Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «бацюшку са свастыкай» завялі справу за згвалтаваньне малалетняй дачкі

абноўлена

Канстанцін Бурыкін падчас суду, ліпень 2017 году

Шэраг беларускіх тэлеграм-каналаў пісалі, што «бацюшка са свастыкай» Канстанцін Бурыкін мог мець сэксуальную сувязь зь непаўналетнімі.

25 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намеснік генэральнага пракурора Аляксей Стук паведаміў, што справу супраць Бурыкіна пачалія 6 чэрвеня паводле артыкулу 167 Крымінальнага кодэксу «Гвалтоўныя дзеньні сэксуальнага характару» і што пацярпелай была дачка асуджанага. «Падзеі былі з 2012-га па 2016 год, а дачка 1999 года нарадэжння. Цяпер дае паказанні. Яна баялася: ён дэспатычны чалавек. Я думаю, следства разбярэцца», — цытуе Стука Эўрарадыё.

25 чэрвеня падобную інфармацыю агучыў блогер NEXTA, напісаўшы са спасылкай на матэрыялы пракуратуры, што Бурыкін цягам некалькіх гадоў «ажыцьцяўляў гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да непаўналетняй».

Акрамя гэтага, у красавіку на «бацюшку са свастыкай» завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 211 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Прысваеньне або растрата»), што караецца пазбаўленьнем волі ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Цяпер Бурыкін адбывае пакараньне ў выглядзе трох гадоў пазбаўленьня волі за незаконнае валоданьне зброяй.

Бурыкін быў вядомы сваёй актыўнасьцю ў шавіністычнай арганізацыі «Русское национальное единство», або РНЕ. У 2014 годзе стала вядома, што ў сьвятара з тых часоў на плячы застаецца свастыка. Тады Бурыкін у інтэрвію СМІ адрокся ад сваіх былых захапленьняў. Пры гэтым ён надалей падтрымліваў кантакты з прарасейскай арганізацыяй «Румол»; гэтая суполка праводзіла спаборніцтвы на базе ягонага прыходу.

Беларускага грамадзянства Бурыкін ня меў, як ня меў і духоўнай адукацыі. Сьвятарскі сан ён атрымаў разам з абяцаньнем збудаваць храм у Гатаве — рабочым прыгарадзе Менску. Ён быў таксама першым намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі паўэрліфтынгу, якой кіраваў Генадзь Калесьнік, старшыня БФСТ «Дынама».

Арыштавалі Бурыкіна ў лістападзе 2016 году. Тады яго часова адлучылі ад прыходу, але паводле інфармацыі ГУБАЗіК МУС, сану не пазбавілі.

10 ліпеня Заводзкі суд Менску прызнаў былога сьвятара Канстанціна Бурыкіна вінаватым у захоўваньні зброі і патронаў да яе ды асудзіў на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці.

На судзе віну ў захоўваньні зброі былы сьвятар прызнаў, але папрасіў суд не пазбаўляць яго волі «дзеля чацьвярых дзяцей». Свае дзеяньні Бурыкін патлумачыў легкадумнасьцю і сказаў, што зброю яму перадалі актывісты РНЕ, зь якімі ён падтрымліваў стасункі як сьвятар — праводзіў для іх рэлігійныя абрады.

Бурыкін ня ўтойваў, што раней прытрымліваўся нэанацысцкіх поглядаў, але адмаўляў, што займаўся прапагандай экстрэмізму і фашызму. Наяўнасьць у ягоным доме кніг і кампакт-дыскаў пра нацысцкую Нямеччыну Бурыкін патлумачыў захапленьнем гісторыяй. Пра другую сэнсацыйную знаходку, жырандолю ў выглядзе свастыкі, падсудны сказаў, што для яго свастыка — рэлігійны сымбаль, а ня сымбаль Нямеччыны часоў Гітлера.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG