Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму варта глядзець жаночы футбол? Тлумачаць Бахарэвіч, Халезін і Сэндэр


Чэмпіянат сьвету на жаночым футболе ў Парыжы. Матч Канада - Камэрун. Ілюстрацыйнае фота

У спэцыяльным выпуску «Толькі жанчыны» бяруць удзел мужчыны — пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, мастацкі кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін і блогер, бізнэсовец, адзін са стваральнікаў суполкі беларусаў Швэцыі Міхаіл Сэндэр, зь якімі мы гаворым пра жаночы футбол, чэмпіянат сьвету па якім праходзіць у Францыі.

Сьцісла

  • Бахарэвіч: Прыгожыя, моцныя, незалежныя жанчыны рэалізуюць сябе ў адной з самых цяжкіх і адначасова прэстыжных прафэсій, якія чамусьці лічацца мужчынскімі
  • Халезін: Раналду атрымлівае 80 мільёнаў у год, а Марта, адна з найлепшых футбаліста сьвету, якую называюць Пеле ў спадніцы, мае 300 тысяч у год
  • Сэндэр: Ёсьць стыгма ў дачыненьні да жанчын футбалістак і істотны перакос у мэдыйнай сфэры ў бок мужчынскага футболу

«Жаночы футбол — важны прыклад для дзяўчат і жанчын ва ўсім сьвеце»

Чэмпіянат сьвету па жаночым футболе ў Францыі. Матч Новая Зэляндыя - Нідэрлянды
Чэмпіянат сьвету па жаночым футболе ў Францыі. Матч Новая Зэляндыя - Нідэрлянды

Ганна Соўсь: Упершыню чэмпіянат сьвету па жаночым футболе быў праведзены ў 1991 годзе, толькі праз 61 год пасьля першага аналягічнага турніру ў мужчынскім футболе. Але пакуль такой вялікай увагі і такіх вялікіх грошай, як мужчынскі, жаночы футбол ня мае. Альгерд і Мікалай, ведаю, што вы глядзіце чэмпіянат, заўзееце за пэўныя каманды і футбалістак, і ня толькі падчас чэмпіянату. Чым для вас прыцягальны жаночы футбол?

Бэрлін. Фінал чэмпіянату сьвету па футболе. Альгерд Бахарэвіч заўзее за Харватыю на фан-зоне каля Брандэнбургер Тор. Фота Юлія Цімафеева.
Бэрлін. Фінал чэмпіянату сьвету па футболе. Альгерд Бахарэвіч заўзее за Харватыю на фан-зоне каля Брандэнбургер Тор. Фота Юлія Цімафеева.

Альгерд Бахарэвіч: Жаночы футбол — гэта прыгожа, гэта цікава, гэта адна з праяваў гармоніі сьвету, якой нам так не хапае. Сьвет імкліва зьмяняецца, і я мяркую, што важна адзначаць гэтыя зьмены, прымаць іх і асэнсоўваць. Што такое жаночы футбол? Прыгожыя, моцныя, незалежныя жанчыны рэалізуюць сябе ў адной з самых цяжкіх і адначасова прэстыжных прафэсій, якія чамусьці лічацца мужчынскімі. А яшчэ футбол насамрэч для мяне — гэта ня толькі спорт, але і мастацтва. І жаночы футбол — гэта мастацтва, якое ствараюць жанчыны. Гэта ўжо само па сабе файна. Да таго ж (але гэта ня самае галоўнае, бо галоўнае ўсё ж — цудоўная гульня), мне падаецца важным падтрымліваць жанчын у іх імкненьні да роўнасьці, да свабоды самавыяўленьня.

Жаночы футбол — важны прыклад для дзяўчат і жанчын ва ўсім сьвеце: жанчыны здольныя дасягаць любых вышыняў, варта толькі марыць, хацець, працаваць, і ўсё атрымаецца. Мы з Юляй нядаўна заўзелі за зборную Ямайкі на гэтым чэмпіянаце, Юля пачытала гісторыю яе стварэньня — вось дзе прыклад ініцыятывы, мэтанакіраванасьці і сапраўднай адвагі. Думаю, гэты прыклад шмат каму дапаможа, асабліва дзяўчатам зь бедных краін: як можна прабіцца на чэмпіянат сьвету, абапіраючыся амаль выключна на свае сілы, як трэба марыць і не здавацца.

«Мы будзем сьведкамі вельмі якаснага скачку жаночага футболу»

Мікалай Халезін
Мікалай Халезін

Мікалай Халезін: У мяне абсалютнае адчуваньне, што мы цяпер знаходзімся на парозе вялікіх пераменаў у адносінах да жаночага футболу. На адкрыцьці чэмпіянату матч «Францыя — Паўднёвая Карэя» паглядзелі 10 мільёнаў тэлегледачоў. Гэта грасмэйстарскія лічбы. Гэтай вясной быў пабіты рэкорд, які пратрымаўся 100 гадоў. У 1920 годзе, калі толькі пачынаўся жаночы футбол у Англіі, адзін з матчаў дзьвюх жаночых камандаў у 1920 годзе наведала 53 тысячы чалавек. Гэта была вялізарная аўдыторыя. І сёлета ўвесну, калі гралі каманды жаночых футбольных клюбаў «Барсэлёна» і «Атлетык Більбао» у Гішпаніі на галоўным стадыёне Мадрыду, матч сабраў больш за 60 тысяч чалавек. Гэта ўжо лічбы, супастаўныя з маім улюблёным «Арсэналам», на матчы якога прыходзяць 60-62 тысячы заўзятараў. Гэта ўжо другое стаўленьне, зусім іншая гісторыя.

На пачатку мінулага стагодзьдзя, калі жаночы футбол пачаў уздымацца ў Англіі, яго разьвіцьцё было гвалтоўна спынена. На заканадаўчым узроўні прынялі рашэньне, што жанчыны ня могуць займацца гэтым відам спорту. Потым быў пэрыяд стагнацыі, і ізноў яго дазволілі ў 1971 годзе. Пачаўся паступовы рост і цяпер, на мой погляд, мы будзем сьведкамі вельмі якаснага скачку. Для мне асабліва важна, што гэты скачок абумоўлены не карпатлівай дзейнасьцю фэдэрацыі жаночага футболу, а сацыяльнай замовай грамадзтва. І я вельмі шчасьлівы, што жыву ў гэты момант, калі мы гаворым пра жаночы футбол.

Ганна Соўсь: У Празе ў брытанскіх міжнародных школах дзейнічаюць нароўні хлапчуковыя і дзявочыя футбольныя каманды. Я так разумею, што гэта — брытанская традыцыя, і з гэтага ўсё як раз і пачынаецца.

Чэмпіянат сьвету па жаночым футболе ў Францыі. Бразылія – Ямайка
Чэмпіянат сьвету па жаночым футболе ў Францыі. Бразылія – Ямайка

Мікалай Халезін: Безумоўна. Потым, калі праходзіць фаза старэйшых клясаў, і нейкія хлопчыкі праяўляюць сябе вельмі моцна ў футболе, яны пачынаюць рабіць прафэсійную кар’еру. У дзяўчынак дагэтуль гэтага было крайне мала. І абумоўлена гэта было фінансамі. Умоўна кажучы, хлопчык, куплены ў юнацкую каманду «Арсэналу», ужо пачынае атрымліваць там сотні тысячаў фунтаў. Дзяўчынка да гэтага прыйдзе (калі прыйдзе) толькі падчас карʼеры, калі будзе граць за топ-клюб, калі яна стане членам зборнай, напрыклад. Я паглядзеў рэйтынгі, хто колькі зарабляе. Альгерд згадаў зборную Ямайкі. Яны не атрымліваюць увогуле нічога. Гэта проста энтузіязм. А краіна, дзе неяк супастаўныя з прафэсійнымі заробкі футбалістак, гэта ЗША. Яны і выдаюць цяпер найлепшыя вынікі.

«Роўнасьці дасягнем толькі тады, калі мужчыны і жанчыны будуць у роўнай ступені цікавіцца футболам»

Ганна Соўсь: Міхаіл, вы жывяце ў Швэцыі, краіне з фэмінісцкім урадам, дзе гендэрная роўнасьць — адзін з асноўных дзяржаўных прыярытэтаў. І ваша нявеста — у мінулым прафэсійная футбалістка. Як вы мяркуеце, ці дасягальная гендэрная роўнасьць у вялікім спорце? Прынамсі на прыкладзе Швэцыі. І якім чынам?

Бізнэсовец, адзін са стваральнікаў суполкі беларусаў Швэцыі Michael Sender зь нявестай Emelie Karlsson Wedin. Справа фота падчас яе футбольнай кар'еры
Бізнэсовец, адзін са стваральнікаў суполкі беларусаў Швэцыі Michael Sender зь нявестай Emelie Karlsson Wedin. Справа фота падчас яе футбольнай кар'еры

Міхаіл Сэндэр: Гендэрную роўнасьць у гэтым кантэксьце розныя людзі разумеюць трохі па-рознаму, і ад гэтага залежыць, дасягальная яна ці не. Футбол можна разглядаць у двух постацях — як спорт і як шоў. І калі мы кажам пра футбол як спорт, гэта той кантэкст, калі гендэрная роўнасьць зьяўляецца пытаньнем справядлівасьці. Таму ў гендэрна роўным грамадзтве, такім як Швэцыя (адносна роўным), кожны чалавек мусіць мець аднолькавыя магчымасьці займацца тым спортам, які яму падабаецца, незалежна ад полу. І гэта цалкам дасягальна. У Швэцыі ўзровень роўнасьці па сусьветных мерках вельмі высокі. У Беларусі ён дастаткова высокі таксама. Але калі мы кажам пра футбол як пра шоў, якое людзі прыходзяць паглядзець для забаўленьня, то тут ужо пра справядлівасьць казаць трохі складана, бо кожны чалавек мае права глядзець тое, што яму цікава. І гэта таксама справядліва.

Вялікі футбол — гэта больш шоў, чым спорт. І тут заўсёды будзе мець перавагу тая галіна, дзе больш добрых шоўмэнаў, а больш добрых шоўмэнаў, натуральна, будзе там, дзе больш гульцоў. І тут канцэпцыя ўяўленьняў у грамадзтве, перавага інтарэсаў мае вельмі важную ролю. Тэарэтычна гендэрная роўнасьць у вялікім спорце магчымая, але дасягнем мы яе толькі тады, калі мужчыны і жанчыны будуць у роўнай ступені цікавіцца футболам. І для гэтага грамадзтва павінна прайсьці праз аграмадную культурна-каштоўнасную трансфармацыю, якую, на мой погляд, ніводнае грамадзтва на нашай плянэце на 100% магчыма ніколі ня пройдзе.

Хачу ўдакладніць і падкрэсьліць, што на сёньняшні дзень узровень няроўнасьці мужчыны і жанчын у футболе значна большы, чым ён мог бы быць, калі б ён вызначаўся толькі ўзроўнем асабістага захапленьня. Гэта праблема ёсьць паўсюль, у тым ліку і ў Швэцыі. Ёсьць стыгма ў дачыненьні ад жанчын футбалістак. Ёсьць істотны перакос у мэдыйнай сфэры ў бок мужчынскага футболу. І тут вельмі важную ролю адыгрываюць сымбалі, гендэрныя стэрэатыпы, але таксама і паўсядзённыя звычкі. Напрыклад, калі кажуць футбол, звычайна маюць на ўвазе мужчынскі футбол, а да жаночага заўсёды дадаюць «жаночы».

Як гэта выправіць? Дзяржава павінна забясьпечыць роўныя ўмовы для ўсіх. Гэта мінімум. А калі далей за мінімум, то гэтага павінен захацець асноўны істэблішмэнт — СМІ, лідэры меркаваньняў, палітыкі, зоркі, істэблішмэнт, які нараджае той наратыў, які паступова фармуе грамадзтва. Калі жаночы футбол будзе ў СМІ згадвацца дастаткова часта, як і мужчынскі, і без дадатку «жаночы», няхай узровень інтарэсу футболам паміж жанчынамі і мужчынамі ня стане ад гэтага 50 на 50, але, як мінімум, уяўленьне аб роўнасьці нармалізуецца паступова. Тады будзе меней гэтых зьдзеклівых насьмешак і зьдзіўленых твараў, калі дзяўчынка кажа, што ідзе на футбол. Я пагаджуся зь Мікалаем, што мы сапраўды жывем у пэрыяд, калі гэта адбываецца шмат дзе і даволі масава, і гэты перакос заўважна мяняецца, і гэта вельмі прыемна бачыць.

Чаму на жаночым футбольным чэмпіянаце сьвету няма ніводнай каманды з Усходняй Эўропы?

Ганна Соўсь: Я хацела б усім вам пераадрасаваць пытаньне майго калегі Сяргея Шупы, які таксама натхняецца жаночым футболам: «Чаму на жаночым футбольным чэмпіянаце сьвету няма ніводнай каманды з (посткамуністычнай / постсацыялістычнай) Усходняй Эўропы? Ці яны больш патрыярхальныя? Ці там глыбейшая традыцыя гнабленьня жанчын?» Адна зь першых беларускіх фэміністак Алена Гапава, якая цяпер жыве і працуе ў ЗША, тлумачыць гэта іншай канцэпцыяй гендэрнай роўнасьці (у Штатах няма аплачанага дэкрэтнага адпачынку, але есьць вельмі моцны жаночы футбол). Які ваш адказ?

Альгерд Бахарэвіч: Мне здаецца, што ў Нарвэгіі і Швэцыі, напрыклад, дэкрэтныя адпачынкі ёсьць, але іхныя зборныя на чэмпіянаце гуляюць, і гуляюць някепска. Але хочацца тут паразважаць пра іншае. Летась у мяне ўзяў вялікае інтэрвію партал Трыбуна, і там мы абмяркоўвалі скандальнае, але і паказальнае выказваньне генэральнага сакратара Беларускай Фэдэрацыі футболу. Цытую: «Футбол — не жаночы від спорту, прызначэньне жанчыны — нараджаць, а не так цяжка працаваць і зьдеквацца з арганізму. У мяне жанчыны асацыююцца з музыкай і танцамі».

То бок у той час, як Міжнародная фэдэрацыя футболу ўсяляк падтрымлівае і прапагандуе жаночы футбол, беларуская фэдэрацыя вуснамі свайго кіраўніка дазваляе сабе вось такія бязглуздыя і абсалютна сэксісцкія заявы. На жаль, я думаю, большасьць нашых футбольных функцыянэраў зь імі згодная, як і значная частка заўзятараў. Жаночы футбол у Беларусі не ўспрымаецца як нешта вартае сур’ёзнай увагі, ён дагэтуль успрымаецца як хутчэй даніна Захаду, як кур’ёз, ад якога немагчыма проста так адмахнуцца. Таму з аднаго боку нешта робіцца для разьвіцьця жаночага футболу ў краіне, праводзяцца турніры, адчыняюцца гурткі, ствараюцца каманды, але з другога боку — усё гэта без усялякай нацэленасьці на вынік. Я ня ведаю, якая сытуацыя ў іншых усходнеэўрапейскіх краінах, але ў нас жаночы футбол ня мае неабходнай падтрымкі: ні маральнай, ні фінансавай, ні хаця б, так бы мовіць, сьветапогляднай. Цяжка перамагаць, калі само тваё існаваньне лічыцца ня надта мэтазгодным. І яшчэ адна прычына. Усё ж беларускі гуляюць у эўрапейскай зоне, бо адборачны турнір да чэмпіянату сьвету праводзіцца па геаграфічнай прыкмеце, таму ў беларусак традыцыйна вельмі моцныя суперніцы, прабіцца на чэмпіянат сьвету з эўрапейскай зоны ўсё ж вельмі складана.

Чэмпіянат сьвету на жаночым футболе ў Францыі. Матч Нігерыя - Паўднёвая Карэя
Чэмпіянат сьвету на жаночым футболе ў Францыі. Матч Нігерыя - Паўднёвая Карэя

Мікалай Халезін: Для таго, каб папулярызаваць спорт, каб выраўняць сытуацыю, трэба мець пэўную колькасьць асобаў вельмі высокага калібру, якія б задавалі тон і дэманстравалі б высокі кляс. Была такая футбалістка Эбі Ўомбак (яна ўжо закончыла гуляць), неверагодная гульчыха, забіла за карʼеру 184 галы на найвышэйшым узроўні, двойчы стала алімпійскай чэмпіёнкай. Неверагодны вынік для футболу высокага клясу. Калі ёсьць такі чалавек, чалавек з гісторыяй, які працягвае лінію сторытэлінгу, калі яго гісторыя ідзе ў масы, тады да гэтага прыглядаюцца і ў спорце, і ў грамадзкай сьвядомасьці. І пакуль у Беларусі не зьявіцца пэўная колькасьць такіх лідэраў, сытуацыя будзе рухацца вельмі марудна, на жаль.

Міхаіл Сэндэр: Канечне, і дэкрэтны адпачынак, і іншыя рэчы маюць уплыў шмат на што, але заўважце, што дэкрэтны адпачынак юрыдычна не замацаваны за адным нейкім полам, проста ёсьць нейкі натуральны запыт у грамадзтве. І тут асноўную ролю адыгрываюць патрыярхальныя традыцыі і гэты фэтыш так званых сямейных каштоўнасьцяў, якія, канечне, ёсьць ва ўсім сьвеце, але ва Ўсходняй Эўропе, ня толькі ў Беларусі... Гэта сапраўды ўсходнеэўрапейскі фэномэн, калі ўсё грамадзтва чакае ад цябе адмысловага альгарытму паводзінаў і стылю жыцьця, сыходзячы з твайго полу. Паспрабуй тады дзяўчынка пагуляць у футбол, гэта адразу будзе ўспрынятае як нейкі пратэст. Трэба працаваць з нармалізацыяй поглядаў у грамадзтве ў цэлым.

«Я — заўзятар "Арсэналу", і часьцей я ганаруся жаночай камандай "Арсэналу"»

Ганна Соўсь: Зорка сусьветнага тэнісу беларуска Вікторыя Азаранка нядаўна крытычна выказалася пра тое, што мужчыны ў тэнісе зарабляюць болей за жанчыны, і прапанавала зрабіць роўныя прызавыя для мужчын і жанчын у тэнісе. У свой час Новак Джокавіч на гэта адказаў, што на мужчынскіх турнірах больш гледачоў, і да таго ж спаслаўся на гармоны, а Рафаэль Надаль заявіў, што «калі я спраўляюся з працай лепш за іншага чалавека, то я павінен зарабіць больш. Усё роўна, жанчына гэта ці мужчына». Як, з вашага гледзішча, можна вырашыць праблему гендэрнай няроўнасьці ў спорце, у тым жа футболе?

Мікалай Халезін: Гэта традыцыя. Абавязкова шэраг спартоўцаў і трэнэраў у фэдэрацыі выкажуцца на тэму, што мужчыны, магчыма, расходуюць больш сіл, яны больш прафэсійныя, на іх ходзяць. Але калі матч «Барсэлёна — Атлетыка Більбао» зьбірае 60 тысяч чалавек, дык столькі ж зьбірае гульня мужчынскай «Барсэлёны» з мадрыдзкім «Рэалам». Я дапускаю розьніцу ў аплаце працы футбалістаў і футбалістак, але не на парадкі. Калі Раналду атрымлівае, напрыклад, 80 мільёнаў у год, то адна з найлепшых футбалістак сьвету Марта, якую называюць Пеле ў спадніцы, можа атрымліваць 300 тысяч у год. Гэта неверагодная розьніца, і яе не апраўдваюць ніякія маналёгі Надаля, таму што яны гэтак жа трацяць сілы, яны гэтак жа дастаўляюць задавальненьне.

Чэмпіянат сьвету па жаночым футоле ў Францыі. Нігерыя - Нарвэгія
Чэмпіянат сьвету па жаночым футоле ў Францыі. Нігерыя - Нарвэгія

Жаночы футбол, акрамя таго, што ён вельмі гарманічны, гэта яшчэ і адчайнае відовішча. Гэта, як першыя гей-прайды, калі людзі хочуць даказаць, што яны могуць таксама праяўляць сваю грамадзкую значнасьць. І дзеўчыны гуляюць адчайна, часам настолькі ашаламляльна, што вачэй не адарваць. Я — заўзятар «Арсэналу», у тым ліку жаночай каманды, і часьцей я ганаруся жаночай камандай «Арсэналу», таму што яна станавілася чэмпіёнам 14 разоў, 11 разоў атрымлівала кубак Англіі, выйгравала лігу Чэмпіёнаў.

У мяне там была ўлюблёная футбалістка Алекс Скот. Яна была правай абаронцай зборнай Англіі, потым выйграла бронзу чэмпіянату сьвету, срэбра на Эўропе. У выніку па заканчэньні футбольнай карʼеры яна пачала карʼеру тэлевізійнай журналісткі. Калі цяпер я глядзеў экспэртныя ацэнкі на фінал Лігі чэмпіёнаў, то нароўні з мужчынамі гэта рабіла і Алекс. Гэта быў бліскучы аналіз, яна ні ў чым не саступала Гары Нэвілу ці Рыа Фэрдынанду, якія ўжо прызнаныя экспэрты. Чаму яна павінна меней зарабляць?

«У капіталістычным сьвеце спартовыя спаборніцтвы — гэта ўсё ж бізнэс»

Міхаіл Сэндэр: Мы зь нявестай у гэтым пытаньні адносна аднолькава глядзім на сытуацыю. На эмацыйным, ідэалістычным узроўні мы абодва падзяляем гэтае адчуваньне несправядлівасьці. Для мяне гэта прыкладна тое самае адчуваньне, калі глядзіш на заробкі галівудзкіх зорак у параўнаньні зь вельмі добрымі акторамі ў сэрыялах. Не падаецца, што Брус Уіліс у сто разоў лепей грае ў кіно... Гэта пытаньне эканамічнае. Каб мы жылі ў КНДР, я ўпэўнены, што прызы вялікі павадыр даваў бы ўсім аднолькавыя, але ў нашым капіталістычным сьвеце спартовыя спаборніцтвы — гэта ўсё ж бізнэс.

Калі ты арганізуеш спаборніцтва, то робіш бюджэт і сыходзіш з таго, колькі гледачоў прыйдзе, колькі грошай можна сабраць са спонсараў і гэта далей. І калі ты ведаеш, што зьбярэш грошай у 10 разоў меней, чым на тым жа мужчынскім спаборніцтве, нават калі гуляюць яны аднолькава добра, і, можа быць, прыйдзе нават столькі ж людзей, але спонсары могуць у гэта не паверыць. Як ты можаш дазволіць аднолькавыя прызывыя? Гэта рэчаіснасьць, ад якой мы ў капіталістычным сьвеце нікуды не дзенемся. Можна нацыяналізаваць спорт і плаціць гульцам зь кішэні падаткаплатнікаў, але, я думаю, што тады ўсе будуць урэшце незадаволеныя.

«Беларускі жаночы футбол — гэта вялікая самааддача і прага перамогі»

Ганна Соўсь: Альгерд, вы жонкай ходзіце на пакуль што нешматлюдныя турніры па жаночым футболе ў Менску. На ваша ўражаньне, як на сусьветным фоне выглядаюць беларускія футбалісткі? І па вашым прагнозе, як хутка беларуская зборная будзе гуляць на чэмпіянаце сьвету па жаночым футболе? І ад чаго гэта залежыць?

Чэрвень 2014 году. Менскі стадыён "Трактар". Жаночая зборная Беларусі па футболе гуляла супраць Ўэльса ў адборачным матчы Чэмпіянату свету 2015 году. Фота Юліі Цімафеевай.
Чэрвень 2014 году. Менскі стадыён "Трактар". Жаночая зборная Беларусі па футболе гуляла супраць Ўэльса ў адборачным матчы Чэмпіянату свету 2015 году. Фота Юліі Цімафеевай.

Альгерд Бахарэвіч: Так, мы бывалі і на матчах зборнай Беларусі, і на гульнях беларускіх клюбаў. Беларускі жаночы футбол — гэта вялікая самааддача, вялікая прага перамогі, гэта праца і жаданьне паказаць сябе, і за гэта беларускіх футбалістак варта толькі пахваліць. Што да майстэрства, дык наш жаночы футбол пакуль што відавочна саступае заходняму. Мы зь Юляй вельмі часта бываем за мяжой, часам жывем там месяц-два, і бачым, якую ўвагу надаюць аматарскаму жаночаму футболу на Захадзе: пры кожным нават самым маленькім клюбе ёсьць жаночая каманда, магчымасьцяў для дзяўчат займацца футболам вельмі шмат, было б жаданьне. Нават мая дачка пэўны час займалася ў камандзе, якая прадстаўляе ўсяго толькі адзін маленькі раён у чэмпіянаце Гамбурга. Зусім маленькі клюб — і мае сваю жаночую каманду. Там, дзе падтрымліваецца аматарскі футбол — там расьце ўзровень і прафэсійнага. А калі ў нас такой падтрымкі няма, дык і супэрвынікаў ад беларускіх футбалістак чакаць рана.

«Ад таго, што гуляюць жанчыны, а не мужчыны, сутнасьць футболу не зьмяняецца»

Ганна Соўсь: Чаму варта глядзець жаночы футбол? Чым ён адрозьніваецца ад мужчынскага?

Чэмпіянат сьвету на жаночым футболе ў Парыжы. Матч Аўстралія - Італія
Чэмпіянат сьвету на жаночым футболе ў Парыжы. Матч Аўстралія - Італія

Альгерд Бахарэвіч: Таму што гэта прыгожа. Таму што гэта важна. А найперш — таму што гэта футбол, тая самая вялікая гульня, якой мы захапляемся зь дзяцінства. Ад таго, што гуляюць жанчыны, а не мужчыны, сутнасьць футболу не зьмяняецца. Магчыма, хуткасьці ў жаночым футболе не такія высокія, магчыма, сіла ўдараў крыху слабейшая, хоць і тут ня ўсё так адназначна, магчыма, тэхнічных камандаў, здольных гуляць у камбінацыйны футбол, ня так шмат, затое жарсьці на поле пануюць такія, што відовішчнасьць жаночага футболу часта пераўзыходзіць мужчынскую. Калі вы не глядзіце гэты чэмпіянат сьвету — раю паглядзець. Хаця б для таго, каб пазбавіцца ад стэрэатыпаў.

Чэмпіянат сьвету на жаночым футболе ў Францыі. Матч Чылі - Швэцыя
Чэмпіянат сьвету на жаночым футболе ў Францыі. Матч Чылі - Швэцыя

Мікалай Халезін: Гэта футбол. Гэта вялікі футбол, але гэта крыху іншы футбол. Мне ён вельмі цікавы тым, што ў ім эмацыйныя кампанэнт крыху вышэйшы, чым прагматычны ў мужчынскім футболе. Мне гэта вельмі падабаецца. Гэта той другі бок футболу, які нам не заўсёды выпадае, асабліва ў эўрапейскім футболе. Я лічу, што людзі абавязаныя глядзець гэты футбол, калі ты футбольны заўзятар, ты павінен разумець, што існуе і такі футбол, і ён вельмі круты.

Чэмпіянат сьвету па жаночым футболе ў Францыі. Матч ЗША - Тайлянд
Чэмпіянат сьвету па жаночым футболе ў Францыі. Матч ЗША - Тайлянд

Міхаіл Сэндэр: Я лічу, што ўсе павінны глядзець тое, што ім падабаецца, і я б не параўноўваў мужчынскі і жаночы футбол. Гэта як любыя дзьве галіны любога спорту, іх ня трэба параўноўваць ва ўсім. Яны проста трохі розныя і маюць сваю спэцыфіку. Думаю, што калі табе падабаецца футбол, то будзеш глядзець і тое, і іншае. Я ня бачу, чаму б не глядзець менавіта жаночы. Проста, калі ён не існуе ў тваёй сфэры ўвагі, у гэтым палягае праблема ў грамадзтве, і тут мы ўсе з вамі разам, і дзякуючы вашай у тым ліку перадачы, можам трохі паўплываць і дапамагчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG