Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля габрэяў у XX ст. найбольш пацярпелі беларусы», — князь Шварцэнбэрг


У будынку парлямэнту Чэскай Рэспублікі адбылася сустрэча праскіх беларусаў з дэпутатам, былым міністрам замежных спраў Карлам Шварцэнбэргам. На даручэньне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы яму быў уручаны мэдаль да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі – «на знак прызнаньня заслугаў дзеля беларускай незалежнасьці і дэмакратыі».

Раней такі мэдаль атрымалі супрацоўнікі радыё Свабода Багдан Андрусышын (Данчык), Аляксандар Лукашук і Сяргей Шупа.

Карэл Шварцэнбэрг з супрацоўнікамі Радыё Свабода Сяргеем Навумчыкам, Івэтай Крамплавай, Багданам Андрусішыным (Данчыкам), Аляксандрам Лукашуком і Сяргеем Шупам.
Карэл Шварцэнбэрг з супрацоўнікамі Радыё Свабода Сяргеем Навумчыкам, Івэтай Крамплавай, Багданам Андрусішыным (Данчыкам), Аляксандрам Лукашуком і Сяргеем Шупам.

Карэл Шварцэнбэрг (нар. 1937) паходзіць са с старажытнага княскага роду, пасьля прыходу камуністаў у 1948 годзе разам з бацькамі пакінуў Чэхаславаччыну, у 1980-х гадох узначальваў Міжнародную Гэльсынскую фэдэрацыю, якая аб’ядноўвала камітэты за правы чалавека. Вярнуўся на радзіму пасьля аксамітнай рэвалюцыі і быў паплечнікам Вацлава Гаўла.

У 2009 годзе ў якасьці міністра замежных спраў Чэхіі, якая прымала першы саміт Усходняга партнэрства, наведаў Беларусь. У тым самым годзе прыняў дэлегацыю ў складзе старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, былых кандыдатаў у прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, Аляксандра Мілінкевіча, Зянона Пазьняка і Станіслава Шушкевіча. У 2013 годзе ў якасьці міністра Шварцэнбэрг сустракаўся зь лідэрам «Эўрапейскай Беларусі» Андрэем Саньнікавым. У 2014-м наведаў прэзэнтацыю кнігі Паўла Севярынца ў Празе.

У часе сустрэчы Карэл Шварцэнбэрг падзяліўся разважаньнямі пра гісторыю і будучыню, пра Чэхію і Беларусь, пра палітыку і літаратуру – часам з уласьцівым яму гумарам.

Пра свайго сябра

Мой дарагі сябра Вацлаў Гавэл цяпер у іншым сьвеце, спадзяюся, яму там добра і ён і зь нябёсаў пазірае на нас.

Пра пакуты беларускага народа

Магчыма, пасьля габрэяў у XX ст, найбольш пацярпелі беларусы. А ўвогуле, віна Гітлера і Сталіна ў зьнішчэньні народаў – роўная.

Пра заслугі перад беларускай дэмакратыяй

Калі я нешта карыснае зрабіў для Беларусі, дык не таму, што кіраваўся інтарэсамі дэмакратыі. Я проста вельмі раззлаваўся на гэтую вашую ўладу.

Пра здароў’е

У мяне была апэрацыя на сэрцы. Як я сябе адчуваю? Лепей за ўсё іншае працуе мае галава.

Пра Кафку

На мяжы 40-х і 50-х гадоў сьвет адкрываў для сябе Франца Кафку, к Амэрыцы «кафкаманія» дасягнула вялізных памераў. Мы тады жылі ў Аўстрыі, у частцы, падкантрольнай амэрыканскай адміністрацыі, і бацька працаваў у бібліятэцы Амэрыканскага інфармацыйнага цэнтру. І тады з чым толькі Кафку ня зьвязвалі – і з Фройдам, і з рэлігіяй, і з містыкай, і кожны хадзіў да бацькі (ён быў там адзіны чэх), каб знайсьці ў яго пацьверджаньне менавіта сваёй тэорыі. І вось аднойчы бацька прыйшоў пасьля працы дамоў, сеў, абхапіў галаву рукамі і сказаў: «Як, як мне растлумачыць усім гэтым людзям, што Кафка – рэаліст, толькі рэаліст, і нічога болей?»

Пра месца Беларусі ў Эўропе

Я тут крыху пэсыміст. На Захадзе назіраюць за працэсамі ў краінах, якія ўзьніклі на месцы СССР. Вось Украіна, там перамагла дэмакратыя. Але там – вялікая карупцыя. Гэта не прываблівае Захад. Што казаць, нават да Чэхіі Заходняя Эўропа ставіцца з абыякавасьцю. Заможных не асабліва цікавіць лёс бедных, так было заўсёды.

У парлямэнцкім офісе Карэла Шварцэнбэрга
У парлямэнцкім офісе Карэла Шварцэнбэрга

Пра будучыню беларускай мовы

Але я думаю, што з беларускай мовай усё будзе добра. Вось у Чэхіі ў часы асьветніцтва, у пачатку 19-га стагодзьдзя, калі ўсе тут размаўлялі толькі па-нямецку, навуковец Ёзэф Добраўскі склаў падручнік па граматыцы чэскай мовы. Прычым напісаў ён падручнік на нямецкай мове. Ён бачыў, што мова зьнікае, і проста хацеў, каб унукі ведалі, што вось існавала такая чэская мова. Але – мова адрадзілася. Так што і ў Беларусі з беларускай мовай будзе добра.

Пра галоўную бяду Расеі

У Расеі – выдатная культура, вялікая літаратура. Бяда Расеі ў тым, што, як казаў Гавэл, яна ня ведае сваіх межаў, ёй увесь час хочацца пашырацца.

Пра тое, аб чым шкадуе ў жыцьці

Калі падумаць, дык асноўнае ў жыцьці ўдалося, асабліва ні пра што не шкадую. Ну, магчыма, крыху шкадую, што не кахалі мяне некаторыя жанчыны так, як бы я жадаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG