Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўразьвяз можа страціць Малдову». Чаму Кішынёў паўтарае беларускі шлях?


Ігар Дадон і Ўладзімер Пуцін
Ігар Дадон і Ўладзімер Пуцін

Да 2015 года Малдова лічылася пасьпяховым прыкладам таго, як постсавецкая краіна інтэгруецца з Эўразьвязам. Але карупцыйны скандал з кіроўнай праэўрапейскай партыяй дазволіў прыйсьці да ўлады прарасейскаму палітыку Ігару Дадону. На думку экспэртаў, сам Эўразьвяз вінаваты ў тым, што Малдова цяпер мяняе курс на ўсход.

Дадон прапануе зьменшыць парлямэнт і дадаць сабе паўнамоцтваў

Сытуацыя ў Малдове шмат у чым нагадвае падзеі ў Беларусі 20-гадовай даўніны. Малады і амбітны прэзыдэнт, хоць і ня мае дастаткова паўнамоцтваў, але імкнецца цалкам перабудаваць палітычную сыстэму краіны. Не знайшоўшы падтрымкі ў парлямэнце, ён прапаноўвае рэфармаваць выбарчую сыстэму і правесьці рэфэрэндум, які надаў бы прэзыдэнту больш паўнамоцтваў. А яшчэ ён рэгулярна езьдзіць у Маскву і спрабуе далучыць Малдову да ЭўрАзЭС.

Малдоўскія палітолягі сумняюцца, што энэргічнаму прарасейскаму прэзыдэнту ўдасца зьбіць краіну з заходняга курсу. Для гэтага ён ня мае ні дастатковых правоў, ні падтрымкі дэпутатаў у парлямэнце (Малдова — парлямэнцкая рэспубліка).

«На сёньня парлямэнцкая большасьць даволі хісткая, але тым ня менш яна існуе, — сказаў Свабодзе малдаўскі палітоляг Карнэлью Чура. — Пакуль у спадара Дадона, прарасейскага малдаўскага прэзыдэнта, магчымасьці зьмяніць палітычную сытуацыю няма. Ён можа на яе ўзьдзейнічаць, можа блякаваць прызначэньне дыпляматаў, амбасадараў. Але рэальна ўзяць уладу ў свае рукі ён ня можа. Ён вымушаны чакаць выбараў 2018 году».

Карнэлью Чура
Карнэлью Чура

У канцы сакавіка Ігар Дадон прапанаваў правесьці рэфэрэндум, які б пашырыў ягоныя паўнамоцтвы. Папраўкі дазволілі б прэзыдэнту распускаць парлямэнт і праводзіць датэрміновыя выбары. Разам з тым на магчымы рэфэрэндум Дадон выносіць пытаньні аб тым, каб зьменшыць колькасьць дэпутатаў парлямэнту, не лічыць дзяржаўнай пазыкай скрадзены палітыкамі мільярд даляраў, перайменаваць школьны прадмет «Гісторыя румын» у «Гісторыю Малдовы». «Правядзеньне рэфэрэндуму залежыць ад інстытутаў, якія Дадон не кантралюе: Канстытуцыйны суд і парлямэнт, — тлумачыць Чура. — Прэзыдэнт у нашай краіне па такім пытаньні ня можа праводзіць канстытуцыйны рэфэрэндум: толькі кансультатыўны рэфэрэндум. Нават калі яго правесьці, Канстытуцыя не абавязкова будзе зьмененая».

Эўразьвяз можа страціць Малдову

На прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі 23 сьнежня 2016 году, Ігар Дадон набраў 52% галасоў. І сёньня ягоны рэйтынг застаецца на тым жа ўзроўні.

Як кажа Чура, у Малдове заўжды былі папулярнымі прарасейскія палітыкі. На прэзыдэнцкіх выбарах Дадон атрымаў вялікую падтрымку, бо значная частка грамадзян Малдовы была расчараваная карупцыйным скандалам. Да яго былі непасрэдна датычныя праэўрапейскія палітыкі.

«Эўразьвяз мае пэўныя расчараваньні наконт палітычнага курсу, — кажа Чура. — Фінансавыя махінацыі сапсавалі імідж Малдовы. Цяпер гэтыя саюзныя стасункі аднаўляюцца. Пасьля прыходу да ўлады Дэмакратычнай партыі — праэўрапейскай — Эўразьвяз аднавіў фінансаваньне краіны».

Эўрапейскія інстытуцыі, які фінансавалі рэформы ў Малдове і інтэгравалі краіну ў Эўразьвяз, самі спрычыніліся да развароту краіны ў бок Масквы, лічыць Чура.

«Эўразьвяз у апошнія гады праводзіў неэфэктыўную палітыку ў адносінах да Малдовы. Праз гэта прарасейскія сілы ўмацаваліся, атрымалі гэтую часовую перамогу, сацыялісты выйгралі прэзыдэнцкія выбары», — кажа палітоляг.

Пакуль у краіне захоўваецца перавага праэўрапейскіх сіл. Але апошнія прэзыдэнцкія выбары паказалі, наколькі хісткая гэтая перавага.

«Цяпер вельмі важна, як Эўразьвяз будзе паводзіць сябе ў дачыненьні да Малдовы, — лічыць Чура. — Пакуль Эўразьвяз спрабуе выкарыстоўваць і пугу, і пернік. Але палітыка гэтая, як мне здаецца, неэфэктыўная. І цалкам магчыма, што Эўразьвяз можа страціць Малдову, калі будзе праводзіць тую ж палітыку і надалей, не мяняючы акцэнтаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG