Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Вяргейчык папрасіў прабачэньня за словы пра футбол як нежаночы від спорту


Турнір па футболе сярод беларускіх жаночых камандаў, футбольны клюб «Мінск» гуляе супраць «Зоркі-БДУ». 2016 год

Генэральны сакратар Беларускай фэдэрацыі футболу Юры Вяргейчык патлумачыў сваю пазыцыю наконт разьвіцьця жаночага футболу.

Днямі спартовы функцыянэр у эфіры тэлеканалу «Беларусь-5» заявіў, што ня лічыць футбол жаночым відам спорту; прызначэньне жанчын, на яго думку, — нараджаць.

Сёньня на сайце фэдэрацыі зьявілася афіцыйная заява.

«Беларуская фэдэрацыя футболу на працягу чвэрці стагодзьдзя свайго існаваньня бачыць асноўнай задачай разьвіцьцё гульні № 1 на прасторах краіны. Гэта ўключае ў сябе ня толькі спартовы складнік, але і сацыяльную падтрымку. Жаночы футбол — неад’емная частка сусьветнага спартовага руху. Усьведамляючы гэта і падзяляючы прынцыпы ўсеагульнага роўнасьці, якія дэкляруюць УЭФА і ФІФА, мы робім унёсак у падтрымку гэтага напрамку», — гаворыцца ў заяве.

У сувязі з гэтым генэральны сакратар БФФ Юры Вяргейчык выказаў засмучэньне, што ягоныя словы выклікалі нэгатыўную рэакцыю ў грамадзтве і былі ўспрынятыя ў кантэксьце пэрспэктываў жаночага футболу Беларусі.

«Хацеў бы прынесці прабачэньні ўсім, каго закранулі або пакрыўдзілі мае словы, — сказаў ён. — Перш за ўсё хачу падкрэсьліць, што з павагай стаўлюся да жаночага спорту ў цэлым і да футболу ў прыватнасьці. Кожны чалавек мае права сам выбіраць, чым займацца ў жыцьці — без аглядкі на прыватныя меркаваньні, у тым ліку генэральнага сакратара фэдэрацыі футболу».

Юры Вяргейчык удакладняе, што выдатна знаёмы са статутам, мэтамі арганізацыі і разумее, што разьвіцьцё жаночага футболу — адзін з прыярытэтных напрамкаў. Ён запэўнівае, што гэтаму віду, як і раней, будзе надавацца пільная ўвага — ад аматарскіх спаборніцтваў да выступленьняў нацыянальнай зборнай.

Кіраўніцтва фэдэрацыі ў сваёй афіцыйнай заяве адзначыла, што паважае права жанчын на выбар прафэсійнай дзейнасьці і вітае, калі прыярытэты аддаюцца спорту. А таму не магло пакінуць без увагі пазыцыю свайго генэральнага сакратара, агучаную ім у інтэрвію БТ.

Згодна з інфармацыяй, БФФ абслугоўвае нацыянальныя жаночыя і дзявочыя каманды, праводзіць першынствы Беларусі, у якім выступае 8 клюбаў. У 2009 і 2016 гадах краіна прыняла фінальныя турніры чэмпіянату Эўропы сярод дзяўчат да 17 і да 19 гадоў. Арганізацыя спаборніцтваў атрымала высокую ацэнку УЭФА, надаўшы пазытыўны імпульс беларускаму жаночаму футболу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG