Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяздомных прыбяруць зь менскіх вуліц да Эўрапейскіх гульняў


 Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 20 чэрвеня па 4 ліпеня ў Менску пройдзе гарадзкая прафіляктычная акцыя «Сацыяльны патруль». Акцыя пачнецца напярэдадні Эўрапейскіх гульняў.

Паводле тэлеграм-каналу NEXTA, бадзяг і алькаголікаў на час правядзеньня гульняў рашэньнямі судоў зьмяшчаюць у лячэбна-працоўныя прафілякторыі і ізалятары часовага ўтрыманьня. Частка бяздомных трапіць у мэдыцынскія ўстановы.

NEXTA апублікаваў копію дакумэнта, які вельмі нагадвае загад камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму. Згодна зь ім, гарадзкі клінічны наркалягічны дыспансэр і 11-я гарадзкая клінічная лякарня прызначаны «для разьмяшчэньня асобаў зь ліку БОМЖ, якія маюць патрэбу ў аказаньні мэдыцынскай дапамогі».

У камітэце аховы здароўя атрымаць камэнтар карэспандэнту Свабоды не ўдалося.

Паводле намесьніцы старшыні камітэту працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Ірыны Дудкі, бадзяжнікаў, якія маюць патрэбу ў лячэньні, будуць зьмяшчаць у мэдыцынскія ўстановы.

Наконт таго, што на рашэньне судоў некаторых зьмяшчаюць у ЛПП і ІЧУ, Ірына Дудка сказала, што «гэта пытаньне не да камітэту». Паводле яе, «Сацыяльны патруль» праводзіцца ня першы год.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У прэс-службе Менгарвыканкаму Свабодзе паведамілі, што «Сацыяльны патруль» праводзіцца «у мэтах сацыяльнай рэабілітацыі асобаў зь ліку БОМЖ». Акцыя накіравана «на выяўленьне асобаў, якія займаюцца бадзяжніцтвам і жабраваньнем у мэтах аказаньня ім сацыяльнай, мэдыцынскай, гуманітарнай дапамогі і далейшай іх сацыялізацыі ў грамадзтва».

Падчас «Сацыяльнага патрулю» будуць праводзіцца рэйды па месцах дыслякацыі асобаў бяз пэўнага месца жыхарства. Бадзяжнікаў будуць зьмяшчаць у «Дом начнога знаходжаньня для асобаў бяз пэўнага месца жыхарства», прадугледжваецца праца пункту выдачы гарачага харчаваньня.

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG