Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове два кіраўнікі і два ўрады, індыкі ля Апарату прэзыдэнта. Што адбываецца


Падчас мітынгу 9 чэрвеня на ганак апарату прэзыдэнта закінулі індыкоў
Падчас мітынгу 9 чэрвеня на ганак апарату прэзыдэнта закінулі індыкоў

Канстытуцыйны суд Малдовы 9 чэрвеня ўжо шосты раз часова адхіліў прэзыдэнта Ігара Дадона ад выкананьня абавязкаў, але фактычна ў краіне ўтварылася двоеўладзьдзе.

Што адбываецца, сьцісла:

  • Ігар Дадон адхілены за адмову распусьціць парлямэнт і прызначыць датэрміновыя выбары. Парлямэнт супрацьстаіць яму ўжо даўно. Дадон прытрымліваецца прарасейскіх пазыцыяў, сябруе з Лукашэнкам і кажа, што хоча, каб «Малдова была, як Беларусь».
  • Мінулыя выбары прайшлі 24 лютага, найбольш галасоў атрымала прарасейская Партыя сацыялістаў, якую раней узначальваў Дадон. Але яна не атрымала парлямэнцкай бальшыні.
  • 8 чэрвеня Партыя сацыялістаў і праэўрапейскія лібэралы, блёк ACUM, падпісалі пагадненьне аб супрацы — кааліцыя займела бальшыню ў парлямэнце. На пасаду сьпікера парлямэнту выбралі сацыялістку Зінаіду Грачаную. Кааліцыя прыняла дэклярацыю, у якой апісала Малдову як «захопленую дзяржаву», назвала незаконным урад Дэмакратычнай партыі, а таксама зьмяніла кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў, Цэнтру барацьбы з карупцыяй і Службы інфармацыйнай бясьпекі, выбрала новую прэм’ерку. У парлямэнце нехта адключыў сьвятло і мікрафоны, быў толькі 61 дэпутат са 101.
  • Канстытуцыйны суд назваў гэтыя дзеяньні незаконнымі. Выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта цяпер прызначаны прэм’ер-міністар Павэл Філіп (прэм’ерскае крэсла за ім захавалася). Ён належыць да апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі. Парлямэнт распушчаны, апублікаваная заява супраць «узурпацыі ўлады» прыхільнікамі Дадона, датэрміновыя выбары прызначаныя на 6 верасьня.
  • Шмат якія дзяржаўныя ўстановы Малдовы былі заблякаваныя невядомымі асобамі. Гэтыя людзі выставілі намёты ля парлямэнту, Генэральнай пракуратуры, шэрагу міністэрстваў. Дэмакратычная партыя ладзіць пратэсты на цэнтральнай плошчы Кішынёва. Прыхільнікі дэмакратаў прайшлі да будынка Апарату прэзыдэнта, перакінулі праз агароджу некалькі індыкоў (птушкі выжылі і перададзеныя ў заапарк), разьвесілі плякаты супраць Дадона. «Надзьмутым індыком» Дадона раней называў ягоны былы партнэр Рэната Усатый, які ўцёк у Маскву ад крымінальнага перасьледу.
  • Юрыстка расказала малдаўскай службе Свабоды, што прывяло да двоеўладзьдзя і чаму рашэньне Канстытуцыйнага суду выглядае сумнеўным.
  • Прадстаўнікі Эўразьвязу, ЗША і Расеі заклікалі малдаўскіх палітыкаў шукаць выйсьце з крызісу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG