Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«...Калі Беларусь стане сапраўды незалежнай». 93-гадоваму вэтэрану вайны ўручылі мэдаль БНР


Фелікс Шкірманкоў з мэдалём БНР

На знак прызнаньня заслугаў у нацыянальным дэмакратычным руху Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла вэтэрана вайны, літаратара і найстарэйшага фронтаўца Фелікса Шкірманкова мэдалём да 100-годзьдзя БНР.

27 траўня, у 93-ю гадавіну нараджэньня, узнагароду ўручылі яму старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў і ягоныя аднапартыйцы Барыс Вырвіч ды Ўладзімер Кудраўцаў.

Мэдаль быў зацьверджаны ў дні сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і «уручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледаваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

Пасьведчаньне да мэдаля БНР
Пасьведчаньне да мэдаля БНР

Мэдалём узнагароджаныя больш за 130 асобаў зь Беларусі і замежжа. Уручэньне ўзнагарод мае адбывацца на працягу 2019 году. Адпаведны дэкрэт падпісала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Фелікс Шкірманкоў: «Веру, што Беларусь стане дэмакратычнай дзяржавай»

Фелікс Шкірманкоў жыве ў райцэнтры Слаўгарад, што на Магілёўшчыне. У ягоным доме і адбылося ўручэньне. Мэдаль заняў месца побач з узнагародамі Другой усясьветнай вайны.

Мэдаль БНР побач з узнагародамі за перамогу над нацызмам
Мэдаль БНР побач з узнагародамі за перамогу над нацызмам

У інтэрвію Свабодзе Фелікс Уладзімеравіч адзначыў, што ўзнагарода Рады БНР для яго дужа важная і ён не чакаў, што ягоныя заслугі перад Беларусьсю будуць «так высока ацэненыя».

«Мэдаль БНФ для мяне — гэта памяць пра далёкія часы, калі лепшыя сыны бацькаўшчыны першымі выйшлі на шлях барацьбы за незалежнасьць Беларусі, і я веру, што недалёкі дзень, калі наша радзіма стане дэмакратычнай і сапраўды незалежнай дзяржавай. Калі тое, што зафіксавана ў Канстытуцыі, будзе выконвацца, а правы грамадзяніна будуць абароненыя», — сказаў ён.

Даводзіць моладзі, што бяз мовы ня можа існаваць нацыя

У 93 гады Фелікс Шкірманкоў стараецца не пакідаць грамадзкай актыўнасьці. Яго запрашаюць на раённыя імпрэзы з нагоды перамогі над нацызмам. На іх ён прамаўляе толькі па-беларуску. Асабліва яму падабаецца выступаць перад моладзьдзю, якой ён даводзіць, што бяз мовы ня можа існаваць нацыя.

«І калі хоць нехта з моладзевай аўдыторыі пойдзе беларускім шляхам, то мой зварот, лічу, не застаўся не пачутым», — кажа ён.

Падлеткам пайшоў у партызаны

Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 году ў Прапойску (цяпер Слаўгарад). Пятнаццацігадовым падлеткам пайшоў у партызаны. Падчас адной з апэрацыяў на чыгунцы быў паранены, летаком яго вывезьлі з партызанскай зоны ў Расею. Па сканчэньні Маскоўскай ваенна-інжынэрнай вучэльні быў накіраваны на 4-ы Ўкраінскі фронт. Перамогу сустрэў у чэскім горадзе Оламаўцы. За вайну атрымаў чатыры раненьні.

Ад 1948 да 1951 году працаваў у органах Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі. Адчуўшы да сябе недавер, звольніўся. Праз шмат год даведаўся, што чэкісцкай кар’еры зрабіць бы ня змог, бо меў роднага дзядзьку, «які падчас нацысцкай акупацыі працаваў дырэктарам школы ў Воршы» і па вызваленьні раёну савецкай арміяй атрымаў 10 гадоў калёніі за «здраду радзіме».

«Ворагі народу» выклікалі сымпатыю

Ад самага юнацтва трымаўся камуністычнай ідэалёгіі. Сьвядома ўступіў у партыю. Пераасэнсоўваць свае погляды пачаў пасьля выступу 25 лютага 1956 году першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова з дакладам «Аб кульце асобы і яго наступствах».

Падчас уручэньня мэдаля Рыгорам Кастусёвым. З кветкамі — Барыс Вырвіч
Падчас уручэньня мэдаля Рыгорам Кастусёвым. З кветкамі — Барыс Вырвіч

Ад 1951 да 1979 году рабіў геолягам на Калыме ў Дзяржаўным трэсьце «Дальстрой». Там часта бачыўся з асуджанымі паводле 58 артыкула «за контрарэвалюцыйную дзейнасьць». Тыя выклікалі ў яго сымпатыю і ўплывалі на фармаваньне сьветапогляду.

Слаўгарадзкі апазыцыянэр

Выйшаўшы на пэнсію ў 1979 годзе, вярнуўся ў родны Слаўгарад. У раёне працаваў у партыйных структурах. Займаўся творчай дзейнасьцю.

Пасьля канфлікту ў 1990 годзе з раённымі партыйнымі функцыянэрамі, якія перашкодзілі яму стаць дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, публічна заявіў, што выходзіць з КПСС. На той час ён ужо быў знаёмы з палітыкам Зянонам Пазьняком і грамадзкім дзеячам Генадзем Грушавым.

Фелікс Шкірманкоў з дачкой Ірынай
Фелікс Шкірманкоў з дачкой Ірынай

Стварыў раённую суполку Беларускага Народнага Фронту, сябрамі якой былі больш за 100 чалавек. Таксама ён быў заснавальнікам раённага камітэту «Дзеці Чарнобыля». Намаганьнямі суполкі дзеці з чарнобыльскіх раёнаў выяжджалі на аздараўленьне за мяжу.

У 1990–1995 гадах старшыняваў у Слаўгарадзкім гарсавеце. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі сышоў з пасады. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году забраў з гарсавету герб «Пагоня», які цяпер вісіць у яго дома.

Піша вершы і чакае буслоў

З жонкай Верай Васільеўнай пражыў больш за 70 гадоў. Разам зь ёю пераносіў цяжкасьці побыту на Калыме. Шкірманковы выгадавалі дваіх дзяцей. Фелікс Уладзімеравіч кажа, што жонка, якая памерла ў 2017 годзе, была для яго сэнсам жыцьця.

Аўтар больш як 20 зборнікаў прозы і вершаў. У 1995 годзе выдаў кнігу з успамінамі ўдзельнікаў беларускай партызанкі. Іх зьбіраў больш за 20 гадоў.

Сядзіба Фелікса Шкірманкова з новай бусьлянкай
Сядзіба Фелікса Шкірманкова з новай бусьлянкай

Цяпер рыхтуе да друку новы зборнік сваіх вершаў. Ён аўтар слоў гімна Слаўгарадзкага раёну. Сёлета на ягоную просьбу родныя змайстравалі на падворку бусьлянку. Налета чакае буслоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG