Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскі дэтэктыў, беларускі сузіральнік, швэдзкія гісторыі для малечы — летнія чытанкі 2019


Праверце сваю валізку. Магчыма, вы забыліся ўзяць у адпачынак нешта самае важнае.

Кніга — вось што самае важнае на летніх вакацыях.

Начытаныя і абазнаныя ў літаратуры людзі дзеляцца сваімі думкамі пра кнігі, якія яны рэкамэндуюць абавязкова прыхапіць з сабой, выпраўляючыся ў адпачынак. Выдаўцы са свайго боку таксама маюць што падказаць і паказаць.

Вера Дзядок, перакладчыца Гётэ-Інстытуту ў Беларусі:

«Рэкамэндацыі мае будуць актуальныя толькі для тых, хто ўжо прачытаў „Мае дзевяностыя“, „Вяртаньне Ліліт“, „Сарматыю“ і „Панядзелак“.

Ідэальная чытанка для адпачынку — дэтэктывы. Зь іх мы і пачнём. Восем дэтэктыўных гісторый Робэрта ван Гуліка „Сьледзтва вядзе судзьдзя Дзі“ толькі што выйшлі ў перакладзе Ганны Янкуты. Гэтую кнігу можна чытаць проста як забаўляльныя гісторыі з заблытанымі сюжэтамі пра здраду, каханкаў і падступнасьць, а можна паміж радкоў вылоўліваць каштоўныя дэталі пра норавы і жыцьцё ў сярэднявечным Кітаі.

Неспадзяваныя павароты сюжэту, іронія і нязьменнае спачуваньне да злачынцы спадарожнічаюць чытачам кнігі „Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых“ Вольгі Такарчук у перакладзе Марыны Шоды. Гэта кніга — сапраўдная інтэлектуальная асалода.

Для тых, хто па нейкіх прычынах гэтым летам толькі марыць пра падарожжа, настольнай павінна стаць кніга „Стамбул. Горад і ўспаміны“ Архана Памука. Гэта ня толькі вельмі асабістая гісторыя каханьня з горадам, гэта кніга населена дзівакамі і няўдахамі, рамантыкамі і летапісцамі гісторыі Стамбулу, якія гадамі зьбіралі пра яго ўсё самае дзіўнае і неверагоднае.

Перакладчыца Вера Дзядок
Перакладчыца Вера Дзядок

Калі Вы з тых людзей, што ня могуць адолець тоўстыя раманы, ваша кніга на лета — „Сузіральнік“ Андрэя Федарэнкі. Яна складаецца з аповесьцяў і апавяданьняў, героі якіх — нашы суайчыньнікі і сучасьнікі, якія ціха пакутуюць ад набрыдзі дачнікаў у роднай вёсцы, трапляюць у палон абаяньня пісьменьніка-цыніка, урэшце, шпацыруючы па Бэрліне, думкамі вяртаюцца ў родную вёску. Як заўсёды ў Андрэя Федарэнкі, кніга напісана бліскуча і чытаецца на адным дыханьні».

Выдавецтва «Koska» — для малечы і падлеткаў:

1. Юя Вісландэр і Свэн Нурдквіст, «Мама Му на арэлях»

Калі некалькі гадоў таму швэдзкая карова Мама Му загаварыла па-беларуску, то адразу стала ўлюбёнкаю юных чытачоў ад Берасьця да Воршы. Кнігі Юі Вісландэр і Свэна Нурдквіста пра розныя прыгоды гэтай гарэзьлівай каровы цяпер у Беларусі ў ліку дзіцячых бэстсэлераў. І вось новая — «Мама Му на арэлях». Кніга вельмі летняя, бо хто ж ня любіць цёплымі днямі гушкацца на арэлях? Але з самага пачатку гэта ня так ужо і лёгка, як падаецца. Асабліва для каровы. Ці атрымаецца ў Мамы Му навучыцца гушкацца і ці дапаможа ёй у гэтым яе сябар Крумкач?

2. Лена Андэрсан, «Мулан і бабуля»

Кніга для зусім маленькіх дзетак. Што робіць дзяўчынка Мулан, калі застаецца разам са сваёй любімай бабуляй? За дзень можна пасьпець столькі ўсяго цікавага! У тым ліку і пачытаць, дакладней паслухаць, пра што чытае бабуля, і паразважаць разам над цудоўнымі малюнкамі гэтай кніжкі.

3. Юя Вісландэр і Лота Гефэнблад, «Ёрдзіс»

Гэтая кніга — цудоўная чытанка на лета для тых, хто ўжо сам умее чытаць. У кнізе 11 частак, і ў кожнай дзяўчынка Ёрдзіс расказвае нам пра сябе, сваю сям’ю, сваіх сябровак і сяброў, пра розныя цікавыя, вясёлыя, а часам сумныя здарэньні.

4. Сара Лундбэрг, «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча»

Думаю,
калі б я была птушкай,
то змагла б паляцець.
З нашай вёскі.
Да іншага жыцьця.
Туды, дзе я была б той, кім я ёсьць.
Дзе ніхто не крычыць на мяне
і ня лічыць нязграбнай дзівачкай.

Так думае дзяўчынка Берта з кнігі «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча». Швэдзкая пісьменьніца Сара Лундбэрг напісала яе, натхніўшыся рэальнай гісторыяй дзяцінства мастачкі Берты Хансан. Берта нарадзілася ў простай сялянскай сям’і, у якой яе адзінага жаданьня маляваць ніхто не разумее. Да таго ж памірае мама. Гэтая кніга адрасаваная старэйшым дзецям, якіх яна вучыць ні пры якіх драматычных абставінах не адмаўляцца ад сваёй мары.

У 2017 кніга атрымала ў Швэцыі прэмію «Аўгуст» як найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў.

Усе гэтыя кнігі са швэдзкай пераклала Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG