Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Валютная інтэграцыя на шкоду сувэрэнітэту немагчымая». 10 тэзаў пасла Беларусі ў Расеі пра «саюзную дзяржаву»


Уладзімер Сямашка, архіўнае фота
Уладзімер Сямашка, архіўнае фота

Амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка даў вялікае інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС. Свабода выбрала некалькі цікавых выказваньняў пасла.

Пра мэту інтэграцыі

  • Дзеяньні Беларусі ў справе інтэграцыі з Расеяй «падпарадкаваныя адной мэце: пабудове з саюзьніцкай нам Расейскай Фэдэрацыяй узаемавыгадных стасункаў, выстраеных на прынцыпах даверу, раўнапраўя, уліку нацыянальных інтарэсаў адно аднаго, добрасумленнага выкананьня прынятых абавязаньняў».
  • На думку Сямашкі, «бягучы ўзровень саюзнай інтэграцыі не супярэчыць жыцьцёва важным інтарэсам дзьвюх дзяржаваў», і цяпер «галоўная ўмова — далейшае разьвіцьцё саюзу павінна быць выгадным для абодвух бакоў».

Пра сувэрэнітэт

  • Далейшыя прапановы «павінны ісьці ад жыцьця і выцякаць ня зь нейкай абстрактнай і надуманай прававой казуістыкі».
  • Фінансавыя і эканамічныя пытаньні «ня могуць быць пастаўленыя ў залежнасьць ад рэалізацыі ўмоваў дамовы, якія закранаюць атрыбуты сувэрэннай дзяржавы».

Пра адзіную валюту

  • Адзіная валюта Беларусі і Расеі — «мала хто сумняваецца ў рэалістычнасьці» яе, але трэба разумець, што «ёсьць эканамічныя законы, рашэньне якіх адміністрацыйнымі інструмэнтамі можа абысьціся вельмі дорага», бо валюта — «найперш элемэнт сувэрэнітэту любой дзяржавы».
  • «Валютная інтэграцыя на шкоду сувэрэнным правам партнэраў немагчымая», але адзіная валюта мусіць стаць «вянцом, які замацуе ўсе нашы дасягненьні на шляху […] вырашэньня першасных інтэграцыйных задач».

Пра правы людзей

  • За мінулыя 20 гадоў інтэграцыі «ўдалося дасягнуць значных вынікаў у шырокім спэктры правоў грамадзянаў Беларусі і Расеі», найперш у працоўных правах, міграцыі, пэнсіі, атрыманьні адукацыі, мэдыцыне і страхавой дапамозе — у «базавых для простых людзей пытаньнях».
  • Справа ня ў тым, што нейкія правы не выконваюцца цалкам — «проста ў нацыянальных заканадаўствах нашых краінаў ёсьць адрозьненьні, якія не дазваляюць нам у шэрагу выпадкаў прыйсьці да адзінага назоўніка».
  • Цяпер задача ў тым, каб скарэктаваць заканадаўства, каб зьняць праблемы, а «адзіная прававая прастора» — прыярытэт на 2018–2022 гады.

Пра заходнія санкцыі

  • 20 гадоў фармаваньня «саюзнай дзяржавы» прайшлі ў няпростых умовах, прычыны невыкананьня некаторых пунктаў — «і складанае становішча ў сьвеце, і зьменлівыя геапалітычная і эканамічная каньюнктуры, і новыя міжнародныя выклікі, у тым ліку ў выглядзе эканамічных санкцыяў, якія ўводзяцца супраць Беларусі і Расеі».
  • Сямашка прапануе перапрацаваць «перасячэньне кампэтэнцыяў» Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) і «саюзнай дзяржавы». Таксама ён мяркуе, што праект Садружнасьці незалежных дзяржаваў (СНД) «ня вычарпаў сябе».

Пра беларуска-расейскія гандлёвыя спрэчкі

  • «Глыбінных праблемаў», датычных нафты, газу, паставак тэхнікі і малочнай прадукцыі, Сямашка ня бачыць, але доўга пералічвае спрэчкі ў кожным пункце.
  • А прэтэнзіі «Россельгаснагляду» да беларускіх прадуктаў — «нядобрасумленнае перадузятае выцясьненьне нашых прадуктаў з расейскага рынку».

Пра падатковы манэўр Расеі

  • Кампэнсацыя падатковага манэўру Расеі патрэбна ў тым ліку таму, што «мы сёлета ўжо істотна паднялі цэны на нафтапрадукты на ўнутраным рынку, але далей рабіць гэта немагчыма».
  • Дыспарытэт цэнаў на паліва з Расеяй ужо складае 8–10%, ды й пакупніцкая здольнасьць не дазваляе падвышаць цэны. Можа пачацца масавы нелегальны ўвоз паліва ў Беларусь з Расеі, а «ў такім выпадку не давядзецца гаварыць і пра адзіны рынак нафтапрадуктаў».
  • Беларусь страціла на першым этапе таго манэўру 3,6 млрд даляраў, да завяршэньня падатковага манэўру страціць яшчэ 8,8–10,6 млрд і стане пераплочваць Расеі па 3 млрд даляраў.

Пра скасаваньне платы за роўмінг

  • Роўмінг у мабільнай сувязі між Беларусьсю і Расеяй мусіць стаць бясплатным для абанэнтаў «у наступныя год-два» (хоць Сямашка і прызнае, што праблемай займаюцца ўжо амаль 10 гадоў).

Пра візавую дамову

  • «Шэнген на дваіх» з Расеяй — так Сямашка называе узаемнае прызнаньне візаў — цяпер «на фінішнай прамой», дамова можа быць падпісаная да канца году.

Пра дыялёг з NАТО

  • Амэрыканскія вайскоўцы ў Польшчы — «штучнае нагнятаньне, якое ня мае рэальных падставаў», і яно «выклікае глыбокую заклапочанасьць», бо «парушае раўнавагу сілаў у рэгіёне, стварае ўмовы для ваенных інцыдэнтаў».
  • Рашаць гэта трэба праз дыялёг з NATO, да якога Беларусь гатовая, але дыялёг «не адмяняе аб'ектыўных патрабаваньняў да гарантаваньня ўласнай бясьпекі» (у Беларусі яна забясьпечаная адзінай групоўкай сілаў з Расеяй).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG