Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчука вінавацяць у экстрэмізьме за лічбы, якіх няма ў забаронным сьпісе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

26-гадовага хлопца не пусьцілі на хакейны матч у Горадні за «няправільную» цішотку, а потым склалі пратакол за экстрэмізм.

Гісторыю свайго сына расказала маці Сьвятлана Сычова на старонцы ў фэйсбуку.

У размове з журналістам яна патлумачыла, што адбылося. Імя сына да суду называць ня хоча, каб не нашкодзіць.

Па ейных словах, усё адбылося сёлета напрыканцы красавіка. Сын паехаў на хакейны матч у Горадню. На ўваходзе яго не прапусьцілі, а замест гэтага накіравалі ў пастарунак. Падставай стаў надпіс на цішотцы.

«Яму гэтую цішотку падарылі. Я сама яе прасавала. Напісаныя чатыры лічбы. У мяне і думкі не было, што яны могуць быць забароненыя», — кажа Сьвятлана.

Лічбы зь цішоткі можна назваць аналягам «антыміліцэйскай» абрэвіятуры, якая ёсьць у рэестры экстрэмісцкіх матэрыялаў Беларусі. Яны адпавядаюць месцам, на якіх у ангельскім альфабэце стаяць забароненыя чатыры літары.

Па словах Сьвятланы, міліцыянты самі сказалі сыну, што гэтых лічбаў у рэестры няма, аднак пратакол склалі паводле арт. 17.11 КаАП Беларусі («Выраб, распаўсюд і (або) захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Яна кажа, што папярэдняя дата суду па справе была прызначаная на 11 чэрвеня, аднак яго перанесьлі на нявызначаны тэрмін.

Жанчыну непакоіць, што штраф па гэтым артыкуле можа скласьці 50 базавых, або 1275 рублёў. Гэта вялікая сума для сям’і.

Сьвятлана кажа, што калі сына прызнаюць вінаватым у экстрэмізьме, яна будзе спрабаваць прыцягнуць да адказнасьці іншыя фірмы і ўстановы, якія маюць у лягатыпе дадзенае спалучэньне лічбаў або яшчэ неяк яго выкарыстоўваюць.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG