Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаму трэба, каб муж застаўся ў турме». Размова з жонкай сьвятара, абвінавачанага ў згвалтаваньні дачкі


Канстанцін Бурыкін у судзе, 2017 год

Вольга Бурыкіна ўпершыню пагадзілася паразмаўляць са СМІ пасьля гучнага інтэрвію дачкі ейнага мужа — Аляксандры.

Вольга Бурыкіна — другая жонка сьвятара Канстанціна Бурыкіна, які спрычыніўся да будаўніцтва царквы ў пасёлку Гатава пад Менскам і два гады таму быў асуджаны за незаконнае захоўваньне зброі.

25 чэрвеня стала вядома, што Канстанціна Бурыкіна абвінавачваюць у сэксуальным гвалце над непаўналетняй. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў Сьледчым камітэце. Яшчэ празь дзень высьветлілася, што ахвярай асуджанага сьвятара магла быць яго дачка Аляксандра. Яна дала гучнае інтэрвію выданьню «Наша Ніва», у якім абвінаваціла бацьку ў фізычным і сэксуальным гвалце. Са сказанага Аляксандрай вынікае, што мачыха Вольга ведала пра злачынныя дзеяньні, аднак не спрабавала ім аніяк перашкодзіць.

«Аляксандрай хтосьці кіруе»

Свабода зьвязалася з Вольгай Бурыкінай, каб даведацца яе меркаваньне. Жанчына адразу ж адрынула інфармацыю пра тое, што яе муж мог гвалціць уласную дачку.

«Я толькі адно магу сказаць — Аляксандрай хтосьці зараз кіруе, — кажа Вольга Бурыкіна. — Мяркуючы па ўсім, яна цяпер не здаровая. Яе выкарыстоўваюць у сваіх інтарэсах, каб зрабіць дрэнна бацьку. Гэта адзінае, што я магу сказаць».

Жанчына катэгарычна адмаўляе ўсё, што Аляксандра расказала ў інтэрвію.

«Гэта хлусьня, вядома, — кажа яна. — Гэта хлусьня! Яна ж дачка, родны чалавек. Ёй проста людзі карыстаюцца ў сваіх інтарэсах. Каб зрабіць дрэнна яе бацьку».

Па словах Вольгі Бурыкінай, адносіны паміж Канстанцінам Бурыкіным і яго дачкой Аляксандрай былі звычайныя. Яна ніколі не была сьведкам гвалту над Аляксандрай.

«Бацька Аляксандры быў для яе і бацькам, і маці, — кажа жанчына. — Я ўсё ж ня родная мама. Я старалася быць роднай... Як вам сказаць. У нашай сям’і ўсё было выдатна, усё было добра. Я не заўважала ніякага гвалту. Усё, што кажа Аляксандра, гэта ўсё хлусьня!»

«Наколькі разумею, муж цяпер ня трапіць пад амністыю»

Вольга кажа, што прачытала інтэрвію дачкі свайго мужа. Кажа, што мае цяпер поўнае права падаваць на Аляксандру ў суд, але рабіць гэтага ня будзе.

«Я зараз магу падаць у суд, — кажа Вольга. — Але, ведаеце, злом на зло адказваць... Я веруючы чалавек, я праваслаўны хрысьціянін. Я ўпэўненая, што Бог неяк наставіць на розум людзей, якія хочуць зрабіць нашай сям’і дрэнна. У гэтых людзей нічога не атрымаецца. Бог бачыць і Бог ведае, як гэта ўсё было на самой справе. Трэці год ствараюць вобраз зьвера. І калі чалавеку трэба вось ужо зусім хутка выходзіць на свабоду, то зьяўляюцца новыя і новыя крымінальныя справы. Фінансавыя махінацыі, зараз вось з дачкой гэты момант... Хай гэта будзе на сумленьні таго, хто ўсё прыдумляе і хто ўсім кіруе».

Па словах Вольгі Бурыкінай, яна яшчэ не была на допыце ў сьледчага па справе аб магчымым гвалце Канстанціна Бурыкіна ў дачыненьні да ягонай дачкі. З Аляксандрай пасьля публікацыі яна не спрабавала зьвязвацца, кантактаў зь ёй даўно не падтрымлівае.

«Наколькі я разумею, муж цяпер ня трапіць пад амністыю, — кажа Вольга Бурыкіна. — Яна павінна хутка быць, літаральна на днях. Цяпер нам не даюць сустрэчаў, там усё па правілах, па раскладзе. Але муж ведае пра ўсё гэта. Пакуль я ня ведаю, калі зноў пабачу Канстанціна. Калі ўсё будзе добра, то спатканьне дазволяць.

Некаму вельмі трэба, каб муж заставаўся ў турме. Пра дзяцей ніхто ня думае. Пра іх сэрцы, пра іх душы. Бог ведае, які Канстанцін бацька. Я ўпэўненая, што ў людзей не атрымаецца ачарніць праваслаўнага сьвятара, як бы яны ні спрабавалі гэта зрабіць. Праўда на нашым баку».

Па словах Вольгі Бурыкінай, атачэньне іх сям’і таксама ня верыць у расказанае Аляксандрай. Яны перакананыя, што за расказаным ёю нехта стаіць.

Хто такі Канстанцін Бурыкін

Канстанцін Бурыкін
Канстанцін Бурыкін
  • Грамадзянін Расеі Канстанцін Бурыкін быў праваслаўным сьвятаром, пабудаваў храм у Гатаве пад Менскам.
  • Яго называлі духоўнікам нэанацысцкай арганізацыі «Русское национальное единство» (РНЕ), ён насіў тату свастыкі на грудзях і герба нацысцкай Нямеччыны на плячы.
  • Ён быў таксама першым намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі паўэрліфтынгу.
  • Цяпер ён асуджаны на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за незаконнае захоўваньне зброі.
  • На яго завялі новыя крымінальныя справы за гвалтаваньне непаўналетняй дачкі, а таксама за прысваеньне грошай у буйным памеры.
  • Бурыкін зьвяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні — прызнаў віну адносна зброі, але прасіў не пазбаўляць яго волі «дзеля чатырох дзяцей», таксама казаў, што «спыніў супрацу з РНЕ, калі ўлады абвясьцілі арганізацыю экстрэмісцкай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG