Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамельчука судзяць за экстрэмізм — перапост парадаў, як пазьбегнуць загону ў БРСМ


Пятро Маркоўскі ў судзе

52-гадовага Пятра Маркоўскага судзяць за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — за перапост публікацыі «Што рабіць, калі заганяюць у БРСМ. Парады анархістаў».

Міліцыя выявіла перапост у фэйсбуку Маркоўскага сёлета ў лютым і палічыла гэта «распаўсюдам інфармацыі, занесенай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 17.11 адміністрацыйнага кодэксу).

На працэсе ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля Пятро Маркоўскі заявіў, што невінаваты, бо ў дзень «зьдзяйсьненьня правапарушэньня», 6 лістапада 2018 году, быў у Нямеччыне. А тэлефон, празь які ён нібыта «зьдзейсьніў правапарушэньне», ляжаў у Гомлі.

Падсудны сказаў, што не рабіў таго перапосту і ня ведае, як ён зьявіўся на ягонай старонцы.

«Органы, якія адсочваюць, дзе зьявіліся перапосты „экстрэмізму“, павінны ў першую чаргу сачыць — адкуль яны зьяўляюцца, і закрываць першакрыніцы. Грамадзянін не павінен ведаць увесь сьпіс экстрэмісцкай літаратуры. Гэта як пасткі, расстаўленыя па ўсёй краіне», — абурыўся Пятро Маркоўскі.

Адвакат Пятро Барысаў лічыць віну Маркоўскага недаказанай. Абаронца зьвярнуў увагу на недакладнасьці ў пратаколе. І судзьдзя Сяргей Кармановіч адправіў пратакол на дапрацоўку — ужо другую па ліку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG