Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Эўрапейскія гульні можна будзе прыехаць бязь візы праз усе памежныя пункты


У Беларусь з квітком на спаборніцтвы можна будзе ўехаць бязь візы празь любы пункт пропуску — аўтамабілем, цягніком ці самалётам.

Пра гэта на Менскім форуме паведаміў намесьнік старшыні фонду «Дырэкцыя ІІ Эўрапейскіх гульняў 2019 году» Анатоль Котаў.

«На час правядзеньня гульняў Беларусь уводзіць бязьвізавы рэжым. У Беларусь можна будзе ўехаць па квітку на мерапрыемства на месяц: 11 дзён спаборніцтваў, 10 дзён перад і 10 дзён пасьля спаборніцтваў. Мы запрашаем усю прэсу бязь нейкіх абмежаваньняў і квотаў. Мы хочам, каб Беларусь па-новаму загучала на міжнародным парадку дня», — сказаў Анатоль Котаў.

У адрозьненьне ад першых Эўрапейскіх гульняў, якія прайшлі ў Азэрбайджане і якія паглядзелі ў 140 краінах сьвету, Беларусь плянуе трансьляваць гульні на 160 краінаў.

«Учора мы падпісалі пагадненьне з каналам Euronews пра інфармацыйнае супрацоўніцтва. Яно ўключае ня толькі асьвятленьне спартовых мерапрыемстваў, але і працяглы, на паўгода, аповед пра краіну, пра горад, пра жыхароў».

Анатоль Котаў назваў Другія Эўрапейскія гульні «беспрэцэдэнтнай падзеяй для Беларусі».

Чакаецца, што ў Менск прыедзе каля 4 тысяч спартоўцаў з усіх краін Эўропы. Спаборніцтвы пройдуць па 15 відах спорту ў 23 дысцыплінах. Бальшыня будзе мець статус кваліфікацыйных спаборніцтваў да Алімпіяды 2020 году ў Токіё. У рамках гульняў Беларусь будзе прымаць адначасова чатыры чэмпіянаты Эўропы.

Анатоль Котаў адзначыў, што спартоўцаў і дысцыплін будзе больш, чым на мінулай зімовай Алімпіядзе ў Карэі.

«Мы будзем сьвяткаваць Купальле, пакажам усяму сьвету нашу гасьціннасьць, пазнаёмім з нашай культурай. Адкрыем сябе — у простым сэнсе гэтага слова, дапаможам паглядзець на Беларусь як паўнапраўнага сябра эўрапейскай сям’і».

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG