Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу, каб Малдова была, як Беларусь», — прэзыдэнт Дадон перад сустрэчай з Лукашэнкам


Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон

Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон прыедзе з рабочым візытам у Беларусь 12–14 ліпеня, перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам заплянаваныя на 13 ліпеня ў Віцебску, у дзень адкрыцьця «Славянскага базару».

На перамовах плянуецца абмеркаваць супрацу ў палітыцы, эканоміцы і сацыяльнай сфэры, узаемадзеяньне ў інтэграцыйных аб’яднаньнях. Дадон таксама мае сустрэцца з малдоўскай дыяспарай у Беларусі і беларускімі бізнэсоўцамі.

Напярэдадні сустрэчы з Лукашэнкам Дадон выступіў у перадачы «Актуальнае інтэрвію» на тэлеканале «Беларусь-1». Як і раней, ён хваліў беларускія ўлады і Лукашэнку асабіста. Ніжэй цытаты Дадона зь перадачы паводле БелТА.

Дадон хоча паўнамоцтвы, як у Лукашэнкі, каб «навесьці парадак»

Да 2009 году Малдовай кіравалі камуністы, але ў 2009 годзе яны прайгралі парлямэнцкія выбары кааліцыі праэўрапейскіх партыяў. Але дзеяньні праэўрапейскіх уладаў не задаволілі народ: квітнела карупцыя (у 2014 годзе кудысьці зьнік 1 млрд даляраў дзяржаўных грошай), эканамічная сытуацыя пагаршалася, трывалі масавыя пратэсты. Дадон, лідэр партыі сацыялістаў, прыйшоў да ўлады ў 2016 годзе і ў першую чаргу зьняў з рэзыдэнцыі сьцяг Эўразьвязу.

«Я на ўсіх сустрэчах з выбарнікамі апошнія тры-чатыры гады ўсюды казаў, што хачу, каб Малдова была, як Беларусь. Патрэбен моцны лідэр, патрэбна жорсткая вэртыкаль улады, трэба навесьці парадак у эканоміцы, трэба вярнуць тое, што было добрае пры Савецкім Саюзе. Вы змаглі гэта захаваць, а ў нас усё разбурылі. Трэба сябраваць з усімі».

Менш за бюджэт пражытачнага мінімуму мае кожны пяты селянін Беларусі

«Я лічу, што зь Беларусі мы можам браць прыклад у вельмі многіх кірунках. Першае — гэта будаўніцтва дзяржаўнай палітыкі: прэзыдэнцкая краіна, паўнамоцтвы прэзыдэнта. І тады ўсё запрацуе, ня будзе вось гэтай анархіі — гэта не дэмакратыя, гэта анархія атрымліваецца. У вас гэтага няма, і гэта плюс».

«Вы захавалі ўсё, што было ў Савецкім Саюзе. Вы не разбурылі калгасы, саўгасы. Вы захавалі буйныя гаспадаркі, вы ім дапамагаеце. У вас вельмі сурʼёзная вытворчасьць, і ня толькі ў сельскай гаспадарцы — у вас і сурʼёзная прамысловасьць. Тое, што мы разбурылі, вы захавалі».

Замест Эўразьвязу — ЭАЭС?

Дадон выступае супраць асацыяцыі з Эўразьвязам, прапануе разарваць дамову. Ён перакананы, што будучыня краіны — у Эўразійскім эканамічным зьвязе. У красавіку ён падпісаў мэмарандум аб супрацы з ЭАЭС, які, на што ён сам зьвяртае ўвагу, супярэчыць іншым міжнародным пагадненьням Малдовы. Дадон падаў заяўку, каб Малдова атрымала статус назіральніка ў ЭАЭС. Ён не выключае, што Малдова цалкам далучыцца да ЭАЭС, але дапускае, што гэтае рашэньне давядзецца выносіць на рэфэрэндум.

«За гэтыя 3 гады мы бачым, што, на жаль, вынікаў станоўчых ня дадзена. Карупцыя расьце пры гэтай парлямэнцкай уладзе, інвэстыцыі рэкордна ўпалі за апошнія 20 гадоў. Дзіўна, нам абяцалі, што, калі мы пойдзем у Эўропу, то інвэстыцыі вырастуць. Яны ўпалі, ніколі такога нізкага ўзроўню не было. Мясцовых вытворцаў мы забіваем гэтай палітыкай, таму што мы адкрылі рынкі і сюды хлынулі эўрапейскія тавары, якія субсыдуюцца ў краінах Эўразьвязу».

«Эўразьвяз можа страціць Малдову». Чаму Кішынёў паўтарае беларускі шлях?

«Калі бярэш усе гэтыя моманты, думаеш, для чаго гэта было падпісана? У інтарэсах каго? У Малдовы я пакуль што ня бачу ніякіх вынікаў. Вядома, усё гэта трэба пераглядаць. Я гэта адкрыта і сумленна казаў і ў Брусэлі, калі мы сустракаліся ў лютым з кіраўнікамі Эўрапейскай камісіі, Эўрапейскага зьвязу. Сказаў: „Слухайце, я буду адстойваць нацыянальныя інтарэсы. Калі вы ня будзеце згодныя нешта мяняць у такіх падыходах, то народ Малдовы прыме рашэньне і ўсё гэта адменіць. А як па-іншаму? Мы што, павінны станавіцца калёніяй кагосьці ці інструмэнтам, пешкай у нейкі вашай рэгіянальнай, геапалітычнай гульні?“ Не, мы гэтага не дапусьцім».

Малдова хоча дапамагчы Беларусі ці Дадон хоча дапамагчы Лукашэнку?

Дадон перадаў беларусам, каб яны цанілі беларускую стабільнасьць. Ён разьлічвае на цесную эканамічную супрацу зь Беларусьсю, асабліва ў галіне сельскай гаспадаркі. У Малдове ўжо зьбіраюцца беларускія трактары і тралейбусы. Валавы ўнутраны прадукт Малдовы ў 7 разоў меншы за беларускі пры меншым у 2,6 раза насельніцтве; доля прамысловасьці ў ВУП у Малдовы ўдвая меншая за тую ў Беларусі, а сельскай гаспадаркі — удвая большая; ВУП дзьвюх краінаў расьце і падае практычна сынхронна.

«У нас нармальныя стасункі [зь Беларусьсю], а будуць яшчэ лепшыя. Будзьце ўпэўненыя, што ў Малдове ёсьць сябры, надзейныя партнэры».

«Не хапала яшчэ з Малдовай сапсаваць адносіны» — экспэрт пра беларускую падтрымку прэзыдэнта Дадона

«Малдову трэба разглядаць ня толькі як рынак продажу тавараў, але і як пляцоўку, адкуль можна рухацца далей. Тут, у свабодных эканамічных зонах, можна наладзіць зборку, вытворчасьць, атрымаць нашы сэртыфікаты і на іх падставе рухацца на эўрапейскі, азіяцкі рынкі».

«Спадзяюся, некаторыя прапановы, якія тычацца зборкі, зацікавяць беларускіх партнэраў, і пасьля гэтага мы пяройдзем да больш канкрэтных праектаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG