

Ну, а пра мову я ня думаў. Там ёсьць трасянка, але гэтая такая чыста беларуская, унутраная рэч, якой ня трэба спэцыяльна перакладаць. Дарэчы, на расейскую мову я узяўся перакладаць сам, і я ведаю, што на расейскую мне трэба перакладаць, калі хачу, каб больш беларусаў прачытала. Бо людзям пасьля школы рэальна цяжка чытаць па-беларуску.

Трасянка — не бяда

— Дык вось маё папярэдняе пытаньне было зьвязанае хутчэй са спэцыфікай успрыманьня беларускай літаратуры менавіта беларускім чытачом, а не замежным. Канешне, у перакладзе можна зрабіць і так, і сяк, але мне будзе цікава паглядзець, ці зробіце вы нешта ў расейскім перакладзе, каб пазначыць, што мова аповеду — літаратурная, а вось у дыялёгах мы маем «народную» трасянку. І я б хацеў запытаць пра вашы адносіны да трасянкі. Вам у рэальным жыцьці даводзіцца карыстацца трасянкай? Калі так, то ў якіх сытуацыях?

— Мне ня раз даводзілася карыстацца трасянкай. Мне даводзіцца бываць у лякарнях, і часам ажно вуха радуецца, калі чуеш, што там кожны другі — гэта стопрацэнтны носьбіт беларускай фанэтыкі і яшчэ там працэнтаў дваццаць беларускіх словаў. І вось яны паміж сабой рэальна размаўляюць на трасянцы, ну, а я люблю падыгрываць. Такое бывае яшчэ ў вясковых крамах.

А так у жыцьці, калі я нешта пішу, я выкарыстоўваю трасянку, каб падкрэсьліць іронію.

Я б не драматызаваў з прычыны трасянкі. Яшчэ добра, што гэтая трасянка ёсьць. Таму што я гляджу рэпартажы з усходняй Беларусі, і там адчуваецца, што тыя людзі часьцей езьдзяць у Расею — там па вёсках людзі гавораць ужо без беларускага вымаўленьня.

Галоўнае — жывая фанэтыка. Будзе фанэтыка, то і лексыка нарасьце. Упаў і садраў скуру з рукі — а яна празь некалькі дзён у цябе ўжо нарасла.

Рух да новай зямлі

— Маё апошняе пытаньне будзе больш шырокага характару. Куды, па-вашаму, рухаецца беларуская літаратура? Яна ўвесь час будзе заставацца на высьпе ці на выспах Новай зямлі, калі пакарыстацца выразам і з вашага раману, ці ўсё ж мае шанец выйсьці на нейкі агульны мацярык?

— Беларуская літаратура ўвесь час і стварае гэты мацярык. Я вось з захапленьнем успрыняў вестку, што Свабодны тэатар рыхтуе спэктакль паводле «Сабакаў Эўропы» Бахарэвіча. Якая ж гэта выспа? Гэта мацярык! Але…

У мяне дома паліца прозы і паэзіі, створанай сучаснымі аўтарамі з 1990-га году. Хто пра іх ведае апроч сяброў і спэцыялістаў? Няма пераемнасьці нават за гэтыя 28 гадоў незалежнасьці, што ўжо прайшлі. А вось пра БССР-аўскіх клясыкаў усё талдычаць і талдычаць. Не, пра іх трэба ведаць, але мусіць быць нейкі балянс. У нас за 28 гадоў нарос тоўсты літаратурны пласт, пра які амаль ніхто ня ведае.

«Новая зямля» ў маім рамане гэта жартаўлівая адсылка да Якуба Коласа. Але насамрэч гэтая зямля «новая» ў простым сэнсе слова — яна якасна новая. І вось беларуская літаратура туды і рухаецца — да якасна новага. І глябалізацыя нам дапаможа. Рухацца мы будзем разам з усім сьветам.

— Вы ўжо ведаеце, якая будзе ваша наступная кніжка?

— Ведаю. Я яе ўжо пішу. «Каларадзкую пушчу» я задумаў як дылёгію як мінімум, і ёсьць накіды на другую частку, але я ўсё ж такі пачакаю, калі кнігу прачытае больш людзей, каб зразумець, куды мне рухацца з другой часткай.

А так, калі я разьбяруся з выхадам кнігі і яе прэзэнтацыямі, то пачну пісаць prequel да «Каларадзкай пушчы». Гэта будуць маладыя героі, якім будзе па 20–25 гадоў, усё будзе адбывацца на пачатку ХХІ стагодзьдзя, і будзе бачна, як гэтыя людзі выбудоўвалі свае сьветагляды, якія ўрэшце прывялі іх да таго, што адбываецца ў «Каларадзкай пушчы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG