Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім і Севярынец правялі беларускамоўную дыктоўку для актывістаў БСРМ


Ілюстрацыйнае фота. Актывісты БРСМ
Ілюстрацыйнае фота. Актывісты БРСМ

Сябры праўладнай моладзевай арганізацыі пісалі верш Уладзімера Караткевіча «Беларуская песьня».

Дыктоўка для актыву БРСМ прайшла 5 сакавіка ў Стоўпцах з удзелам старшыні Таварыства беларускай мовы, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім.

​«Аўдыторыя для такой імпрэзы абсалютна новая — актывісты БРСМ зь Менскай вобласьці. Іх сабралася каля 30 чалавек. Мяне цяпер пытаюцца, як гэта я здолела іх угаварыць. Я нікога не ўгаворвала, бо гэта была іхная ініцыятыва, іхнае рашэньне» — падзялілася са Свабодай Алена Анісім.

Яна паведаміла, што актывісты пісалі верш Уладзімера Караткевіча «Беларуская песьня»:

«Усе нармальна напісалі. Хтосьці пісаў у радок, а хто памятаў Караткевіча — вершам. Але ўсё напісалі добра. А пасьля паехалі на экскурсію ў два філіялы коласаўскага музэю — у Акінчыцы і Смольню».

Удзельнічаць у імпрэзе запрасілі і настаўніцу Ганну Севярынец. У сваім Фэйсбуку яна напісала:

«Пасьля дыктоўкі пагутарылі пра мову — спакойна, па-чалавечы, бяз „бу-бу-бу“: што матывуе да мовы, як перайсьці з расейскай на беларускую, што дапамагае, што чытаць дарослым і дзецям, чаму ў нас такія вучэбныя праграмы і г.д».

Спадарыня Севярынец зрабіла для сябе тры высновы:

«1. Дыялёг — гэта цудоўна. 2. Мова і літаратура ўсіх нас бясспрэчна і безумоўна яднаюць, кім бы мы не былі. 3. Мы адзін народ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG