Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камоцкая, Пінігін, Кукабака, Пятровіч. Новыя ўзнагароды мэдалём БНР-100


Мэдаль у гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР, архіўнае фота
Мэдаль у гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР, архіўнае фота

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ўзнагародзіла мэдалямі да 100-годзьдзя БНР больш як сорак вядомых беларусаў і замежнікаў, якія спрыяюць дэмакратыі і незалежнасьці.

Як стала вядома Радыё Свабода, у ліку ўзнагароджаных — пісьменьнік, галоўны рэдактар часопісу «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч, мастак Вячка Целеш (Рыга), тэатральны рэжысэр Мікалай Пінігін і кінадакумэнталіст Антон Цялежнікаў, сьпевакі Кася Камоцкая, Вераніка Круглова, Зьміцер Вайцюшкевіч.

Да тых, хто быў узнагароджаны мэдалём раней, далучаныя дэпутат Вярхоўнагна Савету 13-га скліканьня Павал Знавец, намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч, палітычныя вязьні Ірына Волкава (Шэйбак), Міхась Кукабака, Аляксандар Малчанаў, грамадзкія дзеячы Глеб Лабадзенка, Андрэй Стрыжак, Андрэй Сьцепанюк.

Мэдаль ад старшыні Рады БНР атрымаюць сьвятары а. Андрусь Абламейка, а. Ян Майсейчык, прапаведнік Юры Рапецкі, былы амбасадар у Беларусі Майкл Козак, чэскі палітык Ян Румл, дасьледчык беларускай літаратуры Томас Бёрд (Нью-Ёрк), перакладчыца Сьвятлана Вранава (Прага).

Сярод узнагароджаных мэдалём групы дзеячоў беларускай дыяспары — Яўген Вапа (Польшча), Зінаіда Клыга (Эстонія), колішні дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч (ЗША).

Мэдаль быў зацьверджаны ў дні сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і «уручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледаваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

Мэдалём узнагароджаныя больш за 130 асобаў зь Беларусі і замежжа. Уручэньне ўзнагарод мае адбывацца на працягу 2019 году. Адпаведны дэкрэт падпісала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG